Як толькі Вакульскі яе ўбачыў, яго ахапіла надзіва сентыментальнае пачуццё радасці. Ён падбег і горача пацалаваў ёй у руку.
– Я не павінна была нават размаўляць з панам!.. – сказала пані Вансоўская, вырываючы ў яго руку.
– У такім разе навошта пані мяне паклікала? – здзівіўся ён.
Яго нібы аблілі халоднаю вадою.
– Прашу пана сядаць.
Вакульскі сеў і маўчаў. Пані Вансоўская працягвала хадзіць па салоне.
– Зрабіў пан уражанне на ўсіх, нічога не скажаш!.. – пачала яна праз хвіліну ўзрушаным голасам. – З-за пана пра свецкую асобу пляткараць, яе бацька захварэў, усёй сям’і прыкра… Пан на некалькі месяцаў зачыняецца дома, падводзіць сотні людзей, якія яму бязмежна давяралі, а потым пачцівы князь называе ўсе панскія дзівацтвы “вынікам паводзін кабет…” Віншую пана… Каб яшчэ нейкі студэнт так сябе паводзіў…
Раптам яна змоўкла… У Вакульскага страшэнна змяніўся твар.
– Ах, што ж гэта робіцца? Пан, хіба, не самлее тут?.. – пыталася яна спалохана. – Дам пану вады або віна…
– Дзякую пані, – адказаў ён. Яго твар вельмі хутка набыў натуральны колер і спакойны выраз. – Бачыць пані, сапраўды, я нездаровы.
Пані Вансоўская пачала пільна ўзірацца ў яго.
– Так, – казала яна, – крыху пан зблажэў, але з гэтаю бародкаю пану вельмі някепска. Не павінен пан яе галіць… Выглядае пан цікава…
Вакульскі чырванеў, як дзіця. Ён слухаў пані Вансоўскую і дзівіўся, адчуваючы, які ён нясмелы перад ёю, амаль засаромлены.
“Што са мною?” – падумаў ён.
– Як бы там ні было, а павінен пан зараз жа ехаць у вёску, – працягвала яна. – Ці чуў хто, каб сядзець у горадзе на пачатку жніўня?.. О, баста, мой пане!.. Паслязаўтра забіраю пана да сябе, бо іначай цень нябожчыцы старшынёвай не дала б мне спакою… А з сённяшняга дня будзе пан прыходзіць на абеды і вячэры. Пасля абеду едзем на прагулку, а паслязаўтра… бывай, Варшава!.. Досыць…
Вакульскі быў гэткі прыгаломшаны, што не мог нічога адказаць. Ён не ведаў, куды падзець рукі, і адчуваў, як гарыць у яго твар.
Яна пазваніла. Увайшоў лёкай.
– Прашу падаць віна, – сказала пані Вансоўская. – Ведаеш, таго венгерскага… Пан можа курыць.
Вакульскі адразу ж закурыў папяросу, молячыся ў душы, каб удалося апанаваць дрыжанне рук. Лёкай прынёс віно і два кілішкі. Пані Вансоўская наліла ў абодва.
– Пі, пане, – сказала яна.
Вакульскі выпіў да дна.
– О, гэта мне падабаецца!.. Здароўе пана! – сказала яна і таксама выпіла. – А цяпер пан мусіць выпіць за маё…
Вакульскі выпіў другі кілішак.
– А цяпер вып’е пан за тое, каб спраўдзіліся мае намеры… Калі ласка… калі ласка… толькі адразу…
– Прашу прабачэння, пані, – адказаў ён, – але я не хачу ўпіцца.
– Дык пан не жадае, каб здзейсніліся мае намеры?
– Чаму не. Але спачатку я мушу іх ведаць.
– Насамрэч?.. – выгукнула пані Вансоўская. – А гэта нешта новае… Добра, няхай пан не п’е.
Яна пачала глядзець у вакно, пастукваючы нагою па падлозе.
Вакульскі задумаўся. Маўчанне працягвалася некалькі хвілін, нарэшце, перапыніла яго пані.
– Чуў пан, што зрабіў барон?.. Як гэта пану падабаецца?..
– Добра зрабіў, – адказаў Вакульскі ўжо зусім спакойным тонам.
Пані Вансоўская ўскочыла з фатэля.
– Што?! – закрычала яна. – Пан бароніць чалавека, які зганьбаваў кабету?.. Грубіян, эгаіст, які дзеля помсты не пагрэбаваў самымі нізкімі сродкамі…
– Што ж ён зрабіў?
– А, дык пан нічога не ведае… Няхай пан уявіць сабе, ён пажадаў разводу з жонкаю і, каб зрабіць скандал яшчэ больш гучным, страляўся са Старскім…
– Сапраўды, – азваўся Вакульскі пасля паўзы. – Ён жа, нічога не кажучы, мог стрэліць сабе ў лоб, але спачатку адпісаць жонцы ўсю маёмасць.
Пані Вансоўская выбухнула гневам.
– Несумненна, – сказала яна, – гэтак і зрабіў бы кожны мужчына, у якога заставалася б кропля шляхетнасці ды гонару… Лепш сябе забіць, чым цягнуць пад ганебны слуп бедную кабету, слабую істоту, якой гэтак лёгка помсціць, маючы грошы, высокае становішча і ўхваленне публікі!.. Але ад пана я гэтага не чакала… Ха-ха-ха!.. І гэта той новы чалавек, той герой, які пакутуе без нараканняў… О, усе вы аднолькавыя…
– Перапрашаю, але… якія, уласна, у пані прэтэнзіі да барона?
З вачэй пані Вансоўскае паляцелі маланкі.
– Кахаў барон Эвеліну ці не?.. – спытала яна.
– Вар’яцеў ад яе!
– Вось і няпраўда, ён удаваў, што кахае, маніў, што абагаўляе… Але пры першым зручным выпадку даказаў, што нават не ставіўся да яе як да роўнага сабе чалавека, а як да нявольніцы, якую за хвіліну слабасці можна пакараць – накінуць вяроўку на шыю, зацягнуць на рынак, зняславіць… О, вы – гаспадары свету, падманшчыкі!.. Пакуль вас засляпляе жывёльны інстынкт, вы поўзаеце ў нагах, гатовыя прыніжацца, гатовыя ілгаць: “Ты найдаражэйшая… ты богападобная… за цябе я аддаў бы жыццё”… А калі бедная ахвяра паверыць вашым падступным клятвам, вы пачынаеце ўжо нудзіцца, а калі ў ёй азавецца чалавечая, слабая натура, дык затопчаце яе нагамі… Ах, як гэта абуральна, як гэта нізка… Ці адкажа мне пан нарэшце што-небудзь?..