– Што будзе далей, – казаў ён Шлянгбаўму, – невядома. Але факт, што ўжо некалькі дзён старому лепш. Вярнуўся да яго апетыт і сон, а перадусім знікла апатыя. З Вакульскім было гэтаксама.
А насамрэч Жэцкага жывіла надзея, што раней ці пазней атрымае ён ліст ад свайго Стаха.
“Ён, можа, у Індыі ўжо, – думаў ён. – Дык у канцы верасня мушу мець вестку… Ну, спазненне ў такіх выпадках з’ява нярэдкая, але за кастрычнік адказваю галавою…”
Сапраўды, у вызначаны тэрмін прыйшлі весткі пра Вакульскага, але вельмі дзіўныя.
Аднойчы вечарам у канцы верасня наведаў пана Ігнацы Шуман і са смехам сказаў:
– Пабач, пане, як той паўдурак насмяшыў людзей. Арандар з Заслаўка казаў Шлянгбаўму, што фурман нябожчыцы старшынёвай бачыў нядаўна Вакульскага ў заслаўскім лесе. Апісваў нават, як той быў апрануты, на якім кані ехаў…
– Магчыма! – жвава згадзіўся пан Ігнацы.
– Фарс!.. Дзе Крым, а дзе Рым, дзе Індыя, а дзе Заславак? – адказаў доктар. – Пагатоў амаль у гэты ж час іншы жыдок, які гандлюе вугалем, зноў жа, бачыў Вакульскага – у Дамбраве… І нават больш, нібы даведаўся, што Вакульскі купіў у аднаго дарожніка-п’яніцы два дынамітныя набоі… Ну, ужо гэткую лухту пан бараніць не будзе?..
– Але што б гэта магло значыць?..
– Нічога. Відавочна, Шлянгбаўм мусіў абвесціць узнагароду сярод жыдоў, калі даведаецца нехта з іх пра Вакульскага, дык кожны цяпер будзе заўважаць Вакульскага ці не ў мышынай нары… І святы рубель творыць празорцаў!.. – закончыў доктар з іранічнаю ўсмешкаю.
Жэцкі мусіў прызнаць, што чуткі не мелі сэнсу, а тлумачэнне іх Шуманам было цалкам рацыянальнае. Нягледзячы на гэта, ён стаў больш непакоіцца за Вакульскага.
Непакой, аднак, змяніўся сапраўднаю трывогаю, калі яўным стаў факт, які не пакідаў сумневаў. І вось які: у першы дзень кастрычніка адзін з натарыусаў паклікаў да сябе пана Ігнацы і паказаў яму акт, складзены Вакульскім перад ад’ездам у Маскву. Гэта быў фармальны тастамент, у якім Вакульскі распарадзіўся пакінутымі ў Варшаве грашыма, з якіх семдзесят тысяч расейскіх рублёў ляжалі ў банку, а сто дваццаць тысяч расейскіх рублёў – у Шлянгбаўма.
Для людзей чужых гэта распараджэнне было яшчэ адным доказам вар’яцтва Вакульскага. Жэцкаму, аднак, здалося яно вельмі лагічным. Распарадчык запісаў аграмадную суму – сто сорак тысяч расейскіх рублёў – Ахоцкаму, дваццаць пяць тысяч расейскіх рублёў – Жэцкаму, дваццаць тысяч расейскіх рублёў Гэленцы Стаўскай. Апошнія пяць тысяч расейскіх рублёў ён раздзяліў паміж сваімі даўнімі слугамі або ўбогімі знаёмымі. З гэтае сумы атрымалі па пяцьсот рублёў: Венгелек, сталяр з Заслаўля, Высоцкі, фурман з Варшавы, і другі Высоцкі, яго брат, чыгуначнік са Скернавіц.
Вакульскі шчыра прасіў абдараваных, каб тыя прынялі ад яго, як ад памерлага, а натарыуса абавязаў не агалошваць акт да першага кастрычніка.
Сярод людзей, якія ведалі Вакульскага, пачаліся размовы, папаўзлі плёткі, не было недахопу і ў інсінуацыях ды абразах… А Шуман у размове з Жэцкім выказаў гэткую думку:
– Пра распараджэнне наконт пана я даўно ведаў… Ахоцкаму ён даў амаль мільён злотых, бо адкрыў у ім такога самага вар’ята… Ну, і прэзент для дачушкі прыгажуні пані Стаўскае я разумею, – усміхнуўся ён. – Адно мяне інтрыгуе…
– Што ж менавіта? – спытаў Жэцкі, падціскаючы вусны.
– Адкуль сярод абдараваных узяўся гэты чыгуначнік Высоцкі?.. – закончыў Шуман.
Ён занатаваў яго імя і прозвішча ды пайшоў у задуменні.
Вялікі непакой турбаваў Жэцкага, што магло стацца з Вакульскім, чаму ён распарадзіўся спадчынаю, і чаму зрабіў гэта як чалавек, што думае пра блізкую смерць… Але тут здарыліся выпадкі, якія абудзілі ў пана Ігнацы іскру надзеі альбо да пэўнай ступені растлумачылі дзіўныя паводзіны Вакульскага.
Перадусім Ахоцкі, якому паведамілі пра дар, не толькі адразу ж адказаў з Пецярбурга, што прымае яго і ўсю гатоўку хоча мець у пачатку лістапада, але яшчэ забяспечыў сабе ў Шлянгбаўма працэнт за месяц кастрычнік.
Апроч таго, ён напісаў Жэцкаму ліст з пытаннем: ці не даў бы той са свайго капіталу дваццаць адну тысячу рублёў гатоўкаю замест сумы, якая будзе выплачвацца яму на Святога Яна з грошай, што Ахоцкі мае на іпатэцы вясковага маёнтка.
“Вельмі залежыць мне, – закончыў ён свой ліст, – каб усё, што я маю, было ў маіх руках, бо ў лістападзе абавязкова мушу паехаць за мяжу. Растлумачу гэта пану пры асабістай размове…”
“Чаго ён надумаў ехаць за мяжу і чаго забірае ўсе грошы?.. – пытаў сам у сябе Жэцкі. – Чаму, нарэшце, адкладае тлумачэнні да сустрэчы?..”