Нешта нібы захрасла ў яго левым лёгкім.
“Астма?.. – прамармытаў ён. – Мушу сур’ёзна лячыцца. Іначай праз пяць-шэсць гадоў стану калекам… Ах, каб паклапаціўся я пра гэта гадоў дзесяць таму!..”
Ён прыкрыў вочы, і здавалася яму, што ўсё яго жыццё, ад хвіліны цяперашняе ажно да дзяцінства, разгорнутае перад ім у выглядзе панарамы, уздоўж якое ён плыве ў надзіва спакойным руху… Нязвыкла было толькі, што кожная карціна, якую ён мінаў, сціралася з памяці назаўсёды, і ўжо ніяк не мог ён прыгадаць таго, на што глядзеў хвіліну раней. Вось абед у гатэлі Еўрапейскім з нагоды адкрыцця новае крамы… Вось старая крама, а ў ёй панна Ленцкая размаўляе з Мрачэўскім… Вось ягоны пакой з закратаваным акном, куды толькі што ўвайшоў Вакульскі, які вярнуўся з Балгарыі…
“Хвілінку… а што я бачыў перад гэтым…” – думаў ён.
Вось сутарэнне Гопфера, дзе ён пазнаёміўся з Вакульскім… А вось поле бою, дзе блакітны дым падымаецца над лініямі сініх ды белых мундзіраў… А вось стары Мінцаль сядзіць у фатэлі і торгае за шнурок казака, што вісіць у акне…
“Ці я сапраўды гэта бачыў, ці ўсё гэта толькі сніў?.. Божа міласэрны…” – прашаптаў ён.
Цяпер здавалася яму, нібы ён малы хлопец і ў той час, калі бацька гутарыць з панам Рачкам пра імператара Напалеона, ён уцёк на паддашак і праз круглае акенца глядзіць на Віслу ў бок Прагі… Паступова, аднак, вобраз прадмесця затуманіўся ў яго перад вачыма і засталося толькі акенца. Спачатку было яно вялікае, як міса, а потым зменшылася да памераў срэбранае манеты…
З усіх бакоў адначасова ахоплівала яго забыццё і цемра, а хутчэй, непраглядная чарната, сярод якое толькі гэта акенца свяціла, нібы зорка з няспынна гаснучым бляскам.
Нарэшце, і гэта апошняя зорка згасла…
Можа, ён убачыў яе зноў, але ўжо не над зямным гарызонтам.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
А другой гадзіне прыйшоў слуга пана Ігнацы Казімер. Ён прынёс кош талерак і пачаў з грукатам расстаўляць іх на стале, а калі пабачыў, што пан не абуджаецца, загукаў:
– Калі ласка, пане, абед астыне…
А як пан Ігнацы і тады не паварушыўся, Казімер падышоў да шэзлонга ды паклікаў:
– Калі ласка, пане…
Раптам ён адступіў, выбег у сенцы і загрукаў у тыльныя дзверы крамы, дзе быў яшчэ Шлянгбаўм ды адзін з крамнікаў.
Шлянгбаўм адчыніў дзверы.
– Чаго ты хочаш? – злосна спытаў ён слугу.
– Калі ласка, пане… З нашым панам нешта здарылася…
Шлянгбаўм асцярожна ўвайшоў у пакой, зірнуў на шэзлонг і таксама адступіў…
– Бяжы па доктара Шумана!.. – загадаў ён. – Я не хачу сюды заходзіць…
У гэты час у доктара быў Ахоцкі і расказваў таму, што ўчора раніцаю вярнуўся з Пецярбурга, а апоўдні правёў на венскі цягнік сваю кузіну, панну Ізабэлу Ленцкую, якая паехала за мяжу.
– Уяві сабе, пане, – скончыў ён, – яна ідзе ў кляштар!..
– Панна Ізабэла?.. – не даў веры Шуман. – Што ж гэта, яна мае намер нават Пана Бога спакушаць, ці толькі шукае адпачынку пасля турботаў, каб больш пэўным крокам пайсці замуж?
– Не чапай ты яе… Незвычайная яна кабета… – ціха сказаў Ахоцкі.
– Усе яны здаюцца нам незвычайнымі, – незадаволена адказаў доктар, – пакуль мы не ўпэўнімся, якія яны дурніцы пустагаловыя… Можа, пра Вакульскага пан нешта чуў?..
– А! Менавіта… – адказаў Ахоцкі, але раптам стрымаўся і змоўк.
У гэты момант з’явіўся Казімір з крыкам:
– Пане доктар, нешта сталася з нашым панам. Хутчэй, пане!
Шуман сарваўся з месца, а разам з ім і Ахоцкі. Яны селі ў брычку і паімчалі да дома, дзе жыў Жэцкі.
У браме заступіў ім дарогу Марушэвіч з моцна заклапочаным выразам на твары.
– Ну, уяві сабе, пан, – звярнуўся ён да доктара, – я гэткую важную меў да яго справу… Гаворка пра мой гонар… А ён узяў ды памёр!
Доктар і Ахоцкі разам з Марушэвічам увайшлі ў кватэру Жэцкага. У першым пакоі быў ужо Шлянгбаўм, радца Вянгровіч і агент Шпрот.
– Каб піў брагу, – казаў Вянгровіч, – да ста гадоў бы дажыў. А так…
Шлянгбаўм заўважыў Ахоцкага і схапіў яго за руку:
– Пан дакладна хоча забраць грошы на гэтым тыдні?
– Так.
– Чаму ж гэтак спешна?..
– Бо я з’язджаю.
– Надоўга?
– Можа, назаўсёды, – рэзка адказаў той і пайшоў за доктарам у пакой, дзе ляжаў нябожчык.
За імі на дыбачках увайшлі астатнія.
– Што робіцца! – азваўся доктар. – Гэтыя гінуць, вы з’язджаеце… Хто ж тут урэшце застанецца?..
– Мы!.. – адначасова адказалі Марушэвіч са Шлянгбаўмам.
– У людзях недахопу не будзе… – дадаў радца Вянгровіч.