Выбрать главу

– Каб была гэта праўда, у мяне быў бы цудоўны доказ мужчынскага пастаянства…

– Не. Мела б пані толькі доказ цудоўнага выздараўлення, – казаў ён узрушана. – О, Божа!.. Мне здаецца, што мяне загіпнатызавалі на некалькі гадоў, а два месяцы таму нехта няўмела абудзіў, і толькі цяпер я апрытомнеў насамрэч…

– Пан кажа гэта ўсур’ёз?

– Ці пані не бачыць, які я шчаслівы?.. Стаў сабою і зноў буду належаць сам сабе… Няхай пані паверыць, гэта цуд, якога я абсалютна не разумею, але які можна параўнаць толькі з абуджэннем з летаргічнага сну чалавека, які ўжо быў пакладзены ў труну.

– І чаму пан гэта прыпісвае?.. – спытала яна, апускаючы вочы.

– Перадусім пані… А яшчэ таму, што я наважыўся, нарэшце, ясна сказаць некаму тое, што разумеў даўно, але баяўся прызнаць. Панна Ізабэла – гэта кабета іншага гатунку, чым я, і толькі нейкае замарачэнне вінаватае, што прыкіпеў я да яе.

– І што пан будзе рабіць пасля гэтага цікавага адкрыцця?

– Не ведаю.

– Не знайшоў пан, часам, кабету свайго гатунку?..

– Магчыма.

– Пэўна, гэта тая пані… пані Ста… Ста…

– Стаўская?.. Не. Хутчэй, гэта сама пані.

Пані Вансоўская паднялася з фатэля з вельмі ўрачыстым выразам на твары.

– Разумею, – сказаў Вакульскі. – Мне ўжо час ісці?

– Як пан лічыць патрэбным.

– І ў вёску мы разам не паедзем?

– О, гэта дакладна… Хоць… я не забараняю пану прыехаць туды… Будзе ў мяне, відаць, Бэла…

– У такім разе я не прыеду.

– Я не сцвярджаю, што яна абавязкова будзе.

– І заспеў бы я адну пані?

– Магчыма.

– І мы гутарылі б, як сёння?.. Ездзілі б на прагулкі, як некалі?..

– І сапраўды пачалася б паміж намі вайна, – адказала пані Вансоўская.

– Папярэджваю, я б яе выйграў.

– Праўда?.. І, можа, зрабіў бы мяне пан сваёй нявольніцаю?..

– Так. Пераканаў бы, што здольны ўладарыць, а пазней у нагах пані маліў, каб узяла мяне да сябе ў няволю…

Пані Вансоўская павярнулася і выйшла з салона. На парозе яна на момант затрымалася і з лёгкім паваротам галавы сказала:

– Да пабачэння… у вёсцы…

Вакульскі выйшаў ад яе, як п’яны. Ужо на вуліцы ён прашаптаў: “Несумненна, з’ехаў з глузду”.

Ён азірнуўся і ўбачыў у акне пані Вансоўскую, якая стаяла за фіранкаю.

“Да ліха! – падумаў ён. – Ці не шукаю я зноў нейкіх прыгодаў на сваю галаву?..”

Ідучы вуліцаю, Вакульскі працягваў разважаць пра тую змену, якая ў ім адбылася.

Яму здавалася, што з бездані, дзе вечная ноч і вар’яцтва, ён выбраўся на белы свет. Сэрца білася мацней, дыхалася вальней, думалася надзвычай лёгка. Ён адчуваў бадзёрасць ва ўсім целе і неапісальную цішыню ў сэрцы.

Яго ўжо не раздражняў вулічны рух, а тлум цешыў. Неба мела больш насычаны колер, дамы стаялі раўней, і нават пыл у струменях святла быў прыгожы.

Аднак найбольшае задавальненне выклікаў у яго выгляд маладых кабет, іх грацыёзныя рухі, усмешлівыя вусны ды вабныя позіркі. Пара з іх зазірнула яму ў вочы – ласкава і какетліва. Сэрца ў Вакульскага забілася хутчэй, яго нібы токам працяла з галавы да пят.

“Прыгожыя!..” – падумаў ён.

Але зараз жа ён прыгадаў пані Вансоўскую і мусіў прызнаць, што сярод гэтых прыгожых яна самая прыгожая, а што яшчэ лепей – самая спакуслівая. Якая фігура, якая цудоўная лінія нагі, якая жаноцкасць! А вочы то аксамітныя, то блішчаць, як брыльянты… Ён гатовы быў прысягнуць, што адчувае пах яе цела, чуе нярвовы смех, і ў галаве яму зашумела ад аднае думкі пра збліжэнне з ёю.

“Якая мусіць быць гарачая кабета!.. – прашаптаў ён. – Аж на зуб просіцца…”

Уява пані Вансоўскае гэтак непакоіла і не адпускала яго, што раптам прыйшла яму ідэя наведаць яе яшчэ раз сёння ўвечары.

“Сама ж запрасіла мяне на абеды і вячэры, – думаў ён, адчуваючы, як закіпае кроў. – Прагоніць?.. Навошта тады какетнічала са мною? Тое, што я ёй не агідны, вядома даўно, ну а ў мяне, далібог, жаданне, якое таксама нечага вартае…”

Потым прайшла побач нейкая шатэнка з вачыма, як фіялкі, ды з дзіцячым тварыкам, і Вакульскі са здзіўленнем заўважыў, што і гэта яму падабаецца.

За некалькі крокаў ад свайго дома ён пачуў, як яго клічуць:

– Гэй! Гэй! Стах!

Вакульскі павярнуў галаву і на верандзе цукерні ўбачыў Шумана. Доктар пакінуў няскончаную порцыю марозіва, кінуў на стол срэбраную саракоўку[253] і падбег да яго.

– А я ішоў да цябе, – сказаў Шуман, беручы яго пад руку. – Ведаеш, даўно ўжо не бачыў я гэткае юрлівае міны ў цябе… Гатовы паспрачацца, вернешся ты ў суполку і паразганяеш гэтых пархатых… Што за фізіяномія… Што за позірк… Пазнаю колішняга Стаха!..