Калі я чую гэткія гісторыі, далібог, праціраю вочы і пытаю сам у сябе: або я зараз трызню ў гарачцы, або ўся мая маладосць была сном?..
Але найбольш злуе мяне тое, як цешыцца доктар Шуман з гэтага браджэння.
– Так ім і трэба, пархатым!.. – кажа ён. – Няхай учыняць ім авантуру, няхай навучаць іх розуму. Гэта геніяльная раса, але гэткія шэльмы, што без бізуна ды шпораў рады не дасі…
– Доктарку, – адказваю я, бо не магу ўжо трываць, – калі жыды гэткія галганы, як пан кажа, дык ім нават і шпоры не памогуць.
– Можа, і не выправяць, але розуму дададуць ды навучаць мацней трымацца за рукі, – адказаў ён. – А каб жыды былі больш салідарныя!.. Уга!
Дзіўны чалавек гэты доктар. Пачцівы, гэта праўда, а перадусім разумны, але ж яго пачцівасць не ад сэрца. Не ведаю, можа, гэта проста звычка. А розум ён мае такі, што лягчэй яму сто рэчаў абсмяяць ды зглуміць, чым адну стварыць. Калі я з ім гутару, думаецца мне часам што ягоная душа, як крыга лёду, нават і агонь у ёй адбіваецца, але сама яна ніколі не сагрэецца.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Стах паехаў у Маскву, здаецца, каб разлічыцца з Сузіным. Мае ў яго з паўмільёна рублёў (хто б думаў два гады таму!), але што ён будзе рабіць з гэткаю прорваю грошай, не ўяўляю сабе.
Стах заўсёды быў арыгіналам і рабіў неспадзяванкі. Ці не рыхтуе нам наступную?.. Аж баюся.
А Мрачэўскі тым часам пасватаўся да пані Стаўскае і пасля нядоўгага вагання атрымаў згоду. Каб яны, як праектуе Мрачэўскі, адчынілі краму ў Варшаве, я ўвайшоў бы з імі ў долю ды пасяліўся б пры іх. І Божа мой! Калыхаў бы я дзяцей Мрачэўскага, хоць раней думаў, што падобную службу мог саслужыць толькі дзецям Стаха.
Жыццё невыносна цяжкае…
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Учора даў пяць рублёў, каб памаліліся за князя Людвіка Напалеона. Але толькі за яго, бо, можа, ён і не загінуў, як усе языкамі менцяць… А каб… Я не знаюся на тэалогіі, але лепш паспрыяць яму і на тым свеце на ўсялякі выпадак. Бо няўжо?...
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Мне і праўда нядужыцца, хоць Шуман кажа, што ўсё добра. Забараніў ён мне піва, каву, віно, шпаркую хаду, хваляванне… Разумнік!.. Гэтакі рэцэпт і я здолею выпісаць, а паспрабуй ты яго выканаць…
Ён размаўляе са мною так, нібы мае падазрэнне, што я занепакоены лёсам Стаха. Дзівак чалавек!.. Хіба Стах не паўнагадовы або ці не развітваўся я з ім на сем гадоў? Гады мінулі, Стах вярнуўся і зноў пачаў шукаць прыгодаў.
І цяпер так будзе: як нечакана знік, гэтак нечакана і вернецца.
Але як цяжка жыць на свеце. І часта я думаю: ці сапраўды ёсць план, паводле якога чалавецтва рухаецца да лепшага, або яно проста сунецца туды, куды цягне большая сіла?.. Калі добрыя бяруць верх, тады свет рухаецца да дабра, а калі галганы мацнейшыя, дык усё ідзе да кепскага. А скончаць і злыя, і добрыя жменяю попелу.
Калі так, дык не дзіўлюся я Стаху, які не раз казаў, што хацеў бы як хутчэй сам загінуць і апошні след па сабе знішчыць. Але я прадчуваю, што гэта не так.
Хоць… Ці не меў я прадчування, што князь Людвік Напалеон будзе імператарам французаў?.. Уга! Яшчэ пачакайма, бо мне тая ягоная смерць у бітве з голымі мурынамі неяк у галаве не ўкладаецца…”
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
...?...
Пан Жэцкі сапраўды недамагаў. Паводле ўласнага меркавання, з-за таго, што не было чаго рабіць, а паводле Шумана, з-за хваробы сэрца, якая раптоўна ўзнікла і досыць хутка прагрэсіравала пад уплывам нейкіх трывог.
Заняткаў у яго было няшмат. Раніцаю ён прыходзіў у краму, колішнюю Вакульскага, а цяпер Шлянгбаўма, але бавіўся там, пакуль не было крамнікаў, а галоўнае – пакупнікоў. Бо пакупнікі – невядома чаму – пазіралі на яго, як на нейкае дзіва, а крамнікі, якія ўсе цяпер, за выключэннем пана Зэмбы, былі старазаконныя, не толькі не аказвалі яму шацунку, да якога ён прызвычаіўся, а нават, не зважаючы на заўвагі Шлянгбаўма, былі з ім няветлівыя.
Пры такім стане рэчаў пан Ігнацы ўсё часцей думаў пра Вакульскага. Не таму, што баяўся нейкае бяды, а вось так сабе.
Раніцаю, а шостай, ён думаў: ці ўстае Вакульскі, ці яшчэ ў гэты час спіць, і дзе ён – у Маскве ці, можа, паехаў ужо з Масквы і набліжаецца да Варшавы? Апоўдні ён прыгадваў сабе той час, калі амаль не было дня, каб Стах не абедаў з ім. А ўвечары, асабліва кладучыся ў ложак, казаў сабе: “Пэўна, Стах у Сузіна… Дык час на п’янку!.. А можа, вяртаецца ў Варшаву і ўладкоўваецца ў вагоне спаць…”
А як толькі прыходзіў у краму (рабіў ён гэта па некалькі разоў на дзень, нягледзячы на незычлівасць крамнікаў ды абрыдлівую дагодлівасць Шлянгбаўма), заўсёды думаў, што пры Вакульскім было тут, аднак, іначай.