Але, калі абставіны выпхнулі Вакульскага за мяжу, чаму крама перайшла ў спадчыну Шлянгбаўму, а не хоць бы яму самому, Жэцкаму?..
Бо ў яго, у Жэцкага, ніколі і ў думках не было мець уласную краму. Ён змагаўся за венграў або чакаў, калі Напалеоны перабудуюць свет. І што ж сталася? Свет не палепшаў, Напалеоны пагінулі, а гаспадаром крамы зрабіўся Шлянгбаўм.
“Жах, колькі марнуецца ў нас добрых людзей, – думаў ён. – Кац пульнуў сабе ў лоб, Вакульскі з’ехаў, Клейн – Бог ведае дзе, Лісецкі мусіў вымятацца, бо і яму не было тут месца”.
Падобныя медытацыі выклікалі ў пана Ігнацы згрызоты сумлення, пад уплывам якіх пачаў вымалёўвацца сякі-такі план на будучыню…
“Аб’яднаюся, – казаў ён сабе, з пані Стаўскаю ды Мрачэўскім. Яны маюць дваццаць тысяч рублёў, я – дваццаць пяць тысяч, дык за гэткія грошы можам супольна адчыніць добрую краму, нават пад бокам у Шлянгбаўма…”
Гэты праект захапіў яго так, што ён нават адчуў сябе здаравей. Праўда, усё часцей даваў знаць боль у плячах і даймала задышка, але ён не зважаў на гэта…
“Паеду падлячыцца, нават і за мяжу, – думаў ён, – пазбудуся гэтае паганае задышкі ды вазьмуся за работу… Што ж, толькі Шлянгбаўму багацець тут у нас?..”
Ён ужо нават адчуваў сябе маладым і бадзёрым, хоць Шуман не раіў яму выходзіць на вуліцу ды забараняў хвалявацца.
Сам доктар, аднак, часта забываўся на ўласны рэцэпт.
Раз ён прыйшоў да Жэцкага раніцаю і быў такі ўзрушаны, што нават не заўважыў адсутнасці гальштука на сваёй шыі.
– Ведаеш, пан, – гучна абвясціў ён, – цікавыя рэчы даведаўся я пра Вакульскага!..
Пан Ігнацы паклаў на стол нож і відэлец, бо якраз еў біфштэкс з брусніцамі, і адчуў, як забалела ў плячах.
– Што здарылася? – спытаў ён слабым голасам.
– Стасік проста малайчына!.. – сказаў Шуман. – Знайшоў я таго чыгуначніка Высоцкага ў Скернавіцах, распытаў яго, і ведаеш, пан, што адкрылася?
– Адкуль жа я магу ведаць?.. – спытаў Жэцкі, якому на момант пацямнела ў вачах.
– Уяві сабе, пан, – казаў узбуджаны Шуман, – што… гэтае быдла… гэтая жывёліна… тады ў маі, калі ехаў з Ленцкімі ў Кракаў, кінуўся ў Скернавіцах пад цягнік!.. Высоцкі яго выратаваў…
– Э!.. – прамармытаў Жэцкі.
– Нічога не э! Так і было. Дык я бачу, што каханы Стасічак у дадатак да рамантызму меў яшчэ манію самазабойства… На ўвесь свой маёнтак пайшоў бы ў заклад, што ён ужо нежывы!..
Раптам доктар змоўк, бо заўважыў, як страшна змяніўся твар пана Ігнацы. Ён спалохаўся, амаль на руках занёс таго на ложак і даў сабе слова ніколі больш не кранаць гэтага пытання.
Але лёс распарадзіўся іначай.
У канцы кастрычніка паштальён аддаў Жэцкаму ліст на імя Вакульскага.
Ліст быў з Заслаўля, почырк каравы.
“Няўжо ад Венгелька…” – падумаў пан Ігнацы і адкрыў канверт.
“Вяльможны пане! – пісаў Венгелек. – У першых словах дзякуем вяльможнаму пану за памяць пра нас і за тыя пяцьсот рублёў, якімі нас вяльможны пан зноў абдараваў, і за ўсё дабрадзейства, якое мелі мы з шчодрае рукі пана, дзякуем. Маці мая, жонка мая і я… Па-другое, усе мы трое пытаемся, як жывецца-можацца вяльможнаму пану, і ці пан шчасліва вярнуўся дадому. Пэўна, так і ёсць, бо іначай не паслаў бы нам пан свайго цудоўнага падарунка. Толькі жонка мая вельмі непакоіцца за вяльможнага пана і начамі не спіць, яна хацела нават, каб я сам у Варшаву ехаў. Вядома, кабета.
Бо ў нас, вяльможны пане, у верасні, у той самы дзень, калі вяльможны пан дарогаю да замка спаткаў маю маці на картоплях, здарылася вялікае здарэнне. Толькі маці вярнулася з поля і ставіла вячэру, аж у замку два разы гэтак страшна грымнула, нібы пярун, а ў мястэчку шыбы задрыжалі. У маці гарнушак выпаў з рук, і яна зараз жа да мяне: “Ляці да замка, бо там, можа, бавіцца яшчэ пан Вакульскі. Каб хаця бяды не нарабілася”.
Я і паляцеў зараз жа.
Хрысце Пане! Ледзь я пазнаў гару. З чатырох сцен замка, якія яшчэ моцна трымаліся, засталася толькі адна, а тры разляцеліся на друз. Камень, на якім мы год таму выбілі верш, разбіты не менш, чым на дваццаць кавалкаў, а ў тым месцы, дзе была заваленая студня, утварыўся дол, і друзу насыпалася, нібы ў стадолу. Я думаю, гэтыя муры самі абваліліся ад старасці, але маці кажа, што гэта, можа, каваль нябожчык, той, пра якога я вяльможнаму панству расказваў, гэтакі жарт учыніў.
Нікому не кажучы, што вяльможны пан ішоў тады да замка, цэлы тыдзень пераграбаў я той друз: ці, барані Божа, не здарылася бяды. І толькі калі нічагусенькі там не знайшлося, усцешыўся я так моцна, што на тым месцы стаўлю святы крыж, цалкам дубовы, не фарбаваны, каб была памяць, як вяльможны пан у бяду не трапіў. Але жонка мая, па жаночай звычцы, непакоіцца… Дык таму я пакорна малю вяльможнага пана, каб даў нам знаць пра сябе, што жывы і здаровы…