– Ну, пане, – сказала яна, раздзіраючы нейкую паперчыну, – добрыя парады! Чорнае – гэта чорнае, а белае – гэта белае… Які з пана мужчына?! Мужчына ва ўсім мусіць быць рашучы, прынамсі, ведаць, чаго ён хоча. Што ж, прынёс мне пан ліст Бэлы?
Вакульскі моўчкі аддаў ліст.
– Насамрэч? – ажывілася яна. – Дык пан яе не кахае?.. У такім выпадку размова пра яе не павінна быць пану прыкраю. Бо я мушу… або памірыць вас, або… Няхай ужо бедная дзяўчына не пакутуе… Пан быў несправядлівы да яе, пакрыўдзіў яе… Гэта несумленна… чалавек з гонарам не можа збаламуціць некага і кінуць, як звялы букет…
– Несумленна! – паўтарыў Вакульскі. – Няхай пані зробіць ласку сказаць, якой сумленнасці можна чакаць ад чалавека, якога кармілі пакутамі ды прыніжэннем або прыніжэннем ды пакутамі?
– Але, разам з тым, меў пан і іншыя хвіліны.
– О так! Пару спагадлівых позіркаў і некалькі зычлівых слоў, якія маюць цяпер у маіх вачах тую загану, што былі… містыфікацыяй.
– Але яна шкадуе, і каб пан вярнуўся…
– Навошта?
– Па яе сэрца і руку.
– Пакідаючы другую для таемных і яўных каханкаў?.. Не, пані, хопіць ужо з мяне гэтых спаборніцтваў, у якіх біты я панамі Старскімі, Шастальскімі ды ліха яго ведае, кім яшчэ… Я не магу граць ролю еўнуха пры сваім ідэале і ў кожным мужчыне бачыць шчаслівага саперніка ці нязванага кузіна…
– Як гэта нізка! – закрычала пані Вансоўская. – Дык за адну памылку, зрэшты, нявінную, пагарджае пан каханаю кабетаю?..
– Што да лічбы гэтых памылак, я, з дазволу пані, маю ўласнае меркаванне, а што да нявіннасці… Божа міласэрны! У якім жа вартым жалю становішчы я апынуўся, што не ведаю нават, як далёка сягала іх нявіннасць.
– Пан дапускае?.. – сурова спытала яго пані Вансоўская.
– Я ўжо нічога не дапускаю, – холадна адказаў Вакульскі. – Толькі ведаю, што на маіх вачах пад выглядам ні да чаго не абавязваючай добразычлівасці займаліся звычайнымі амурнымі справамі, і гэтага мне досыць. Я разумею жонку, якая ашуквае мужа, бо яна можа спасылацца на путы, накладзеныя на яе замужжам. Але каб кабета вольная ашуквала чужога сабе чалавека… Ха-ха-ха! Гэта ўжо, далібог, спартыўны інтарэс… Яна ж мела права выбраць і Старскага, і ўсіх іх… Але не! Ёй трэба было мець у сваёй свіце яшчэ блазна, які сапраўды яе кахаў, які гатовы быў дзеля яе ўсім ахвяраваць… І дзеля апошняга ўжо зганьбавання чалавечае натуры менавіта з маіх грудзей хацела яна зрабіць шырму сабе разам са сваімі каханкамі… Спадзяюся, пані разумее, як мусілі насміхацца з мяне гэтыя людзі, якім гэтак танна абыходзілася яе прыхільнасць?.. І ці адчувае пані, што за пекла быць гэткім пасмешышчам, як я, і быць гэткім няшчасным? Так добра бачыць сваё падзенне і разумець, якое яно незаслужанае?..
У пані Вансоўскае дрыжалі вусны. Яна з цяжкасцю стрымлівалася ад слёз.
– Можа, усё гэта толькі ўяўленні? – заўважыла яна.
– Ну не, пані… Пакрыўджаная годнасць – гэта не ўяўленне.
– І што далей?..
– Што ж далей? – паўтарыў Вакульскі. – Я спахапіўся, авалодаў сабою, і цяпер задаволены хіба тым, што трыумф маіх сапернікаў у адносінах да мяне, прынамсі, не быў поўны.
– І гэта рашэнне нязменнае?..
– Пані, я разумею кабету, якая аддаецца кахаючы або прадаецца з беднасці, але каб зразумець гэту духоўную прастытуцыю, якою займаюцца без патрэбы, холадна, захоўваючы цнатлівы выгляд, на гэта мне ўжо не стае розуму.
– Дык ёсць рэчы, якіх няможна прабачыць? – спытала яна ціха.
– Хто і каму мусіць прабачыць?.. Пана Старскага, хіба, ніколі гэта не абразіць, ён, можа, нават будзе рэкамендаваць сваіх прыяцеляў. А пра рэшту можна і не дбаць, маючы гэткае шматлікае і дабранае таварыства.
– Яшчэ слоўца, – сказала пані Вансоўская, прыўздымаючыся. – Хацелася б ведаць, якія ў пана намеры…
– Каб жа я сам іх ведаў!..
Яна падала яму руку.
– Развітваюся з панам.
– Зычу пані шчасця.
– О!.. – уздыхнула яна і хутка выйшла ў другі пакой.
“Здаецца мне, – думаў Вакульскі, спускаючыся па лесвіцы, – што за раз зрабіў я дзве справы… Хто ведае, ці не мае рацыі Шуман…”
Ад пані Вансоўскае ён паехаў да Жэцкага. Стары крамнік быў вельмі зблажэлы і ледзь падняўся з фатэля. Вакульскага глыбока ўзрушыў яго выгляд.
– Гневаешся, стары, што гэтак даўно я не быў у цябе? – сказаў ён, паціскаючы яму руку.
Жэцкі смутна паківаў галавою.
– Хіба я не бачу, што з табою робіцца… – адказаў ён. – Бяда… бяда на свеце!.. Усё горш ды горш…
Вакульскі сеў і задумаўся, Жэцкі працягваў:
– Бачыш, Стах, я ўжо мяркую, што час мне ісці да Каца ды маіх аднапалчанаў, бо шчэраць недзе на мяне зубы, што я гэтакі маруда… Я ведаю: што б ты ні вырашыў, усё будзе добра ды разумна, але… можа, больш практычна было б табе ажаніцца са Стаўскаю?.. Яна ж нібы твая ахвяра…