Тады ён зразумеў, што гэтая чыстая і вечная прыгажосць – гэта слава, і на яе вышынях няма іншае ўцехі, апроч працы ды небяспекі.
Дадому ён вярнуўся сумны, але па-ранейшаму спакойны. Яму здавалася, што гэты шпацыр звязаў вузлом ягоную будучыню і тыя даўнія часы, калі ён быў яшчэ толькі крамнікам і студэнтам ды майстраваў вечны рухавік або балоны, якімі можна кіраваць. А больш за дзесяць апошніх гадоў былі нейкім перапынкам ды стратаю часу.
“Мушу некуды паехаць, – сказаў ён сам сабе, – мушу адпачыць, а потым… пабачым…”
Пасля абеду ён паслаў доўгую дэпешу Сузіну ў Маскву.
На другі дзень а першай, калі Вакульскі снедаў, увайшоў лёкай пані Вансоўскае і паведаміў, што пані чакае ў калясцы.
Ён выбег на вуліцу, пані Вансоўская загадала яму сядаць.
– Забіраю пана з сабою, – сказала яна.
– На абед?
– О не. Толькі ў Лазенкі. Бяспечней мне будзе размаўляць з панам пры сведках і на свежым паветры.
Але Вакульскі быў пахмурны і маўчаў.
У Лазенках яны вылезлі з каляскі, мінулі палац і пачалі шпацыраваць прысадамі, што вялі да амфітэатра.
– Пан мусіць вяртацца да людзей, пане Вакульскі, – пачала пані Вансоўская. – Пан мусіць пазбыцца апатыі, бо іначай не атрымае пан салодкае ўзнагароды…
– О! Ажно так…
– Несумненна. Усе дамы заінтрыгаваныя панскімі пакутамі, і я гатова паспрачацца, не адна пажадала б узяць на сябе ролю суцяшальніцы.
– Або пабавіцца маімі гэтак званымі пакутамі, як кот зраненай мышшу?.. Не, пані, не трэба мне гэткія суцяшальніцы, бо я зусім не пакутую, а ўжо менш за ўсё – па віне дам…
– Вось як! – выгукнула пані Вансоўская. – Нехта падумаў бы, што не зваліў пана ўдар дробнага кулачка…
– І слушна падумаў бы, – адказаў Вакульскі. – Калі і збіваў мяне хто з ног, дык, прынамсі, не чароўны пол, а… Ці я ведаю што?.. Можа, лёс.
– Але, як заўсёды, з дапамогаю кабеты…
– Галоўнае, маёй уласнай наіўнасці. Ужо з дзяцінства шукаў я нечага вялікага і нязнанага, а з-за таго, што на кабет глядзеў толькі праз акуляры паэтаў, якія іх залішне ўсхвалялі, дык я і думаў, што кабета – гэта тое вялікае і нязнанае. Я памыліўся, і ў гэтым сакрэт майго часовага замарачэння, якое, зрэшты, дапамагло мне ўзбагаціцца.
Пані Вансоўская спынілася сярод прысадаў.
– Ну, каб пан ведаў, я ўражаная!.. Нядаўна мы бачыліся, а сёння пан ужо паўстае перада мною зусім іншым чалавекам – падобным да старога дзеда, які ігнаруе кабет…
– Гэта не ігнараванне, гэта вынік назіранняў.
– Якіх менавіта?.. – спытала пані Вансоўская.
– Што ёсць гатунак кабет, якія жывуць на свеце толькі дзеля таго, каб хваляваць мужчын і выклікаць у іх жарсць. Гэткім чынам яны з разумных людзей робяць ідыётаў, з сумленных – подлых, а ёлупаў пакідаюць ёлупамі. Вакол іх рой залётнікаў, і дзякуючы гэтаму яны ўздзейнічаюць на нас, нібы гарэмы – на туркаў. Як бачыць пані, дамам няма чаго спачуваць маім пакутам і няма ў іх права бавіцца мною. Гэта да іх кампетэнцыі не належыць.
– І нават адмаўляешся, пан, ад кахання?.. – іранічна спытала Вансоўская.
Вакульскі закіпеў ад гневу.
– Не, пані, – адказаў ён. – Але я маю прыяцеля песіміста, дзякуючы якому ўсвядоміў, што значна выгодней купляць каханне за чатыры тысячы рублёў у год, а вернасць – за пяць тысяч, чым за тое, што мы называем пачуццямі.
– Добрая вернасць! – прашаптала пані Вансоўская.
– Прынамсі, адразу вядома, чаго яна вартая.
Пані Вансоўская падціснула вусны і пайшла да каляскі.
– Пан мусіў бы пачаць прапаведаваць свае новыя погляды.
– Мне, пані, шкада на гэта часу, бо адны іх ніколі не зразумеюць, а іншыя не павераць, пакуль самі не пераканаюцца.
– Дзякуй пану за лекцыю, – азвалася пані Вансоўская праз хвіліну. – Яна зрабіла на мяне гэткае моцнае ўражанне, што я нават не прашу, каб пан завёз мяне дадому… У пана сёння надзвычай кепскі настрой, мяркую, аднак, што гэта міне… Але… але… Вось ліст, – дадала яна, усоўваючы яму ў руку канверт, – няхай пан яго прачытае. Гэта недалікатна з майго боку, але я ведаю, што пан мяне не выдасць, і пастанавіла канчаткова вырашыць непаразуменне паміж панам і Бэлаю. Калі мой намер удасца, дык няхай пан ліст спаліць, а калі не… няхай пан прывязе яго ў вёску… Adieu!
Яна села ў каляску і пакінула Вакульскага сярод дарогі.
“Да ліха! Няўжо я абразіў яе? – спытаў ён сабе. – А шкада, бо вартая граху!..”
Ён павольна ішоў у бок алеі Уяздоўскае і думаў пра паню Вансоўскую.