Выбрать главу

Жэцкі сціснуў яго за абедзве рукі і дрыжаў ад узрушанасці.

– А Шуман, – сказаў ён, – прамудры доктар Шуман кажа, што Стах вар’ят, польскі рамантык.

– Дурань гэты Шуман са сваім жыдоўскім рэалізмам! – адказаў Ахоцкі. – Ён нават не здагадваецца, што цывілізацыю стварылі не мяшчане, не спекулянты, а якраз такія вар’яты… Каб розум абмяжоўваўся толькі імкненнем да зыску, дык людзі да сённяшняга дня заставаліся б малпамі…

– Святыя словы… Цудоўна сказана!.. – паўтараў крамнік. – Але растлумач, пан, якім чынам чалавек, падобны да Вакульскага, мог… кінуцца ў гэткія вось… авантуры?..

– Але, пане, я дзіўлюся толькі, што гэта так позна здарылася!.. – адказаў Ахоцкі, паціскаючы плячыма. – Мне ж вядома ягонае жыццё, і я знаю, што гэты чалавек задыхаўся тут з дзяцінства. Ён меў навуковыя аспірацыі, але не было магчымасці іх ажыццявіць, меў вялікія грамадскія памкненні, але ўсё, за што браўся, руйнавалася… Нават з-за тае марнае суполкі, якую ён стварыў, займеў на сваю галаву адны прэтэнзіі ды нянавісць…

– Маеш, пан, рацыю!.. Маеш, пан, рацыю!.. – паўтараў Жэцкі. – А яшчэ тая панна Ізабэла…

– Так, яна магла яго супакоіць. Шчасліваму чалавеку лягчэй пагадзіцца з атачэннем, і ён скарыстаў бы сваю энергію там, дзе гэта ў нас магчыма. Але… схібіў з ёю…

– А што далей?..

– Ці ж я ведаю?.. – ціха прамовіў Ахоцкі. – Сёння падобны ён да вывернутага дрэва. Калі знойдзе свой грунт – а ў Еўропе можна яго знайсці – і калі мае яшчэ энергію, дык па вушы ўлезе ў нейкую працу і насамрэч, ці не пачне жыць… А калі ўжо вычарпаў ён запас жыццёвых сіл, што таксама ў яго веку магчыма…

Жэцкі прыклаў палец да вуснаў.

– Ціха… ціха!.. – спыніў ён Ахоцкага. – Стах мае энергію… О, мае!.. Ён яшчэ выплыве… выплы…

Ён адышоў да акна, прыхінуўся галавою да рамы і захліпаў.

– Гэткі я хворы, – казаў ён, – гэткі нямоглы… Бо ў мяне, падобна, парок сэрца… Але гэта мінецца… мінецца… Толькі чаму ён гэтак уцякае… хаваецца… не піша?..

– Ах, як я ўсё гэта разумею, – выгукнуў Ахоцкі, – гэту агіду дарэшты зруйнаванага чалавека да ўсяго, што нагадвае яму мінулае!.. Уяві сабе, пан, калі я здаваў у гімназіі іспыт на атэстат сталасці, дык мусіў за пяць тыдняў прайсці курс лацінскае і грэчаскае мовы ажно за сем класаў, бо не хацелася мне раней гэта вучыць. Ну і неяк выкруціўся на іспыце, але давялося папацець, аж перапрацаваўся.

З тае пары не толькі не магу глядзець на кніжкі лацінскія або грэчаскія, але нават думаць пра іх. А тады не мог нават бачыць школьны будынак, унікаў калегаў, якія працавалі разам са мною, нават мусіў выехаць з таго памяшкання, дзе вучыўся дзень і ноч. Доўжылася гэта некалькі месяцаў, і я не супакоіўся, пакуль… Ведаеш, пан, што я зрабіў? Кінуў у печ усе падручнікі грэчаскія ды лацінскія і спаліў гэту заразу! Курэла з гадзіну, а калі нарэшце я загадаў высыпаць попел на сметнік, паздаравеў! Хоць і цяпер яшчэ калоціцца мне сэрца, як бачу грэчаскія літары або лацінскія выключэнні: panis, piscis, crinis...[257] Ааа… якая брыда…

– Не дзівіся, пан, – скончыў ён, – што Вакульскі ўцякае адсюль аж у Кітай… Няспынныя пакуты могуць давесці чалавека да шаленства… Хаця ж і гэта мінае…

– А сорак шэсць гадоў, пане?.. – спытаў Жэцкі.

– А моцны арганізм?.. А магутны розум?.. Ну, але я загаварыўся… Каб мне пан не хварэў болей…

– Што, можа, пан ад’язджае?..

– Аж у Пецярбург, – адказаў Ахоцкі. – Мушу дапільнаваць тастамент нябожчыцы Заслаўскае, які хоча зняпраўдзіць удзячная радня. Буду там ці не да канца кастрычніка.

– Як толькі я атрымаю вестку ад Стаха, зараз жа пану перакажу. Толькі прышлі мне, пан, адрас.

– І я пану паведамлю, як дапытаюся нечага… Хоць і сумняюся… Да пабачэння!..

– Хуткага вяртання…

Размова з Ахоцкім падбадзёрыла пана Ігнацы. Падобна было, што старому крамніку дадалося сілы пасля гутаркі з чалавекам, які не толькі разумеў каханага Стаха, але і шмат у чым нагадваў яго.

“Ён быў такі самы, – думаў Жэцкі. – Энергічны, бадзёры, апроч таго, поўны ідэальных памкненняў…”

Можна сказаць, з таго дня пачалося выздараўленне пана Ігнацы. Ён пачаў уставаць з ложка, потым шлафрок змяніў на сурдут, завітваў у краму і нават часта выходзіў на вуліцу. Шуман захапляўся эфектыўнасцю свайго лячэння, дзякуючы якому хвароба сэрца затрымалася ў развіцці.