– Той… той?.. Бацькам маім мог быць, – заўважыў Жэцкі.
– Можа, таму панна і згадзілася, прынамсі, не адмовіла. Дык стары сабраў свае манаткі, што там засталося ў яго пасля дзвюх жонак, і прыехаў у вёску да графіні… да цёткі панны Ізабэлы, у якой яна жыла разам з бацькам…
– Ашалеў.
– Здаралася гэта і з разумнейшымі за яго, – працягваў Ахоцкі. – Тым часам, нягледзячы на тое, што маршалак лічыўся ўжо жаніхом, панна Ізабэла часцяком, а пазней нават і штодня, ездзіла ў таварыстве аднаго інжынера да руін старога замка ў Заслаўлі… Казала, што гэта ратуе яе ад нуды…
– І маршалак нічога?
– Маршалак, вядома, маўчаў, але кабеты пераконвалі панну, што гэтак рабіць нягожа. А ў яе на ўсё адзін адказ: “Маршалак павінен радавацца, што я выйду за яго, а выйду я не дзеля таго, каб адмаўляцца ад таго, што мне падабаецца…”
– І пэўна, маршалак заспеў іх на гарачым у тых руінах? – заўважыў Жэцкі.
– І-і-і… не!.. Ён нават туды не зазіраў. А каб і зазірнуў, дык упэўніўся б, што панна Ізабэла брала з сабою наіўнага інжынерыка толькі дзеля таго, каб у яго прысутнасці сумаваць па Вакульскім…
– Па Ва-куль-скім?..
– Прынамсі, так здагадваліся, – казаў Ахоцкі. – Тады ўжо я сам ёй зрабіў заўвагу, што ў таварыстве аднаго закаханага нягожа сумаваць па іншым. Але яна адказала мне, паводле свайго звычаю: “Няхай радуецца, што я дазваляю яму глядзець на сябе…”
– Асёл гэты інжынер!..
– Не аж такі, бо, нягледзячы на ўсю сваю наіўнасць, ён абдумаўся і адмовіўся раз і назаўсёды ездзіць з паннаю Ізабэлаю смуткаваць у руіны. Адначасова і маршалак, які раўнаваў да інжынера, адмовіўся ад жаніхоўства ды з’ехаў на Літву гэтак дэманстратыўна, што ў панны Ізабэлы ды графіні здарыліся прыпадкі, а пачцівы Ленцкі і хаўкнуць не паспеў – памёр ад апаплексічнага ўдару…
Калі Ахоцкі скончыў апавядаць, ён абхапіў галаву рукамі і зарагатаў.
– Падумаць толькі, – дадаў ён, – што гэткая кабета столькіх людзей з розуму зводзіла…
– Але ж гэта пачвара!.. – выгукнуў Жэцкі.
– Не. Яна нават не дурніца і някепская, па сутнасці, толькі… такая, як тысячы іншых з яе атачэння.
– Тысячы?..
– На жаль!.. – уздыхнуў Ахоцкі. – Уяві сабе, пан, клас людзей забяспечаных або нават багатых, якія добра харчуюцца, але няшмат робяць. Чалавеку трэба нейкім чынам траціць энергію, дык калі ён не працуе, кідаецца ў распусту, прынамсі, займаецца казытаннем нерваў… Але і да распусты, і да казытання нерваў неабходныя кабеты – прыгожыя, элегантныя, дасціпныя і цудоўна выхаваныя, а хутчэй, выдрэсіраваныя якраз дзеля гэтага… Гэта ж іх адзіная кар’ера…
– І панна Ізабэла запісалася ў іх шэрагі?..
– Гэта значыць, яе запісалі… Прыкра мне казаць гэта, але кажу пану, каб ведаў, якая кабета стала на шляху Вакульскага…
Размова перапынілася. Праз нейкі час Ахоцкі ўзнавіў яе пытаннем:
– Калі ён вяртаецца?
– Вакульскі?.. – перапытаў пан Ігнацы. – Ён жа паехаў у Індыю, Кітай, Амерыку…
Ахоцкі ўпаў на крэсла.
– Гэта немагчыма! – выгукнуў ён, але падумаў і дадаў: – Хоць…
– Можа, пану нешта падказвае, што ён туды не паехаў? – спытаў Жэцкі прыцішаным голасам.
– Нічога. Толькі дзівяць мяне ягоныя раптоўная рашэнні… Калі я быў тут апошні раз, ён абяцаў мне дапамагчы ў адной справе… Але…
– І абавязкова дапамог бы той даўні Вакульскі. А гэты новы забыў не толькі пра справы пана… Нават пра ўласныя…
– Што ён з’едзе, можна было здагадацца, але не падабаецца мне гэткая раптоўнасць. Пісаў ён пану?..
– Ані літаркі. І анікому, – адказаў стары крамнік.
Ахоцкі ківаў галавою.
– Мусіла гэтак стацца.
– Чаму гэта мусіла?.. – выбухнуў Жэцкі. – Што ж ён, банкрут ці лайдак?.. Гэтакая крама, суполка! Хіба ж гэта дробязі? А хіба не мог ён ажаніцца з кабетаю прыгожаю, шляхетнаю…
– Знайшлося б шмат гэткіх кабет, – горача падтрымаў яго Ахоцкі. – Усё так, але не для чалавека з яго характарам…
– Як пан гэта разумее? – падахвоціў яго Жэцкі, якому слухаць пра Вакульскага было прыемна, нібы пра каханку. – Як пан гэта разумее?.. Пан быў блізка знаёмы з ім?.. – пытаў ён настойліва, і вочы ягоныя блішчалі.
– Пазнацца з ім лёгка, бо быў гэта чалавек шырокае душы.
– Вось менавіта!.. – азваўся Жэцкі, адбіваючы пальцамі рытм і пазіраючы на Ахоцкага, як на ікону. – Што, аднак, пан разумее пад шырокаю душою? Прыгожа сказана!.. Але растлумач, пан, каб было ясна!..
Ахоцкі ўсміхнуўся.
– Бачыць пан, – сказаў ён, – людзі дробнае душы дбаюць толькі пра ўласныя справы, не сягаюць думкаю па-за дзень сённяшні і баяцца ўсяго нязнанага. Абы наедна ды ўлежна… А гэтакі дзяцюк, як ён, клапоціцца пра жыццё тысяч, глядзіць, бывае, на некалькі гадоў наперад, і кожная рэч невядомая і незразумелая прыцягвае яго неадольным чынам. Гэта нават не з’яўляецца заслугай, а толькі змушанасць. Як жалеза несвядома рухаецца за магнітам або пчала лепіць свае соты, так і гэты гатунак людзей кідаецца на вялікія ідэі і нязвыклую працу…