– Гэта значыць, не прызнаюць прывілею прытворства…
– А хто адмаўляецца ад пагаднення, – працягвала яна запальчыва, – той пачынае вайну…
– Вайну?.. – зарагатаў Вакульскі.
– Так, вайну, у якой пераможа мацнейшы… А хто мацнейшы, гэта мы яшчэ пабачым!.. – выгукнула яна і ўзмахнула рукою.
У гэты момант здарылася нечаканае. Вакульскі раптоўна схапіў пані Вансоўскую за абедзве рукі і трымаў іх, сціскаючы трыма пальцамі.
– Што гэта?.. – спытала яна і збляднела.
– Выпрабоўваем, хто мацнейшы, – адказаў ён.
– Ну… досыць жартаў…
– Не, пані, гэта не жарты… Гэта толькі сціплы доказ, што я з пані, як з прадстаўніком ваяўнічага боку, магу зрабіць, што захачу. Так ці не?
– Пусці мяне, пан, – закрычала яна, вырываючыся, – бо я паклічу слуг…
Вакульскі пусціў яе рукі.
– Ах, дык пані будзе змагацца з намі з дапамогаю слуг?.. Цікава, якую ўзнагароду пажадалі б тыя саюзнікі, і ці дазволілі б яны не выканаць абяцання?
Пані Вансоўская глядзела на яго спачатку з лёгкаю трывогаю, потым з абурэннем, нарэшце, паціснула плячыма.
– Ведае, пан, што я падумала?
– Што я ашалеў.
– Нешта падобнае.
– У прысутнасці гэткае прыгожае кабеты і падчас гэткае дыскусіі было б гэта вельмі натуральна.
– Авой, які плоскі камплімент!.. – скрывілася яна. – У кожным разе, я мушу прызнаць, што пан стаў крыху больш мне імпанаваць. Крыху… Але не вытрымаў пан сваёй ролі, пусціў мае рукі, і гэта мяне расчаравала…
– О, я здолеў бы і не пусціць рук.
– А я здолела б паклікаць слуг…
– А я, перапрашаю пані, здолеў бы заціснуць пані вусны…
– Што?.. Што?..
– Тое, што я сказаў.
Пані Вансоўская зноў здзівілася, склала рукі па-напалеонаўску і прамовіла:
– Але ж пан або надта арыгінальны, або… вельмі кепска выхаваны…
– Я зусім не выхаваны.
– Дык, насамрэч, арыгінальны, – ціха сказала яна. – Шкада, што не паказаў сябе пан Бэлі з гэтага боку…
Вакульскі аслупянеў. Не ад гуку гэтага імя, а з-за тае перамены, якую ён адчуў. Панна Ізабэла была яму зусім абыякавая, затое цікавіла яго пані Вансоўская.
– Трэба было, – працягвала яна, – адразу выкласці ёй свае тэорыі так, як мне, і не здарылася б паміж вамі ніякага непаразумення.
– Непаразумення?.. – вырачыў вочы Вакульскі.
– Так, бо наколькі я ведаю, яна гатовая пану прабачыць.
– Прабачыць?..
– Пан, як я заўважаю, яшчэ не зусім… ачуняў, – працягвала яна абыякавым тонам, – калі не разумее, што ўчынак быў брутальны… У параўнанні з эксцэнтрычнасцю пана нават барон выглядае элегантна.
Вакульскі зарагатаў гэтак шчыра, што ажно сам спалохаўся. Пані Вансоўская працягвала:
– Смяешся, пан?.. Я не злуюся, бо разумею гэткі смех… Гэта найвышэйшая ступень пакутаў…
– Клянуся пані, што я першы раз за дзесяць тыдняў адчуваю сябе свабодным… Божа мой!.. За некалькі гадоў… Здаецца, што ўвесь гэты час свідравала мне мозг нейкае страшнае насланнё, і хвіліну таму яно знікла… Цяпер я адчуў, што выратаваны, і гэта дзякуючы пані…
Голас у яго дрыжаў. Ён узяў яе за абедзве рукі і цалаваў амаль з жарсцю. Пані Вансоўскай падалося, што яна заўважыла ў яго вачах слёзы.
– Выратаваны!.. Вызвалены!.. – паўтараў ён.
– Паслухай мяне, пан, – сказала яна холадна, забіраючы рукі. – Мне вядома ўсё, што паміж вамі адбылося… Нядобра было пану падслухоўваць размову, якую я ведаю ва ўсіх дробязях і нават больш… Гэта быў самы звычайны флірт…
– Ах, дык гэта флірт?.. – перапытаў ён. – Калі кабета прыпадабняецца рэстараннай сурвэтцы і кожны можа выцерці ёю вусны ды пальцы?.. Гэта флірт, вельмі добра!..
– Маўчы, пан! – закрычала пані Вансоўская. – Я не спрачаюся, Бэла нядобра зрабіла, але… Няхай пан сам сябе асудзіць, калі я скажу, што яна пана…
– Кахае, так? – спытаў Вакульскі і пагладзіў сваю бараду.
– О, кахае!.. Пакуль толькі шкадуе пана… Я не хачу ўваходзіць у падрабязнасці, але дастаткова сказаць, што я бачылася з ёю гэтыя два месяцы амаль кожны дзень… Яна ўвесь час гаварыла толькі пра пана, і самым улюбёным месцам яе шпацыраў з’яўляецца… заслаўскі замак!.. Колькі раз здаралася ёй прысесці на тым вялікім камені з надпісам, столькі раз я бачыла слёзы ў яе на вачах… І аднойчы яна разрыдалася, паўтараючы выбітыя там радкі:
Буду заўжды неразлучным з табою,
Бо ўсюды частку душы я пакінуў[252].
Што цяпер пан скажа?..
– Што я скажу?.. – паўтарыў Вакульскі. – Прысягаю, што адзінае маё жаданне ў гэты момант – каб знік нават самы нязначны след майго знаёмства з паннаю Ленцкаю… А перадусім той няшчасны камень, які яе так расчульвае.
252