– У гандлі вінамі і далікатэсамі?
– Так. І як цяпер Юзік, гэтак ён тады падаваў мне піва, нэльсанскія зразы…
– І з гэтае галіны пераскочыў у галантарэю? – перабіў агент.
– Пачакай, пан, – спыніў яго радца. – Пераскочыў, але не ў галантарэю, а ў Падрыхтоўчую школу, а потым у Галоўную школу[9], разумее пан?.. У вучоныя яму заманулася!..
Агент пакруціў галавою, паказваючы, як ён здзіўлены.
– Вось дык нумар! – сказаў ён. – Што гэта яму стрэліла?
– Дзіва што! Звязаўся з Медыцынскаю акадэміяй[10], з Мастацкаю школаю[11]… Тады ўсе загарэліся, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Удзень абслугоўваў гасцей у буфеце і займаўся рахункамі, а ўночы вучыўся…
– Паганае, відаць, было тое абслугоўванне.
– Такое, як ва ўсіх, – адказаў радца і незадаволена махнуў рукою. – Адно што, не быў ён, шэльма, дагодлівы, ад самага нявіннага слоўца касавурыўся, як бандыт той… Вядома, кпілі мы з яго колькі ўлезе, а ён найбольш злаваўся, калі называлі яго “панам кансільяжам”[12]. Аднаго разу так вызверыўся на госця, што ледзь да бойкі не дайшло.
– Гандаль, вядома, траціў на гэтым.
– Нічога не траціў! Бо калі па Варшаве разышлася чутка, што кельнер Гопфера хоча паступіць у Падрыхтоўчую школу, дык натоўпы пайшлі туды снедаць. Асабліва студэнты. Аж раілася ад іх.
– Дык пайшоў ён у Падрыхтоўчую школу?
– Пайшоў. І нават здаў экзамен у Галоўную школу. Ну, але… што тут, пан, скажаш, – радца пляснуў агента па калене, – замест таго, каб датрываць навуку да канца, менш чым праз год кінуў ён школу…
– Што ж ён рабіў?
– Вось! Што рабіў… Варыў разам з іншымі тое піва, якое мы да сённяшняга дня ніяк не пракаўтнем, і сам урэшце апынуўся дзесьці ля Іркуцку[13].
– Бач ты яго! – уздыхнуў гандлёвы агент.
– Гэта яшчэ не ўсё… У 1870 годзе, маючы трохі грошай, вярнуўся ён у Варшаву. Паўгода шукаў сабе занятак, далёка абмінаючы бакалею, якую па сённяшні дзень на дух не выносіць, аж нарэшце з дапамогаю свайго цяперашняга намесніка Жэцкага ўплішчыўся ён у краму да Мінцлёвай, якая акурат аўдавела тады, а праз год і ажаніўся з бабаю нашмат за сябе старэйшаю.
– Гэта было разумна, – заўважыў агент.
– Пэўна. Адным махам і сам уладкаваўся, і варштат займеў, на якім да скону дзён мог спакойна працаваць. Але ж і пакутаў крыжовых нацярпеўся ён з бабаю!
– Яны гэта ўмеюць…
– Яшчэ як! – правіў далей радца. – Але ж, бач, пан, як часам шанцуе! Паўтары гады таму баба нечым абжэрлася і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовае катаргі зрабіўся вольны, як птах, маючы багатую краму і трыццаць тысяч рублікаў гатоўкі, на якія папрацавала два пакаленні Мінцляў.
– Шанцуе.
– Шанцавала, – удакладніў радца, – трэба было берагчы сваё шчасце. Іншы б на яго месцы ажаніўся з якою сумленнаю паненкаю ды жыў бы сабе багатыром, бо што тут, пане, казаць, крама з такою рэпутацыяй ды ў такім месцы!.. А гэты вар’ят усё кінуў-рынуў і паехаў зарабляць капіталы на вайне. Мільёнаў яму захацелася ці яшчэ якой трасцы.
– Мо і заробіць, – азваўся агент.
– Хаця б! – абурыўся радца. – Давай, Юзік, піва. Думаеш, пан, што ён у Турцыі знойдзе яшчэ багацейшую бабу, чым нябожчыца Мінцлёва?.. Юзік!..
– Служу маланкаю!.. Едзе восьмая…
– Восьмая? – перапытаў радца. Не можа быць. Зараз… Да гэтага была шостая, потым сёмая... – мармытаў ён прыкрываючыся рукою. – Можа, і восьмая. Як час ляціць!..
Нягледзячы на змрочныя прароцтвы людзей, што цвяроза глядзяць на жыццё, галантарэйная крама “Я. Мінцаль і С. Вакульскі” не толькі не збанкрутавала, але нават цешылася прыбыткамі. Чуткі пра банкруцтва толькі падагравалі цікаўнасць публікі, дык у краму хадзілі ахвотна, а пасля таго, як Вакульскі выехаў з Варшавы, па тавары пачалі звяртацца і расійскія купцы. Колькасць замоваў павялічвалася, быў замежны крэдыт, па вэксалях плацілася рэгулярна, і ў краме было поўна пакупнікоў, якім ледзьве маглі дагадзіць трое крамнікаў: адзін з іх быў дробны бландзін, падобны на гатовага сканаць сухотніка, другі – шатэн з бародкаю філосафа і рухамі прынца, і трэці – фарсун, які насіў забойчыя для прыгожага полу вусікі і ад якога разыходзіліся пахі, як ад хімічнае лабараторыі.
Аднак ні агульная цікаўнасць, ні фізічныя і духоўныя вартасці ўсіх трох крамнікаў, ні нават рэпутацыя саліднае крамы не здолелі б яе ўратаваць ад банкруцтва, каб не быў там загадчыкам працаўнік гэтае фірмы з саракагадовым стажам, прыяцель і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.
10
11
12
13