Выбрать главу

– Радца, забываешся!.. – закрычаў Жэцкі.

– Розум траціш, пане Ігнацы, заступаючыся за гэткага чалавека, – закрычаў у адказ радца. – Падумай! Паехаў ён па грошы куды?.. На вайну турэцкую… На вайну турэцкую! Ці разумееш ты значэнне гэтых слоў? Там зарабіў капітал, але якім чынам?.. Якім чынам можна за паўгода зарабіць паўмільёна рублёў?..

– Бо меў у абароце дзесяць мільёнаў рублёў, – адказаў Жэцкі, – дык нават менш зарабіў, чым мог…

– Але чые ж гэта былі мільёны?

– Сузіна… купца… яго прыяцеля…

– Вось!.. Але няважна, хай сабе ў гэтым выпадку не зрабіў ён ніякага паскудства… Што ж, аднак, за справы былі ў яго ў Парыжы, а пазней у Маскве, дзе ён таксама шмат зарабіў?.. А прыгожа было нішчыць краёвую прамысловасць, каб даць васямнаццаць працэнтаў дывідэндаў кучцы арыстакратаў толькі дзеля таго, каб уплішчыцца да іх?.. А прыгожа прадаваць суполку жыдам і, нарэшце, уцякаць, пакідаючы тысячы людзей у галечы або няпэўнасці?.. Робіць гэтак добры абывацель і чалавек пачцівы?.. Ну, пі, пане Ігнацы!.. – закрычаў ён і стукнуў сваім келіхам аб ягоны. – Нашае кавалерскае!.. Пане Шпрот, пакажы, на што здольны… не зняслаўся пры хворым…

– Годзе!.. – азваўся доктар Шуман, які ўжо некалькі хвілін стаяў на парозе, не здымаючы капелюша. – Годзе!.. А што, панове, вы агенты бюро пахавальных паслуг, што гэткім чынам майго пацыента рыхтуеце?.. Казімір! – загукаў ён слугу. – Выкінь гэтыя бутэлькі ў сенцы… А паноў прашу развітацца… Шпіталь, хоць і на адну асобу, гэта не шынок… Гэтак пан выконвае мае парады?.. – звярнуўся ён да Жэцкага. – Пан, маючы парок сэрца, будзе ладзіць мне тут папойкі?.. Можа, яшчэ дзевак сабе паклічаце?.. Дабранач панам… – сказаў ён радцу і Шпроту. – І няма чаго ладзіць мне тут піўнуху, бо я абвінавачу вас у забойстве…

Панове радца Вянгровіч і агент Шпрот выбраліся гэтак хутка, што, каб не густы дым ад іх цыгар, можна было б падумаць, што нікога ў пакоі і не было.

– Адчыні акно! – загадаў слугу доктар. – Авой, авой, – іранічна зірнуў ён на Жэцкага. – Твар у чырвоных плямах, вочы блішчаць, пульс такі, што на вуліцы чуваць…

– Чуў пан, што ён казаў пра Стаха?.. – спытаў Жэцкі.

– Мае рацыю, – адказаў Шуман. – Увесь горад так гаворыць, хоць яны і памыляюцца, называючы Вакульскага банкрутам, бо ён толькі паўдурак таго тыпу, які я назваю польскімі рамантыкамі.

Жэцкі глядзеў на яго амаль спалохана.

– Не глядзі на мяне так, – спакойным голасам працягваў Шуман. – Лепш падумай, ці не маю я рацыі. Гэты чалавек ніколі ў жыцці, бадай, не дзейнічаў свядома… Пакуль быў крамнікам, думаў пра вынаходніцтвы і пра ўніверсітэт. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пачаў бавіцца ў палітыку. Пазней, замест таго, каб узбагачацца, стаў вучоным ды вярнуўся сюды голы і босы, і каб не Мінцлёва, памёр бы з голаду… Нарэшце, пачаў рабіць грошы, але не як купец, а як закаханы ў панну, якая за шмат гадоў займела сталую рэпутацыю шалахвосткі. Дык мала таго, ужо маючы ў руках і панну, і маёнтак, кінуў усё, і дзе ён цяпер, чым займаецца?.. Скажы мне, пан, калі ты такі разумны… Паўдурак, скончаны паўдурак! – казаў Шуман, махаючы рукою. – Чыстакроўны польскі рамантык, што вечна шукае нечага па-за рэальнасцю…

– Ці паўторыць гэта доктар у вочы Вакульскаму, калі той вернецца? – спытаў Жэцкі.

– Я сто разоў яму гэта казаў, а калі больш ужо не скажу, дык толькі таму, што ён не вернецца…

– Чаго яму не вярнуцца… – прашаптаў Жэцкі і спалатнеў.

– Не вернецца, бо ці галаву складзе недзе, калі апрытомнее, ці нейкую новую ўтопію сабе знойдзе… Хоць бы вынаходніцтвы таго містычнага Гейста, які мусіць быць патэнтаваным вар’ятам.

– А доктар ніколі не ганяўся за ўтопіямі?

– Так, але я рабіў гэта ачмурэлы, пажыўшы сярод вас. Ачомаўся своечасова, і гэта акалічнасць дазваляе мне дакладна дыягназаваць падобныя хваробы… Ну, здымай, пан, шлафрок. Паглядзім на вынікі вечара, праведзенага ў вясёлым таварыстве…

Ён паслухаў Жэцкага, загадаў яму зараз жа класціся ў ложак, і ніколі больш не ператвараць сваю кватэру ў шынок.

– Пан таксама ўзор рамантыка, адно толькі, што ў пана было менш магчымасцяў рабіць глупствы, – скончыў доктар.

Пасля гэтага ён пайшоў, пакінуўшы Жэцкага ў вельмі панылым настроі.

“Балбатня твая мне больш зашкодзіць, чым тое піва”, – падумаў Жэцкі, а праз хвіліну ціха прамовіў:

– А Стах хоць слоўца мог, аднак, напісаць… Бо ліха яго ведае, што лезе ў галаву…

Прыкуты да ложка пан Ігнацы пякельна нудзіўся.

Дык для забівання часу невядома які ўжо раз перачытваў гісторыю консульства ды імперыі або думаў пра Вакульскага.

Аднак абодва гэтыя заняткі замест таго, каб супакойваць, хвалявалі яго… Гісторыя нагадвала яму цудоўныя дзеі аднаго з найвялікшых трыумфатараў, на дынастыі якога Жэцкі грунтаваў сваю веру ў будучыню свету, і гэта дынастыя ў яго на вачах упала ад дзіды зулуса. А роздумы пра Вакульскага прыводзілі да высновы, што каханы сябра і гэткі незвычайны чалавек сама мала быў на шляху да нейкага маральнага банкруцтва.