Выбрать главу

Кожны, хто сюды ўваходзіў, мог свабодна рухацца, можна было не баяцца зачапіць нешта або нешта пашкодзіць. Чакаць гаспадара не было нудна, бо вакол былі рэчы, вартыя, каб на іх глядзелі. Разам з тым, выгляд гэтых рэчаў, зробленых не ўчора і здольных служыць некалькім пакаленням, настройваў на нейкі ўрачысты лад.

У гэты паважны фон добра ўпісваліся жыхары.

Пану Тамашу Ленцкаму было за шэсцьдзясят, ён быў прысадзісты, паўнакроўны. Насіў невялікія сівыя вусы, а валасы такога самага колеру зачэсваў уверх. Ён меў шэрыя разумныя вочы, роўную паставу і энергічную хаду. На вуліцы яму саступалі дарогу, а простыя людзі казалі: вось, мусіць, пан з паноў.

Сапраўды, пан Ленцкі налічваў у сваім родзе цэлыя шэрагі сенатараў. Яго бацька меў яшчэ мільёны, і сам ён у маладосці – тысячы. Пазней, аднак, частку маёнтка паглынулі палітычныя падзеі[55], рэшту – падарожжа па Еўропе і велікасвецкае жыццё. Бо пана Тамаша да 1870 года прымалі ў французскім двары, а пазней – у венскім ды італьянскім. Віктар Эмануіл[56], зачараваны прыгажосцю ягонай дачкі, рабіў яму гонар сваім сяброўствам і нават хацеў надаць яму тытул графа. Дык нічога дзіўнага, што пасля смерці вялікага караля пан Тамаш два месяцы насіў на капелюшы жалобную стужку.

Апошнія некалькі гадоў пан Тамаш не выязджаў з Варшавы, бо грошай было ўжо занадта мала, каб ззяць пры дварах. Затое ягоны дом стаў цэнтрам прыцягнення для ўсяго вышэйшага свету, і гэтак было да моманту, пакуль не разышлася пагалоска, што пан Тамаш пражыў не толькі ўвесь свой маёнтак, але і пасаг панны Ізабэлы.

Першымі адкаснуліся кандыдаты ў жаніхі, за імі – дамы, у якіх былі брыдкія дочкі, а з рэштаю пан Тамаш разарваў стасункі сам і абмежаваўся выключна сваяцкімі сувязямі. Але, калі ён заўважыў, што і тут пачалі ставіцца да яго з прахалодаю, дык зусім адмовіўся ад таварыства, і нават, чым выклікаў абурэнне шмат каго з шаноўных асоб, як уласнік дома ў Варшаве запісаўся да Купецкае рэсурсы[57]. Хацелі яго там выбраць за старшыню, але ён не згадзіўся.

А ягоная дачка па-ранейшаму наведвала пачцівую графіню – удаву графа Караля – і некалькіх яе сябровак, што зноў спарадзіла пагалоску, быццам пан Тамаш яшчэ мае грошы, а разарваў ён сувязі з таварыствам часткова з-за свайго дзівацтва, а часткова, каб спраўдзіць сяброў і выбраць мужа для дачкі, які кахаў бы яе не за пасаг.

Дык ізноў вакол панны Ленцкае пачаў збірацца тлум кавалераў, а на століку ў яе салоне – стосы візітак. Гасцей, аднак, не прымалі, што, зрэшты, не выклікала сярод іх моцнага абурэння, бо разышлася трэцяя па чарзе пагалоска, нібыта камяніца Ленцкага выстаўленая на аўкцыён.

Гэтым разам у велікасвецкім таварыстве ўзнікла замяшанне. Адны сцвярджалі, што пан Тамаш – скончаны банкрут, іншыя гатовыя былі прысягнуць, што ён прыхаваў частку грошай, каб забяспечыць шчасце адзінай дачцэ. Кандыдаты ў жаніхі ды іхнія бацькі апынуліся ў пакутлівай няпэўнасці. Дык, каб нічым не рызыкаваць, але нічога і не страціць, яны ўшаноўвалі панну Ізабэлу без залішняга заангажавання і паціху пакідалі свае візіткі, молячы Бога, каб іх выпадкам не запрасілі, пакуль сітуацыя не высветліцца.

Візітаў у адказ пан Тамаш, безумоўна, не рабіў. Апраўдвалася гэта ягонай эксцэнтрычнасцю і смуткам па Віктару Эмануілу.

Удзень пан Тамаш шпацыраваў па Алеях, а вечарамі гуляў у віст у рэсурсе. Фізіяномія яго заўсёды была такая спакойная, а пастава гэткая ганарыстая, што кавалеры ягонай дачкі зусім ужо не ведалі, што і думаць. Разважныя – чакалі, але больш смелыя зноў пачалі адорваць яе пяшчотнымі позіркамі, ціха ўздыхаць або з трымценнем паціскаць ёй руку, на што панна адказвала з ледзяной, а часам і з пагардлівай абыякавасцю.

Панна Ізабэла была незвычайна прыгожаю кабетаю. Усё ў ёй было арыгінальна і дасканала. Рост – вышэй за сярэдні, вельмі зграбныя формы, пышныя светлыя валасы з попельным адценнем, носік прамы, вабныя вусны, зубы, як перлы, рукі і ногі ўзорнае прыгажосці. Асабліва ўражвалі яе вочы, часам цёмныя і летуценныя, часам з вясёлымі іскрынкамі, а часам блакітныя і халодныя, як лёд.

Дзівоснаю была яе міміка. Калі яна гаварыла, дык гаварылі яе вусны, бровы, ноздры, рукі, уся яе пастава, а больш за ўсё яе вочы, праз якія, здавалася, яна хоча пераліць сваю душу ў слухача. А калі сама слухала, здавалася, што яна хоча выпіць душу з апавядальніка. Яе вочы ўмелі галубіць, песціць, плакаць без слёз, маглі спапяляць і працінаць холадам. Часам здавалася, што яна, зачараваная, ужо абаўе некага рукамі і пакладзе яму галаву на плячо, але калі шчаслівец раставаў ад асалоды, яна раптам выконвала нейкі рух, які папярэджваў: схапіць яе немагчыма, бо яна або ўцячэ, або адапхне кавалера, або загадае лёкаю выставіць яго за дзверы…