– Пэўна, столькі, колькі надаралася зручных момантаў і ахвоты, – адказаў Вакульскі. – Але барон не прыкідваўся нявінным, не лічыўся ўзорам маральнае чысціні і не прэтэндаваў на агульную пашану за гэта… Каб барон скарыў нечае сэрца, сцвярджаючы, што ён ніколі не меў каханак, у той час, як меў іх, дык ён быў бы гэткім жа ашуканцам. Праўда, гэта было няважна, цікавасць да яго выклікала нешта іншае.
Пані Вансоўская ўсміхнулася.
– Пан проста цудоўны!.. Якая ж кабета сцвярджае ці пераконвае вас, што не мела каханкаў?..
– Ах, дык і пані іх мела?..
– Мой пане!.. – выбухнула ўдоўка і ўскочыла.
Але ў той жа міг схамянулася і холадна прамовіла:
– Хацелася б крыху большае ветлівасці з боку пана ў выбары аргументаў.
– Навошта?.. Правы ў нас роўныя, а я зусім не абражуся, калі пані спытае мяне пра колькасць маіх каханак.
– Мне гэта не цікава.
Яна пачала хадзіць па салоне. Вакульскі пачаў было злавацца, але авалодаў сабою.
– Так, прызнаюся пану, – загаварыла яна, – я не свабодная ад прымхлівасці. Ну, але я ўсяго толькі кабета, маю лягчэйшы мозг, як сцвярджаюць вашы антраполагі, зрэшты, мяне няволяць свецкія сувязі, кепскія звычкі і Бог ведае што яшчэ!.. Аднак, каб я была разумным мужчынам, як пан, і верыла ў прагрэс, як пан, я змагла б атрэсціся ад гэтага пылу. Дастаткова было б прызнаць, што раней ці пазней кабеты павінны зрабіцца раўнапраўнымі з мужчынамі.
– Нібы ў тым, што тычыцца памянёных пункцікаў?..
– Нібы… нібы… – перадражніла яна яго. – Якраз і кажу пра тыя пункцікі…
– О!.. Дык нашто доўга чакаць сумнеўных вынікаў прагрэсу? Ужо і сёння вельмі шмат ёсць кабет, раўнапраўных у гэтым сэнсе. Яны нават ствараюць магутную партыю, называючыся какоткамі… Але дзіўная рэч, карыстаючыся прыхільнасцю мужчын, гэтыя пані не цешацца зычлівасцю кабет…
– З панам немагчыма размаўляць, пане Вакульскі, – не стрывала ўдоўка.
– Немагчыма размаўляць са мною пра раўнапраўе кабет?
У пані Вансоўскае заблішчалі вочы і кроў ударыла ў твар. Яна раптам села ў фатэль, пляснула рукою па стале і выбухнула:
– Добра!.. Не пабаюся панскага цынізму і буду гаварыць нават пра какотак… Няхай жа пан ведае, што трэба мець вельмі нізкую душу, каб параўноўваць тых дам, якія прадаюцца за грошы, з кабетамі пачцівымі і шляхетнымі, якія аддаюцца кахаючы…
– Кожны раз выглядаючы нявінніцамі…
– Нават і так.
– І па чарзе падманваючы тых прасцячкоў, якія ў гэта вераць.
– А якая ім ад гэтага шкода?.. – спытала яна, задзірліва пазіраючы яму ў вочы.
Вакульскі сціснуў зубы, але авалодаў сабой і працягваў спакойна:
– Калі ласка, пані, а што сказалі б пра мяне мае супольнікі, каб я, замест маёнтка за шэсцьсот тысяч рублёў, як было абвешчана, меў толькі шэсць тысяч і не пратэставаў супраць чутак?.. Усяго два нулі розніцы…
– Не будзем тут пра грошы, – перапыніла яго пані Вансоўская.
– Ага!.. Тады што сама пані сказала б пра мяне, каб я, напрыклад, зваўся не Вакульскі, а Валкускі, і з дапамогаю гэткае дробнае перастаноўкі літар скарыстаўся зычлівасцю нябожчыцы старшынёвай, убіўся да яе ў дом і меў гонар пазнаёміцца там з пані?.. Як бы пані назвала гэтакі спосаб знаёмства з людзьмі ды выкарыстання прыхільнасці да сябе?
На выразным твары пані Вансоўскае з’явілася агіда.
– Але ж якую гэта мае сувязь з баронам ды ягонай жонкаю?.. – адказала яна.
– Мае, пані, тую сувязь, што нікому на свеце нельга прыўлашчваць чужыя тытулы. Какотка, зрэшты, можа быць патрэбнаю асобаю, і ніхто не мае права папракаць яе за выбраную прафесію. Але какотка, якая прыкрываецца бязгрэшнасцю, падманшчыца. А за гэта ўжо можна папракаць.
– Брыдота!.. – выбухнула пані Вансоўская. – Але добра… Што, аднак, траціць свет ад падобнае містыфікацыі, можа мне пан сказаць?..
У Вакульскага зашумела ў вушах.
– Свет часам набывае, калі нейкі наіўны прасцяк упадае ў шаленства, званае ідэальным каханнем, і, не зважаючы на небяспеку, здабывае маёнтак, каб пакласці яго да ног свайго ідэалу… Але свет часам губляе, калі гэты шаленец выкрывае містыфікацыю і падае зламаны, ні да чаго ўжо не здольны… Альбо… не распарадзіўшыся маёнткам, кідаецца… Гэта значыць, страляецца з панам Старскім і атрымлівае куляю па рэбрах… Свет губляе, пані, адно забітае шчасце, адзін звіхнуты розум, а можа, і чалавека, які мог нешта зрабіць…
– Гэты чалавек сам вінаваты…
– Мае пані рацыю: была б яго віна, каб ён не спахапіўся і не зрабіў таго, што барон, каб скончыць са сваім ачмурэннем ды ганьбаю…
– Карацей кажучы, – сказала пані Вансоўская, – мужчыны добраахвотна не адмовяцца ад сваіх дзікунскіх прывілеяў…