Выбрать главу

Ксёндз пробашч гэтакі парадзіў мне выразаць надпіс на крыжы: “Non omnis moriar...”[258]

Каб людзі ведалі, што хоць стары замак – памятка даўніх часоў – і рассыпаўся на кавалкі, але ж ён не загінуў цалкам, і яшчэ нямала засталося, каб пабачылі нават нашы ўнукі…”

– Дык Вакульскі быў у краі!.. – усцешана выгукнуў Жэцкі і паслаў па доктара, запрашаючы прыйсці зараз жа.

Менш як праз чвэрць гадзіны з’явіўся Шуман. Два разы прачытаў ён ліст і са здзіўленнем пазіраў на павесялелы твар пана Ігнацы.

– Што доктар скажа?.. – трыумфальна спытаў Жэцкі.

Шуман здзівіўся яшчэ мацней.

– Што я скажу?.. – паўтарыў ён. – Сталася тое, што я прадказваў Вакульскаму яшчэ перад яго выездам у Балгарыю… Гэта ж ясна, Стах забіўся ў Заслаўлі.

Жэцкі ўсміхнуўся.

– Але ж падумай, пане Ігнацы, – казаў доктар, з цяжкасцю стрымліваючы хваляванне. – Падумай, бачылі яго ў Дамброве, як купляў набоі, потым бачылі яго ў ваколіцах Заслаўка, а потым, нарэшце, у самім Заслаўлі. Думаю, што ў замку нешта адбылося паміж ім і тою… тою грахаводніцаю… Бо ён нават мне раз сказаў, што хацеў бы праваліцца скрозь зямлю. Гэтак глыбока, як студня заслаўская…

– Каб ён хацеў забіцца, мог зрабіць гэта раней… Зрэшты, і пісталета хапіла б, навошта дынаміт, – адказаў Жэцкі.

– Дык і забіваўся ж… Але да апошняе цалі была гэта апантаная бестыя, дык пісталета яму было мала… Яму лакаматыў падавай, каб загінуць… Самазабойцы бываюць пераборлівыя, я ведаю!..

Жэцкі круціў галавою і ўсміхаўся.

– Дык што, да д’ябла, сам пан пра гэта думае?.. – злосна закрычаў Шуман. – Ці маеш іншую нейкую гіпотэзу?..

– Маю. Стаха вярэдзілі ўспаміны пра той замак, дык ён хацеў яго знішчыць, як Ахоцкі знішчыў грэчаскую граматыку, калі перапрацаваўся. Гэта яшчэ і адказ той панне, якая, падобна, штодня ездзіла тужыць да тых камянёў…

– Але ж гэта дзяцінства!.. Саракагадовы чалавек не можа рабіць вучнёўскіх учынкаў…

– Пытанне тэмпераменту, – адказаў Жэцкі спакойна. – Адны адсылаюць назад усе памяткі, а ён сваю высадзіў у паветра… Шкада толькі, не было тае Дульсінеі сярод камянёў.

Доктар задумаўся.

– Апантаная бестыя!.. Але дзе ж ён падзеўся, калі жывы?..

– Якраз цяпер ён вандруе з лёгкім сэрцам. А не піша, бо мы ўжо, відаць, усе яму абрыдлі… – цішэй скончыў пан Ігнацы. – Зрэшты, каб ён там загінуў, застаўся б нейкі след…

– Што ж, не даў бы слова, што пан не мае рацыі, хоць я ў гэта не веру, – прамармытаў Шуман.

Ён сумна пахітаў галавою і працягваў:

– Рамантыкі мусяць вымерці. Як ні круці. Цяперашні свет не для іх… Не засталося ўжо ніякіх таямніц, дык не верым мы ні ў кабет, падобных да анёлаў, ні ў ідэалы. Хто гэтага не разумее, мусіць загінуць або добраахвотна сысці…

– Але які стыльны чалавек!.. – скончыў ён. – Памёр, прывалены рэшткамі феадалізму… Загінуў, аж зямля здрыганулася… Цікавы тып, цікавы…

Раптам ён схапіў капялюш і выбег з пакоя з мармытаннем:

– Вар’яты!.. Вар’яты!.. Увесь свет заразілі б сваёй апантанасцю…

Жэцкі па-ранейшаму ўсміхаўся.

“Хай мяне д’яблы забяруць, – казаў ён сам сабе, – калі я не маю рацыі адносна да Стаха!.. Сказаў панне adieu! і паехаў… Вось і ўвесь сакрэт. Як вернецца Ахоцкі, даведаемся праўду…”

Ён быў у гэткім добрым гуморы, што выцягнуў з-пад ложка гітару, настроіў струны і пад акампанемент зацягнуў:

Вясна абуджаецца ў нашым краі,

Салоўкі ёй песнямі служаць;

У гаі зялёным, каля ручаю

Квітнеюць дзве пекныя ружы.

Востры боль у грудзях нагадаў, што яму нельга стамляцца.

Але ён адчуваў прыліў энергіі.

“Стах, – думаў ён, – узяўся за нейкую важную працу, Ахоцкі едзе да яго, дык і я мушу паказаць, на што здольны… Прэч мары!..

Напалеоны ўжо свет не палепшаць, і ніхто яго не палепшыць, калі і далей мы будзем паводзіць сябе, як лунацікі… Аб’яднаюся з Мрачэўскімі, выклічу Лісецкага, знайду Клейна і яшчэ пабачым, пане Шлянгбаўм, ці адзін ты разумны… Да ліха, што тут цяжкага – зарабіць грошай, калі раптам заманецца?

Ды з такім капіталам, ды з такімі людзьмі!..”

У суботу ўвечары, пасля таго, як разышліся экспэдэнты, пан Ігнацы ўзяў у Шлянгбаўма ключ ад тыльных дзвярэй крамы, каб аформіць вітрыну на наступны тыдзень.

Ён запаліў лямпу, з дапамогаю Казіміра дастаў з аднае вітрыны жардзінерку і дзве саксонскія вазы, а на іх месца паставіў японскія вазы і старарымскі столік. Потым адправіў слугу ісці спаць, бо любіў у самотнасці раскладаць дробныя рэчы, асабліва механічныя цацкі. Ён не хацеў, каб чалавек ведаў, што сам ён ахвочы пабавіцца крамнымі цацкамі.