Вядома, ён згадзіўся на прапанову Ахоцкага. Яму здавалася, што ў гэтым раптоўным ад’ездзе і таямнічасці ёсць нешта аптымістычнае.
“Хто ведае, – думаў ён, – ці паехаў Стах у Індыю са сваёю паловай мільёна?.. Можа, яны з’едуцца з Ахоцкім у Парыжы, у таго дзівака Гейста. Нейкія металы… нейкія балоны… Відавочна, яны хочуць трымаць усё ў сакрэце, прынамсі, да часу…”
Але ўсе яго разлікі сапсаваў Шуман, які пры нейкай нагодзе паведаміў:
– Даведваўся я ў Парыжы пра таго слаўнага Гейста, бо думаў, можа, Вакульскі хоча ў яго атабарыцца. Ну, але Гейст, некалі вельмі здольны хімік, цяпер ужо скончаны вар’ят… Уся акадэмія рагоча з яго ідэяў!..
Кпіны акадэмікаў з Гейста моцна пахіснулі надзеі Жэцкага. Ужо хто-хто, але французская акадэмія здольная была ацаніць вартасць тых металаў ці балонаў… А калі мудрагелі вырашылі, што Гейст вар’ят, дык ужо Вакульскаму, хіба, не было чаго там рабіць.
“Куды ж ён, у такім выпадку, паехаў? – падумаў Жэцкі. – Уга! Вядома, паехаў у падарожжа, бо тут яму было невыносна… Калі Ахоцкі мусіў з’ехаць з кватэры, у якой надакучыла яму толькі грэчаская граматыка, дык Вакульскі тым больш мог з’ехаць з горада, дзе яму гэтак дапякала кабета… І каб толькі яна адна!.. Ці быў на свеце чалавек, якога бэсцілі больш за яго?..
Але чаму ён склаў гэты амаль тастамент ды яшчэ намякаў на сваю смерць?..” – разважаў пан Ігнацы.
Сумневы развеяў візіт Мрачэўскага. Малады чалавек неспадзявана прыехаў у Варшаву і прыйшоў да Жэцкага з заклапочаным выглядам. Гаварыў ён неахвотна, а ў канцы даў зразумець, што пані Стаўская вагаецца: прыняць або не прыняць дар Вакульскага, і яму самому гэты дар здаецца падазроным…
– Што за дзяцінства, мой каханы!.. – абурыўся пан Ігнацы. – Вакульскі запісаў ёй ці Гэльцы дваццаць тысяч рублёў, бо падабалася яму кабета. А падабалася яна, бо ў яе доме знаходзіў ён спакой у самы цяжкі для сябе час… Ты ведаеш, што ён кахаў панну Ізабэлу?..
– Ведаю, – крыху спакойней адказаў Мрачэўскі, – але ведаю і тое, што пані Стаўская мела да Вакульскага слабасць…
– Дык што ж… Сёння для нас усіх Вакульскі амаль памёр, і Бог ведае, ці ўбачым мы яго яшчэ…
Твар Мрачэўскага пасвятлеў.
– Гэта праўда, – сказаў ён. – Гэта праўда!.. Пані Стаўская можа прыняць грошы ад памерлага, а мне няма чаго баяцца ўспамінаў пра яго…
І ён пайшоў вельмі задаволены, што Вакульскі ўжо, магчыма, нежывы.
“Стах меў рацыю, – думаў пан Ігнацы, – калі зрабіў запісы ў гэткай форме. Менш клопатаў абдараваным, а перадусім гэтай пачцівай пані Гэлене…”
У краме Жэцкі бываў не кожны дзень, і адзіным яго заняткам, дарэчы, бясплатным, было выкладанне тавараў у вітрынах, што ён звычайна рабіў уночы з суботы на нядзелю. Стары крамнік вельмі любіў займацца гэтым выкладаннем, а Шлянгбаўм сам прасіў яго ў спадзеве, што пан Ігнацы змесціць у яго свой капітал пад невысокі працэнт.
Але і тых рэдкіх адведзінаў хапала пану Ігнацы, каб упэўніцца, што ў краме адбыліся грунтоўныя змены да горшага. Тавары, хоць і мелі добры выгляд, былі кепскія, праўда, і кошт іх крыху зменшыўся, а крамнікі па-хамску трактавалі пакупнікоў і дазвалялі сабе дробныя злоўжыванні, якія прыкмячаў Жэцкі. Два новыя інкасатары дайшлі, нарэшце, да таго, што скралі сто з нечым рублёў.
Калі пан Ігнацы загаварыў пра гэта са Шлянгбаўмам, дык пачуў у адказ:
– Прашу прабачэння, пане, пакупнікі не ацэняць добрага тавару, ім падавай танны… А што да крадзяжу, дык гэта кругом здараецца. Дзе, зрэшты, узяць іншых людзей?
Хоць Шлянгбаўм і казырыўся, але сам баяўся, а Шуман кпіў з яго неміласэрна.
– Праўда ж, пане Шлянгбаўм, – казаў доктар, – каб у краі засталіся адны жыды, давялося б нам ісці з торбамі! Бо адны б нас стараліся адурыць, а іншыя не паддаваліся на нашы хітрыкі…
Маючы шмат вольнага часу, пан Ігнацы падоўгу разважаў і дзівіўся, што цэлымі днямі шукае цяпер адказы на пытанні, якія даўней нават не прыходзілі яму ў галаву.
“Чаму наша крама заняпала?.. – пытаўся ён у сябе. – Бо гаспадарыць у ёй Шлянгбаўм, а не Вакульскі. А чаму не гаспадарыць Вакульскі?.. Бо, як казаў Ахоцкі, Стах задыхаўся тут з дзяцінства і, нарэшце, мусіў уцячы на вольны прастор…”
І ён прыгадаў найбольш важныя моманты жыцця Вакульскага. Калі той хацеў вучыцца, яшчэ як крамнік Гопфера, яго паднялі на смех. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пажадалі ад яго ахвярнасці. Калі вярнуўся ў край, нават працы яму не знайшлося. Калі зарабіў капітал, усе пачалі яго падазраваць, а калі закахаўся, дык кабета, якую ён абагаўляў, здрадзіла яму самым нягодным чынам.
“Трэба прызнаць, – сказаў сабе пан Ігнацы, – што пры такіх умовах ён паступіў найлепшым чынам…”