Вакульскі схапіўся за галаву.
– Божа міласэрны! – закрычаў ён. – Калі ж я вызвалюся ад гэтых баб?.. Адна ганарылася, што я стаў яе ахвяраю, другая – сама мая ахвяра, трэцяя жадае стаць маёй ахвяраю ды яшчэ знайшоўся б добры дзясятак, кожная з якіх прыняла б мяне і мой маёнтак у ахвяру… Дзіўны край, дзе бабы граюць першую скрыпку і дзе няма іншых клопатаў, а толькі – шчаслівае або няшчаснае каханне!
– Ну, ну, ну, – спыніў яго Жэцкі, – я ж цябе за карак не цягну!.. Толькі, бачыш, казаў мне Шуман, што табе абавязкова трэба завесці раман…
– І-і-і… не!.. Мне, хутчэй, трэба змяніць клімат, і гэтыя лекі я ўжо сабе выпісаў.
– З’язджаеш?
– Не пазней чым заўтра – у Маскву, а потым… куды Бог дасць…
– Маеш нейкія планы? – таямніча спытаў Жэцкі.
Вакульскі задумаўся.
– Яшчэ нічога не ведаю, вагаюся, нібы сяджу на дзесяціпрацэнтнай гушкалцы. Часам, здаецца мне, што зраблю яшчэ нешта дзеля свету…
– Авой, гэта… гэта…
– Але часам агортвае мяне такая дэпрэсія, што хацеў бы, каб зямля праглынула мяне і ўсё, чаго я датыкаўся…
– Гэта неразумна… неразумна… – заўважыў Жэцкі.
– Я ведаю… Дык я б на тваім месцы не дзівіўся ані таму, што імя маё яшчэ прагучыць, ані таму, што скончыў я ўсе рахункі са светам…
Яны сядзелі разам да позняга вечара.
Праз некалькі дзён разышлася чутка, што Вакульскі некуды раптоўна з’ехаў і, можа, назаўсёды.
Усю яго маёмасць, ад мэблі да каляскі з коньмі, набыў Шлянгбаўм за досыць нізкі кошт.
XXXVII. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
“Ужо некалькі месяцаў ходзіць чутка, што 26 чэрвеня гэтага года загінуў у Афрыцы князь Людвік Напалеон, сын імператара. Да таго ж, загінуў у бітве з дзікім народам, пра якога невядома, ані дзе той жыве, ані як называецца, бо зулусамі, прынамсі, аніводзін народ звацца не можа.
Усе гэтак кажуць. Збіралася нават паехаць туды імператрыца Яўгенія і прывезці прах сына ў Англію. Так гэта ці не, я не ведаю, бо ўжо з ліпеня не чытаю газет, і не хочацца мне размаўляць пра палітыку.
Нічога не вартая гэта палітыка! Даўней не было тэлеграм і перадавых артыкулаў, а свет тым часам рухаўся наперад, і кожны разумны чалавек мог арыентавацца ў палітычнай сітуацыі. А сёння ёсць тэлеграмы, перадавыя артыкулы і апошнія навіны, а якая рацыя? Абы галаву дурыць!
Нават горш, бо мала таго, што галаву дураць, дык яшчэ і сэрца крояць. І каб не Кеніг[255] або пачцівы Суліцкі[256], дык чалавек ушчэнт страціў бы веру ў божую справядлівасць. Гэткія рэчы пішуць сёння ў газетах!..
А што да князя Людвіка Напалеона, дык мог ён загінуць, але мог і схавацца недзе ад агентаў Гамбеты. Я ў чуткі асабліва не веру.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Клейна па-ранейшаму няма, а Лісецкі перабраўся ў Астрахань на Волзе. Перад ад’ездам сказаў мне, што хутка застануцца тут адны жыды, а рэшта зжыдзее.
Лісецкі, як заўсёды, у кіпні купаны.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Здароўе маё нікуды не вартае. Стамляюся я гэтак хутка, што ўжо без кійка не выходжу на вуліцу. Увогуле, нічога мне не замінае, толькі часам неяк дзіўна баліць у плячах і няма чым дыхаць. Але гэта пройдзе, а не пройдзе, дык усё адно. Гэтак змяняецца свет у горшы бок, што хутка не будзе з кім і словам перакінуцца, не будзе ў што верыць.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
У канцы ліпеня Генрык Шлянгбаўм справіў дзень нараджэння ужо як гаспадар крамы і кіраўнік нашае суполкі. Хоць і напалову не было ў яго так, як летась у Стаха, аднак збегліся ўсе прыяцелі і непрыяцелі Вакульскага ды пілі за здароўе Шлянгбаўма. Аж шыбы дрыжалі.
Гэх, людзі, людзі!.. За поўнаю міскаю ды пляшкаю гатовыя ў канаву лезці, а за рублём дык нават не ведаю ўжо куды.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Авой, авой!.. Паказалі мне сёння “Кур’ерак”, у якім пані баранеса Кшэшоўская названая адной з самых высакародных жанчын, бо дала дзвесце рублёў на нейкі там прытулак. Відавочна, забыліся ўжо на працэс з пані Стаўскаю ды скандалы з кватарантамі.
Няўжо муж гэтак бабу зацугляў?..
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
На жыдоў касавурацца ўсё больш і больш. Дайшло ўжо да чутак, што жыды хапаюць хрысціянскіх дзяцей ды забіваюць іх на мацу.
255
256