Выбрать главу

– Столькі хацеў зрабіць, столькі мог зрабіць і нічога не зрабіў!.. – паўтараў пан Ігнацы са смуткам у сэрцы. Каб хоць напісаў, дзе ён і якія планы мае… Каб хоць паведаміў, што жывы!..

Бо ўжо нейкі час пераследавалі пана Жэцкага няясныя, але злавесныя прадчуванні. Прыгадваўся яму сон, калі пасля прадстаўлення Росі прымроілася, што Вакульскі скочыў за паннаю Ізабэлаю з вежы ратушы. То зноў успамінаў ён незразумелыя, але нічога добрага не абяцаючыя словы Стаха: “Хацеў бы я згінуць сам і знішчыць усе сляды свайго існавання!..”

Як лёгка падобнае зычэнне можа спраўдзіцца ў чалавека, які кажа толькі тое, што адчувае, і ўмее выконваць тое, што сказаў!..

Штодзённыя адведзіны доктара Шумана зусім не дадавалі аптымізму і аж знудзілі яго нязменным прыпевам: “Сапраўды, трэба быць або суцэльным банкрутам, або вар’ятам, каб пакінуць гэтулькі грошай у Варшаве, не даць ніякага распараджэння наконт іх і нават не паведаміць, дзе ён сам!..”

Жэцкі спрачаўся з ім, але ў душы прызнаваў ягоную рацыю.

Аднойчы доктар прыйшоў да яго ў нязвыклы час – а дзясятай раніцы. Шпурнуў капялюш на стол і гучна абвясціў:

– А што, не меў я рацыі, што гэта паўдурак?!

– Што ж здарылася?.. – спытаў пан Ігнацы, ужо ведаючы, пра каго гаворка.

– Здарылася тое, што ўжо тыдзень як гэты вар’ят паехаў з Масквы і… здагадайся, пан, куды?..

– У Парыж?..

– Дзе там!.. Паехаў у Адэсу, адтуль мае намер кіравацца ў Індыю, з Індыі – у Кітай і Японію, а пазней праз Ціхі акіян – у Амерыку… Я разумею, падарожжа вакол свету, сам бы яму раіў, але каб не напісаць ані слова, пакінуць у Варшаве на волю лёсу людзей зычлівых і дзвесце тысяч рублёў, тут, далібог, трэба мець у моцнай ступені развіты псіхоз…

– Адкуль гэтыя навіны? – спытаў Жэцкі.

– З надзейнае крыніцы. Ад Шлянгбаўма, якому надта важныя планы Вакульскага. Ён жа мусіць напачатку кастрычніка выплаціць яму сто дваццаць тысяч рублёў… Ну а каб каханы Стась у лоб сабе стрэліў ці памёр ад залатое ліхаманкі… Разумее пан?.. Тады маглі б мы або ўвесь капітал загрэбці, або, прынамсі, круціць яго паўгода без працэнтаў… Пан ужо, хіба, добра прыгледзеўся да Шлянгбаўма? Ён жа мяне… мяне хацеў ашукаць!

Доктар бегаў па пакоі і гэтак махаў рукамі, нібы ў яго самога пачынаўся псіхоз. Раптам ён затрымаўся перад панам Ігнацы, зірнуў яму ў вочы і схапіў за руку.

– Што… што… што? Пульс болей за сто?.. Была ў пана сёння гарачка?..

– Яшчэ не.

– Як гэта не?.. Я ж бачу…

– Не варта ўвагі, – адказаў Жэцкі. – А хіба Стах зрабіў бы нешта падобнае?..

– Той наш даўні Стах, нягледзячы на свой рамантызм, хіба, не зрабіў бы, але гэты пан Вакульскі, закаханы ў яснавяльможную панну Ленцкую, здольны на ўсё… Ну і як бачыш, пан, ён і робіць, што можа…

Пасля таго візіту доктара пан Ігнацы сам прызнаў, што яму нядобра.

“Смешна было б, – думаў ён, – якраз цяпер з зямлёю ажаніцца. Уга! Здаралася гэта і з лепшымі за мяне… Напалеон І… Напалеон ІІІ… Малы Люлю… Стах… Ну, што ж Стах?.. Ён зараз у Індыю едзе…”

У задуменні ён устаў з ложка, апрануўся як належыць і пайшоў у краму, чым выклікаў заклапочанасць Шлянгбаўма, які ведаў, што пану Ігнацы забаронена падымацца.

Затое назаўтра было яму горш, дык суткі адляжаў, а потым зноў на пару гадзін прыйшоў у краму.

– Што ён сабе думае? Гэта ж крама, а не трупярня… – сказаў адзін з старазаконных крамнікаў пану Зэмбе, які з уласцівай яму шчырасцю прызнаў досціп дасканалым.

У палове верасня наведаў пана Жэцкага Ахоцкі, які на некалькі дзён прыехаў з Заслаўка.

Калі пан Ігнацы пабачыў яго, дык павесялеў.

– Што ж пана прывяло сюды?.. – выгукнуў ён, абдымаючы любімага ўсімі вынаходніка.

Але Ахоцкі бы пахмурны.

– Нічога іншага, як клопаты! – адказаў ён. – Ці ведае пан, што памёр Ленцкі?..

– Бацька тае… тае?.. – здзівіўся пан Ігнацы.

– Тае… тае!.. І нават ці не з-за яе самое…

– У імя Айца і Сына… – перажагнаўся Жэцкі. – Колькі ж людзей мае намер звесці ў магілу гэтая кабета?.. Бо, наколькі я ведаю, а напэўна і для пана гэта не таямніца, што і Стах трапіў у бяду толькі з-за яе…

Ахоцкі паківаў галавою.

– Можа мне пан расказаць, што сталася з Ленцкім?.. – пацікавіўся пан Ігнацы.

– Гэта не сакрэт, – адказаў Ахоцкі. – Напачатку лета папрасіў рукі панны Ленцкае маршалак…