Яны мінулі браму, падняліся сходамі і ўвайшлі ў кватэру.
– А я думаў якраз, што пагражае мне нейкая новая хвароба… – сказаў Вакульскі са смехам. – Хочаш цыгару?
– Чаму пагражае?
– Уяві сабе, ужо амаль гадзіну маю ўвагу прыцягваюць кабеты… Я здзіўлены…
Шуман гучна зарагатаў.
– Дзівак!.. Замест таго, каб банкет арганізаваць ад радасці, гэты зноў баіцца… А што ж ты думаў, тады ты быў здаровы, калі вар’яцеў за адною кабетаю? Сёння ты здаровы, калі ўсе яны табе падабаюцца, а галоўнае, каб спадабацца той, якая найбольш табе да густу.
– Уга! А каб была гэта велікасвецкая дама?..
– Тым лепш… тым лепш… Велікасвецкія дамы больш прывабныя за пакаёвак. Жаноцкасць моцна выйграе ад шыку ды інтэлігентнасці, а перадусім ад непрыступнага выгляду. Якія чакаюць цябе ўзвышаныя размовы, якія поўныя годнасці позы… Ах, скажу я табе, гэта ўтрая цікавей…
Па твары Вакульскага прабег цень.
– Ого! – закрычаў Шуман. – Ужо бачу, як вытыркаецца доўгае вуха таго патрона, на якім Хрыстос уязджаў у Ерусалім[254]. Чаго ты касавурышся? Якраз да велікасвецкіх дам і варта заляцацца, бо яны маюць цікаўнасць да паспалітых…
У вітальні празвінеў званок і ўвайшоў Ахоцкі. Ён зірнуў на захопленага, нібы цецярук, сваёй прамоваю доктара і спытаў:
– Я не перашкодзіў панам?
– Не, – адказаў Шуман, – нават дарэчы. Якраз раю Стаху лячыцца новым раманам, але… не ідэальным. Досыць ужо ідэалаў...
– А ведае пан, такую лекцыю і я гатовы паслухаць, – сказаў Ахоцкі, запальваючы прапанаваную цыгару.
– Лухта! – прамармытаў Вакульскі.
– Не лухта, – працягваў Шуман. – Чалавек з тваім капіталам можа быць цалкам шчаслівы, бо для разумнага шчасця трэба: кожны дзень есці розныя стравы, мець чыстую бялізну і кожны квартал змяняць месца жыхарства ды каханак.
– Кабет не хопіць, – заўважыў Ахоцкі.
– Пакінь, пан, гэта кабетам, а яны ўжо самі парупяцца, каб недахопу не было, – іранічна адказаў доктар. – Тая ж самая дыета, прынамсі, стасуецца і да кабет.
– Квартальная дыета?.. – удакладніў Ахоцкі.
– Вядома. Чым яны горшыя за нас?
– А што добрага ў тым дзясятым або дваццатым квартале!
– Забабоны!.. Забабоны… – казаў Шуман. – Пан і не заўважыць, і не здагадаецца, асабліва калі запэўняць, што ты ўсяго толькі другі або чацвёрты і сапраўды каханы, менавіта той, даўно чаканы…
– Ты не быў у Жэцкага? – спытаў Вакульскі ў Шумана.
– Ну, гэтаму ўжо рэцэпт на каханне я не выпішу, – адказаў доктар. – Стары пантофель…
– Сапраўды, ён кепска выглядае, – дадаў Ахоцкі.
Размова перайшла на здароўе Жэцкага, потым на палітыку, нарэшце, Шуман развітаўся.
– Цынік!.. – прамармытаў Ахоцкі.
– Не любіць кабет, – патлумачыў Вакульскі, – а ў дадатак бывае не ў гуморы, дык нясе лухту.
– Часам слушную, – сказаў Ахоцкі. – Але ж як своечасова прагучалі яго высновы… Бо акурат гадзіну таму была ў мяне ўрачыстая размова з цёткаю, якая стараецца ўгаварыць мяне ажаніцца і даводзіць, што нічога гэтак не ўзносіць чалавека, чым каханне высакароднае кабеты…
– Шуман не пану даваў парады, а мне.
– Якраз пра пана я і думаў, пакуль слухаў яго. Уяўляю сабе, якое ўражанне зрабіў бы пан, мяняючы кожны квартал каханак. Каб сталі перад панам усе тыя людзі, што сёння працуюць дзеля павелічэння панскіх даходаў, і спыталі: “Чым аддзячыш нам за нашу працу, нэндзу ды кароткае жыццё, частку якога мы ахвяруем табе?.. Працаю, парадаю, прыкладам?..”
– Якія гэта людзі працуюць сёння дзеля маіх даходаў? – запытаўся Вакульскі. – Я адышоў ад спраў і ўклаў капітал у паперы.
– Калі ў каштоўныя паперы, што выдаюць земскія крэдытныя ўстановы ды іпатэчныя банкі, дык працэнты ад іх плацяць парабкі, а калі ў нейкія акцыі, дык зноў жа, на дывідэнды працуюць чыгунка, цукровыя заводы, ткацкія фабрыкі, нават і не ведаю, хто там яшчэ…
Вакульскі яшчэ больш спахмурнеў.
– Прашу прабачэння, пане, – сказаў ён, – навошта мне думаць пра гэта?.. Тысячы людзей жывуць з працэнтаў і не заклапочаныя падобнымі пытаннямі.
– Анягож, – прамармытаў Ахоцкі. – Іншыя, а не пан. У мяне ўсяго паўтары тысячы рублёў у год, аднак часцяком прыходзіць мне ў галаву, што за гэтыя грошы можа пражыць тры або чатыры чалавекі, што нейкія людцы саступаюць мне месца на свеце або мусяць абмяжоўваць свае і так абмежаваная патрэбы…
Вакульскі прайшоўся па пакоі.
– Калі пан едзе за мяжу? – раптам спытаў ён.
– Гэтага я не ведаю, – змрочна адказаў Ахоцкі. – Мой даўжнік не верне мне грошы раней, чым праз год. Ён аддасць мне толькі з новае пазыкі, а сёння гэта нялёгка.
254