– Палохае мяне твая цвярозасць, пад уплывам якое ты гаворыш як вар’ят. Разумееш мяне, Стасю?..
Вакульскі рагатаў.
– Твая праўда, не прызвычаіўся я піць, і віно дало мне ў галаву. Але я не з’ехаў з глузду. Скажу табе толькі, што ты моцна памыляешся. А зараз выратуй мяне, каб я зусім не ўпіўся, і выпі сам – за поспех у маіх намерах…
Ігнацы наліў кілішак і, моцна паціскаючы руку Вакульскаму, сказаў:
– За поспех у вялікіх намерах…
– Вялікіх для мяне, але насамрэч вельмі сціплых.
– Няхай і так, – згадзіўся Ігнацы. – Я ўжо такі стары, што мне лепей нічога не ведаць. Я ўжо нават такі стары, што прагну толькі аднаго – прыгожае смерці. Дай мне слова, што калі прыйдзе час, ты паведаміш мне…
– Так, калі прыйдзе час, будзеш маім сватам.
– Ужо быў і не пашчасціла... – сказаў Ігнацы.
– З удавою сем гадоў таму?
– Пятнаццаць гадоў таму[53].
– Ізноў за сваё, – засмяяўся Вакульскі. – Такі, як заўсёды!
– І ты такі самы. За поспех у тваіх намерах… Якімі б яны ні былі, ведаю адно, што мусяць быць яны годнымі цябе. А цяпер – маўчу…
Сказаўшы гэта, Ігнацы выпіў віно, а кілішак кінуў аб зямлю. Шкло разбілася са звонам, які пабудзіў Іра.
– Пойдзем у краму, – прапанаваў Ігнацы. – Бываюць размовы, пасля якіх добра паразмаўляць пра справы.
Ён дастаў з шуфлядкі ключ, і яны выйшлі. На ганку дзьмухнула на іх мокрым снегам. Жэцкі адамкнуў дзверы крамы і запаліў некалькі лямпаў.
– Якія тавары! – выгукнуў Вакульскі. – Усё новае, хіба?
– Амаль. Хочаш паглядзець?.. Тут парцаляна. Звяртаю тваю ўвагу…
– Потым… Дай мне кнігу.
– Прыбыткаў?..
– Не, даўжнікоў.
Жэцкі адкрыў шуфляду, дастаў кнігу і падсунуў крэсла. Вакульскі сеў, хутка прабег вачыма спіс і знайшоў адно прозвішча.
– Сто сорак рублёў, – прачытаў ён. – Ну, гэта зусім не шмат.
– Хто ж гэта? – запытаўся Ігнацы. – А… Ленцкі…
– Панна Ленцкая таксама бярэ ў крэдыт… вельмі добра, – працягваў Вакульскі, апускаючы твар да кнігі, нібы там было невыразна напісана. – А… узяла раз партманетку… Тры рублі?.. Гэта, хіба, дорага…
– Зусім не, – запярэчыў Ігнацы. – Партманетка дасканалая, я сам абіраў.
– З якіх жа гэта? – запытаўся абыякава Вакульскі і закрыў кнігу.
– З гэтае вітрыны. Зірні, якія тут цудоўныя рэчы.
– Мусіла, аднак, доўга тут корпацца… Падобна, пераборлівая…
– Зусім не корпалася, нашто ёй корпацца? – адказаў Ігнацы. – Спачатку агледзела гэтую…
– Гэтую?..
– І хацела ўзяць…
– Ах, гэтую... – ціха прамовіў Вакульскі і ўзяў у рукі партманетку.
– Але я параіў ёй іншую, падобную…
– Ведаеш што, але гэта прыгожая рэч.
– Тая, што я абраў, была яшчэ лепшая.
– Мне вельмі гэтая падабаецца. Ведаеш... я яе вазьму, бо мая ўжо нікуды не вартая…
– Пачакай, я табе лепшую знайду, – прапанаваў Жэцкі.
– Не трэба. Пакажы іншыя тавары, можа мне яшчэ што прыдасца.
– Запінкі маеш?.. Гальштук, галёшы, парасон…
– Дай мне парасон, ну… і гальштук. Сам абяры. Буду сёння адзіным пакупніком ды яшчэ заплачу гатоўкаю.
– Вельмі добрая звычка, – пахваліў Жэцкі. Ён хутка выцягнуў з шуфляды гальштук, а з вітрыны дастаў парасон і з усмешкаю падаў Вакульскаму. – Пасля зніжкі, якая належыць гандляру, плаціш сем рублёў. Выдатны парасон… Драбяза…
– Дык вернемся ўжо да цябе, – сказаў Вакульскі.
– І не агледзіш крамы? – запытаўся Ігнацы.
– А што мяне гэта абы…
– Не абыходзіць цябе твая ўласная крама, такая прыгожая крама? – здзівіўся Ігнацы.
– Чаму не. Як ты можаш так думаць… Але я трохі стаміўся.
– Слушна, – адказаў Жэцкі. – Што праўда, то праўда. Дык пойдзем.
Ён закруціў лямпы і, прапусціўшы Вакульскага наперад, замкнуў краму. На ганку зноў спаткаў іх мокры снег і Павел, які нёс абед.
V. ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЯ ПАНА І МАРЫ ВЕЛІКАСВЕЦКАЕ ПАНЕНКІ
Пан Тамаш Ленцкі з адзінаю дачкою Ізабэлай і кузінаю паннай Фларэнтынай не жыў ва ўласнай камяніцы, а здымаў кватэру з васьмі пакояў паблізу алеі Уяздоўскае[54]. Быў там салон на тры акны, яго асабісты кабінет, кабінет дачкі, спальня для яго, спальня для дачкі, пакой сталовы, пакой для панны Фларэнтыны і гардэробная, не ўлічваючы кухні і пакояў для прыслугі, якая складалася са старога камердынера Мікалая, яго жонкі, што была за кухарку, і пакаёўкі Анусі.
Памяшканне было вельмі добрае – сухое, цёплае, прасторнае, светлае, з мармуровымі сходамі, газам, электрычнымі званкамі і водаправодам. Кожны пакой, паводле неабходнасці, або спалучаўся з іншымі, або ствараў замкнёную прастору. Урэшце, была дастатковая колькасць мэблі – ані мала, ані многа, і ўся яна радавала вока выгодаю і прастатою, а не кідкімі аздобамі. Буфет абуджаў у таго, хто яго бачыў, пачуцце ўпэўненасці, што срэбра з яго не знікне, ложак выклікаў думкі пра бяспечны адпачынак для тых, хто яго заслужыў, на стол можна было шмат чаго паставіць, на крэсла сесці без боязі, што яно зломіцца, у фатэлі – марыць.
53
54