Цікаваю з’яваю была душа панны Ізабэлы.
Каб у яе нехта шчыра запытаўся: што такое гэты свет і што такое яна сама? – дык яна несумненна адказала б, што свет – гэта зачараваны сад, поўны дзівосных замкаў, а яна сама – багіня або німфа, вымушаная жыць у цялеснай форме.
Панна Ізабэла з калыскі жыла ў свеце прыгожым, і не толькі звышчалавечым, але – звышнатуральным. Спала яна на пуховых пярынах, апраналася ў ядваб ды гафт, сядзела на мяккай разной мэблі з эбену або палісандру, піла з крышталю, ела са срэбра і парцаляны, каштоўнай, як золата.
Для яе не існавалі часіны году, толькі вечная вясна, поўная лагоднага святла, жывых кветак і водару. Не існавалі гадзіны дня, бо бывала так, што яна па некалькі месяцаў клалася спаць а восьмай раніцы, а абедала а другой ночы. Не існавалі геаграфічныя асаблівасці, бо ў Парыжы, Вене, Рыме, Берліне ці Лондане знаходзіліся тыя самыя людзі, былі тыя самыя звычаі, такая самая мэбля і нават тыя самыя стравы: суп з водарасцяў Ціхага акіяну, вустрыцы з Паўночнага мора, рыба з Атлантыкі або з Міжземнага мора, дзічына з розных краін, садавіна з усіх частак свету. Для яе не існавала нават сілы цяжару, бо крэсла ёй падсоўвалі, посуд падавалі, саму яе па вуліцы вазілі, на сходах падтрымлівалі, уверх узносілі.
Вуаль хавала яе ад ветру, карэта – ад дажджу, сабалінае футра – ад холаду, парасон і пальчаткі – ад сонца. І так жыла яна дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам, не толькі над людзьмі, а нават над законамі прыроды. Два разы трапляла яна ў страшную буру, раз – у Альпах, другі – на Міжземным моры. Дранцвелі ад жаху самыя адважныя, але панна Ізабэла са смехам прыслухоўвалася да грукату скал, што крышыліся на друз, да таго, як трэсла іх карабель, нават не дапускаючы думкі пра небяспеку. Прырода проста наладзіла ёй прыгожае відовішча з перуноў, камянёў і марское бездані, як раней паказала месяц над Жэнеўскім возерам або сонца, што выбліснула з-за хмар над Рэйнскім вадаспадам. Тое ж самае, зрэшты, робяць механікі ў тэатрах, і нават нервовых дам гэтага не палохае.
Гэты свет вечнае вясны, дзе шамацеў ядваб, раслі толькі дрэвы, ўпрыгожаныя разьбою, а гліна была па-мастацку распісаная, гэты свет меў сваё адмысловае насельніцтва. Паўнавартаснымі ягонымі жыхарамі былі прынцэсы і прынцы, графіні і графы, вельмі радавітая і багатая шляхта абодвух палоў. Былі там яшчэ замужнія кабеты і жанатыя мужчыны ў ролях гаспадынь і гаспадароў дамоў, матроны, якія сачылі за дасканаласцю манер і захаваннем традыцый, старыя паны, якія займалі лепшыя месцы за сталом, сваталі і дабраслаўлялі моладзь ды гулялі ў карты. Былі таксама біскупы, заступнікі Бога на зямлі, высокія чыноўнікі, прысутнасць якіх ахоўвала свет ад грамадскіх непарадкаў і землятрусаў, і, нарэшце, дзеці, малыя херувімы, пасланыя з неба для таго, каб дарослыя маглі ладзіць кіндэрбалі.
Сярод сталага насельніцтва зачараванага свету з’яўляўся часам звычайны смяротны, які на крылах славы здолеў узбіцца ажно на вяршыню Алімпу. Звычайна быў гэта які-небудзь інжынер, які злучаў акіяны або свідраваў ці нават будаваў Альпы. Быў нейкі капітан, які ў вайне з дзікунамі страціў сваю каманду, а сам, увесь паранены, ацалеў дзякуючы каханню мурынскае прынцэсы. Быў падарожнік, які быццам бы адкрыў нейкую новую частку свету, карабель якога разбіўся каля бязлюднае выспы, і сам ён ці не пакаштаваў чалавечыны?
Бывалі там, нарэшце, славутыя мастакі і, галоўнае, натхнёныя паэты, якія пісалі ў альбомы князёўнам прыгожыя вершы, якім дазвалялася безнадзейна закахацца і ўвекавечыць вабноты сваіх жорсткіх багінь спачатку ў газетах, а потым у асобных томіках, надрукаваных на веленевай паперы.
Усё гэтае насельніцтва, сярод якога асцярожна рухаліся лёкаі ў ліўрэях, абшытых галунамі, кампаньёнкі, убогія кузінкі і кузіны, што прагнулі лепшых пасадаў, – усё гэтае насельніцтва святкавала вечнае свята.
У поўдзень пачынаўся абмен візітамі альбо наведванне крамаў. Бліжэй да вечара надыходзіў час для таго, каб бавіцца: перад абедам, падчас абеду і пасля абеду. Потым пара ўжо было ехаць на канцэрт або ў тэатр, каб там убачыць іншы штучны свет, дзе героі рэдка калі елі і працавалі, затое няспынна размаўлялі паміж сабою, дзе здрадлівасць кабет была прычынаю вялікіх катастроф і дзе каханак, забіты мужам у пятым акце, на другі дзень уваскрасае з мёртвых у першым акце, каб рабіць тыя самыя памылкі і размаўляць сам з сабою так, што асобы побач з ім яго не чуюць. Пасля тэатра зноў усе збіраліся ў салонах, дзе слугі разносілі халодныя і гарачыя напоі, нанятыя артысты спявалі, маладзіцы слухалі апавяданні зраненага капітана пра мурынскую прынцэсу, панны гутарылі з паэтамі пра роднасць душ, старэйшыя паны выкладалі інжынерам свае погляды на інжынерную справу, а дамы сярэдняга веку намёкамі і позіркамі змагаліся за падарожніка, які еў чалавечыну. Потым пачыналася вячэра; тады раты елі, страўнікі ператраўлялі, а чаравікі размаўлялі пра пачуццёвасць ледзяных сэрцаў і пра летуценнасць цвярозых галоў. А потым – раз’язджаліся, каб у сне сапраўдным набрацца сілы для сну жыцця.