“Лухта!.. Я ж не збіраюся прызнавацца, што мяне цягне да яе… А зрэшты, хоць бы і трапіў у добры момант, што я мог бы ёй даць?.. Нават не мог бы сказаць, што кахаю яе”.
Ужо дома Вакульскі разгарнуў ліст панны Ізабэлы.
Варта было зірнуць на дарагі некалі почырк, як бліскавіцаю мільганула крыўда, а пах паперы нагадаў тыя даўнія, вельмі даўнія часы, калі яна яшчэ падахвочвала яго арганізоўваць авацыі Росі.
“Гэта была адна з пацерак таго ружанца, на якім панна Ізабэла адпраўляе набажэнства!..” – падумаў ён з усмешкаю.
Пачаў чытаць.
“Мая дарагая Казя! Мяне ўсё так знудзіла, і гэтак разбягаюцца ў мяне думкі, што толькі сёння наважылася я расказаць табе пра падзеі, якія здарыліся пасля твайго ад’езду.
Я ўжо ведаю, колькі мне адпісала цётка Гартэнзія. Шэсцьдзесят тысяч рублёў. Дык разам маем дзевяноста тысяч, якія пачцівы барон абяцае пакласці пад сем працэнтаў, што дасць каля шасці тысяч гадавых. Нічога не зробіш, трэба навучыцца ашчаднасці.
Не магу апісаць, як мне тужліва, а можа, проста сумна… Але і гэта мінецца. Той малады інжынер ходзіць да нас амаль праз дзень. Спачатку ён забаўляў мяне размовамі пра жалезныя масты, а цяпер апавядае, як быў закаханы ў асобу, што выйшла за іншага, і ў якой быў роспачы, як страціў надзею закахацца другі раз, як чакае выздараўлення ў новым, лепшым каханні. Яшчэ ён прызнаўся мне, што папісвае вершыкі, у якіх, аднак, апявае прыгажосць прыроды… Часам аж плакаць мне хочацца ад нуды, але без кампаніі памерла б, вось і раблю выгляд, што слухаю і часам дазваляю яму пацалаваць мне ручку…”
У Вакульскага жылы набрынялі на лбу… Ён перадыхнуў і чытаў далей:
“Тата вельмі нездаровы. Плача па некалькі разоў на дзень, і варта мне на пяць хвілін застацца з ім сам-насам, як ён пачынае дакараць мяне сама ведаеш за каго!.. Не паверыш, як гэта мяне засмучае.
У заслаўскіх руінах я бываю амаль праз дзень. Нешта мяне туды цягне, не ведаю – прыгожая прырода ці адзінота. Калі мне вельмі горка, пішу розныя рэчы алоўкам на шурпатых сценах і з радасцю думаю: як добра, што першы дождж гэта змые.
Але… але… Я забылася пра галоўнае! Ведаеш, маршалак напісаў бацьку ліст, у якім фармальным чынам просіць маёй рукі. Я ўсю ноч плакала, не таму, што магу стаць маршалковай, але… што гэтак лёгка ўсё можа стацца!..
Пяро выпадае ў мяне з рук. Бывай здаровая і ўспамінай часам сваю няшчасную Бэлу”.
Вакульскі скамечыў ліст.
“Гэтак пагарджаю і… яшчэ кахаю яе!” – прашаптаў ён.
Галава ў яго палала. Ён хадзіў па пакоі з кутка ў куток з заціснутымі кулакамі і ўсміхаўся сваім марам.
Надвячоркам ён атрымаў тэлеграму з Масквы, пасля чаго адразу ж паслаў дэпешу ў Парыж. А ўвесь наступны дзень з ранку да вечара ён праседзеў з адвакатам ды натарыусам.
Кладучыся спаць, ён падумаў:
“Ці не раблю я недарэчнасць?.. Ну, на месцы, прынамсі, будзе ясна… Ніхто не ведае, ці можа існаваць метал, лягчэйшы за паветра, але няма сумневаў, што ў гэтым нешта ёсць… Зрэшты, пошукі філасофскага каменю прывялі да з’яўлення хіміі, дык невядома, што будзе цяпер... Але мне ўсё адно, абы вылезці з гэтага балота…”
На трэці дзень апоўдні прыйшоў адказ з Парыжа. Вакульскі перачытаў яго некалькі разоў. А неўзабаве прынеслі ліст ад пані Вансоўскае. На канверце, на месцы пячаткі, была выява сфінкса.
– Так, – з усмешкаю прамармытаў Вакульскі. – Твар чалавечы, а тулава звера. Наша фантазія дадае нам крылаў.
“Няхай пан зойдзе да мяне на пару хвілін, – пісала пані Вансоўская, – бо я маю да пана пільную справу, а сёння хацела ўжо ехаць.”
“Пабачым, што за пільная справа!” – сказаў сабе ён.
Праз паўгадзіны ён быў у пані Вансоўскае. У вітальні стаялі гатовыя ў дарогу куфры. Пані прыняла яго ў сваім працоўным кабінеце, у якім аніводная дробязь не сведчыла на карысць працы.
– А! Вось які пан ветлівы! – абражаным тонам пачала пані Вансоўская. – Учора я цэлы дзень чакала пана, а пан і не паказаўся…
– Але ж пані забараніла мне прыходзіць, – адказаў здзіўлены Вакульскі.
– Як?.. Хіба я не запрасіла пана ў вёску?.. Але добра, буду лічыць гэта праяваю эксцэнтрычнасці… Дарагі пане, маю вельмі пільную справу. Я збіраюся ненадоўга паехаць за мяжу і хачу параіцца з панам, калі лепш купіць франкі – цяпер ці перад выездам?..
– Калі пані едзе?
– Так… у лістападзе… у снежні… – адказала яна і пачырванела.
– Лепш перад самым ад’ездам.
– Пан так мяркуе?
– Прынамсі, усе так робяць.
– Вось я і не хачу рабіць, як усе! – выгукнула пані Вансоўская.
– Дык няхай пані купіць цяпер.
– А калі да снежня франкі патаннеюць?
– Дык няхай пані да снежня не купляе.