Па-за гэтым чарадзейным светам быў яшчэ іншы свет – звычайны.
Пра яго існаванне ведала панна Ізабэла і нават любіла аглядаць яго з акна карэты, вагона або ўласнага пакоя. У такой рамцы і з такое адлегласці ён падаваўся маляўнічым і нават сімпатычным. Бачыла яна сялян, якія павольна аралі зямлю, вялікія вазы, якія цягнулі заезджаныя коні, хлопцаў, якія разносілі садавіну і гародніну, старога, які тоўк каменне на шашы, пасланцаў, што спяшаліся некуды, прыгожых і надакучлівых гандлярак кветкамі, сям’ю – з бацькі, таўстухі маці і чацвярых дзяцей, якія парамі трымаліся за рукі, фарсуна з ніжэйшае сферы, які ехаў, смешна разваліўшыся на брычцы, часам – пахаванне. І яна казала сабе, што той свет, хоць і ніжэйшы, – прыгожы. Ён нават больш прыгожы, чым на лубачных малюнках, бо рухаецца і змяняецца штохвілінна.
І яшчэ ведала панна Ізабэла, як у аранжарэях – кветкі, а на вінаградніках – вінаград, гэтак і ў тым, ніжэйшым свеце, растуць патрэбныя ёй рэчы. Адтуль паходзіць яе верны Мікалай і Ануся, там робяць мяккія фатэлі, парцаляну, крышталь і фіранкі, там нараджаюцца палацёры, абіўшчыкі, садоўнікі і паненкі, якія шыюць сукенкі. Аднойчы яна загадала, каб яе завялі ў кравецкую майстэрню пры краме, і ёй здалося вельмі цікавым тое, што яна там убачыла: дзясяткі майстрых кроілі, фастрыгавалі і ўкладалі на манекенах фалды ўбораў. Яна была ўпэўненая, што гэта спраўляе ім вялікую прыемнасць, бо тыя паненкі, якія здымалі з яе мерку альбо прымяралі сукенку, былі заўсёды такія ўсмешлівыя і надта стараліся, каб строй добра ёй пасаваў.
І яшчэ ведала панна Ізабэла, што на тым – звычайным – свеце трапляюцца людзі няшчасныя. Дык кожнаму жабраку, які б яе ні напаткаў, яна загадвала даваць па некалькі злотых, а спаткаўшы аднойчы знясіленую маці з белым, як воск, дзіцём пры грудзях, яна аддала ёй сваю бранзалетку. І брудных дзяцей, якія прасілі міласціну, яна адорвала цукеркамі і цалавала з пабожным пачуццем. Здавалася ёй, што ў кім-небудзь з тых бедачын, а можа і ў кожным з іх, прытаіўся Хрыстос, які стаў ёй на дарозе, каб даць магчымасць здзейсніць добры ўчынак.
Наогул, да людзей з ніжэйшага свету яна мела зычлівае сэрца. Ёй прыгадваліся словы Святога Пісання: “У поце чала свайго працаваць будзеш”. Відавочна, яны моцна зграшылі, калі іх пакаралі працаю, але ж такія, як яна, анёлы не маглі не спачуваць іх лёсу. Такія, як яна, для якой найбольшаю працаю было націснуць на электрычны званок або аддаць загад.
Раз толькі ніжэйшы свет зрабіў на яе магутнае ўражанне.
Аднойчы, гэта было ў Францыі, яна наведвала металургічны завод. З’язджаючы з гары, дзе пад ясным сінім небам заставаліся лясы і лугавіны, яна ўбачыла ўнізе прорву, з якое падымаліся хмары чорнага дыму і клубы пары, і адкуль чуўся глухі грукат, скрыгатанне і сапенне машын. Потым яна ўбачыла печы, падобныя да вежаў сярэднявечных замкаў, якія дыхалі полымем, магутныя колы, што круціліся з хуткасцю бліскавіц, аграмадныя рыштаванні, якія самі рухаліся па рэйках, струмені распаленага дабяла жалеза і напаўголых работнікаў, падобных да бронзавых статуй з панурымі позіркамі. Над усім гэтым – крывавае зарыва, гул колаў, енкі мяхоў, грукат молатаў і нецярплівыя ўздыхі катлоў. А пад нагамі быццам ад страху дрыжэла зямля.
Тады ёй падалося, што з вышыняў шчаслівага Алімпа яна сышла ў безнадзейную прорву Вулкана, дзе цыклопы куюць перуны, якія могуць зруйнаваць сам Алімп. Ёй успомніліся легенды пра бунтоўных волатаў, пра канец гэтага прыгожага свету, у якім яна жыла, і першы раз яе, багіню, перад якой схілялі галовы маршалкі і сенатары, ахапіла трывога.
– Гэта страшныя людзі, тата, – ціха сказала яна бацьку.