Выбрать главу

– Вялікі дае працэнт?

– Сем.

– А пэўны гэты ўклад?

– Першы нумар пасля Крэдытнага Таварыства.

– А каб я даў пану гатоўку і пераняў правы пана, паехаў бы пан за мяжу?

– У той жа момант! – закрычаў Ахоцкі, зрываючыся з месца. – Што я тут выседжу?.. Хіба з гора ажанюся па разліку, а пазней буду рабіць так, як раіў Шуман.

Вакульскі задумаўся.

– Што ж кепскага ў тым, каб ажаніцца? – сказаў ён ціха.

– Не дуры галавы, пане!.. Бедную жонку я не пракармлю, а багатая ўцягнула б мяне ў сібарыцтва, і кожная была б магілаю для маіх планаў. Мне трэба нейкая незвычайная кабета, якая б разам са мною працавала ў лабараторыі. А дзе я такую знайду?..

Ахоцкі, падобна, дарэшты страціў гумор і сабраўся ісці.

– Дык, каханы пане, – сказаў на развітанне Вакульскі, – справу панскага капіталу мы абгаворым. Я гатовы фінансаваць пана.

– Як пан хоча… Я не прашу, але быў бы вельмі ўдзячны.

– Калі пан едзе ў Заславак?

– Заўтра. Якраз заходзіў развітацца.

– Дык справа вырашаная, – скончыў, паціскаючы яму руку, Вакульскі. – У кастрычніку будзе пан мець грошы.

Пасля таго, як Ахоцкі пайшоў, Вакульскі лёг спаць. Меў ён сёння гэтулькі моцных і супярэчлівых уражанняў, што цяжка было іх упарадкаваць. Яму здавалася, што з моманту разрыву з паннай Ізабэлай падымаўся ён на нейкую страшную вышыню над прорваю і толькі сёння дасягнуў вяршыні, нават перайшоў на другі схіл, адкуль праглядаліся яшчэ невыразныя, але зусім новыя далягляды.

Нейкі час аж раілася ў яго перад вачыма ад кабет, між якімі ён раз за разам вылучаў пані Вансоўскую. То зноў бачыў ён грамады парабкаў і работнікаў, якія пыталіся: што ён даў ім узамен за сваё багацце.

Нарэшце ён моцна заснуў.

Прачнуўся а шостай рана, і першым яго ўражаннем было адчуванне свабоды і бадзёрасці.

Праўду кажучы, уставаць яму не хацелася, але ён не адчуваў ніякіх пакутаў і не думаў пра панну Ізабэлу. Дакладней, думаў, але мог і не думаць. Як бы там ні было, успаміны пра яе не выклікалі гэткага, як раней, болю.

Але ўжо сама адсутнасць пакутаў устрывожыла яго.

“Можа, мне гэта здаецца?” – падумаў ён.

Ён прыгадаў учорашні дзень. Памяць і логіка служылі яму.

“Можа, і воля вернецца,” – прашаптаў ён.

Каб спраўдзіць гэта, ён пастанавіў праз пяць хвілін устаць, памыцца, апрануцца і адразу ж пайсці на шпацыр у Лазенкі. Ён назіраў за рухам стрэлак гадзінніка і думаў: “Можа, нават і на гэта я ўжо не здольны?..”

Стрэлка адмерала вызначаныя пяць хвілін, і Вакульскі нетаропка, але без затрымкі, устаў. Сам наліў вады ў ванну, памыўся, выцерся, апрануўся і праз паўгадзіны ўжо ішоў у Лазенкі.

Здзівіла яго, што ўвесь гэты час ён думаў не пра панну Ізабэлу, а пра пані Вансоўскую. Вядома, учора адбылася ў ім нейкая перамена. Можа, пачалі дзейнічаць нейкія спаралізаваныя клеткі мозгу?.. Думкі пра панну Ізабэлу страцілі над ім уладу.

“Што за дзіўная блытаніна? – казаў ён. Тую выпхнула пані Вансоўская, а саму паню Вансоўскую можа замяніць любая іншая кабета. Дык я сапраўды вылечыўся ад вар’яцтва…”

Ён абышоў сажалку і абыякава пазіраў на чаўны і лебедзяў. Потым збочыў у прысады да аранжарэі, у якой яны былі тады разам, і сказаў сабе, што… з’есць сняданак з апетытам. Але калі вяртаўся тою самаю дарогаю, дык апанаваў яго гнеў, і з дзікай радасцю зласлівага дзіцяці ён пачаў заціраць нагою свае ранейшыя сляды.

“Каб мог я ўсё гэтак сцерці… І той камень, і руіны… Усё!”

У гэты момант ён адчуў, як абуджаецца ў ім неадольны інстынкт разбурэння, і ўсвядоміў, што гэта нездаровы сімптом. Тым часам вельмі прыемна было, што ён не толькі можа спакойна думаць пра панну Ізабэлу, але нават ставіцца да яе справядліва.

“Чаго я злаваўся? – казаў ён сам сабе. – Каб не яна, не здабыць бы мне капіталу… Каб не яна са Старскім, не паехаў бы я ўпершыню ў Парыж і не пазнаёміўся б з Гейстам, а пад Скернавіцамі не вылечыўся б ад свае дураты… Яны ж мае дабрадзеі, гэтае панства… Я мусіў бы нават сасватаць гэтую дабраную пару, прынамсі, паспрыяць ім у спатканнях… І падумаць толькі, што на гэткім угнаенні ўзрасце некалі метал Гейста!..”

У Батанічным садзе было ціха і амаль пуста. Вакульскі мінуў студню і павольна пачаў падымацца на цяністы пагорак, дзе год таму размаўляў з Ахоцкім. Яму здавалася, што пагорак з’яўляецца фундаментам доўгае лесвіцы, наверсе якое бачылася яму скульптура таямнічае багіні. Убачыў ён яе і зараз ды з хваляваннем прыкмеціў, як хмары над яе галавою на момант разышліся. Ён угледзеў суровы твар, развеяныя валасы, а пад медным чалом – жывыя ільвіныя вочы, які пазіралі на яго з выразам неадольнае сілы. Ён вытрымаў гэты позірк і раптам адчуў, што расце… расце… што ўжо ўздымаецца галавою над дрэвамі парку і дасягае амаль босых ног багіні.