Убег Павел з анучаю і кінуўся пакупніку ў ногі.
– Але ж, пане, але ж перапрашаю!.. – апраўдваўся ачмурэлы пакупнік.
– Калі ласка, – сакатаў Мрачэўскі, – гэта наш абавязак. Здаецца, гэтыя будуць якраз, – казаў ён, падаючы пару счэпленых ніткаю галёшаў. – Дасканала. Выглядаюць цудоўна. У шаноўнага пана такая дасканалая нага, што з памерам ніяк не памылішся. Шаноўны пан жадае, пэўна, літаркі. Якія мусяць быць літаркі?..
– L. P., – буркнуў пакупнік, адчуваючы, што топіцца ў хуткай плыні красамоўства ветлівага крамніка.
– Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, зрабіце ласку, літаркі. Шаноўны пан загадае спакаваць старыя галёшы? Павел! Паабцірай галёшы і закруці ў бібулу. А можа шаноўны пан не жадае цягаць за сабою непатрэбшчыну? Павел, кінь галёшы ў скрыню… Плаціць два рублі пяцьдзясят капеек[15]… Галёшы з літаркамі ніхто шаноўнаму пану не падменіць, бо прыкра было б знайсці замест новага тавару дзіравыя зноскі… Два рублі пяцьдзясят капеек у касу з гэтым квітком. Пане касір, пяцьдзясят капеек рэшты шаноўнаму пану.
Перш чым пакупнік ачомаўся, ён быў абуты ў галёшы, атрымаў рэшту і з нізкімі паклонамі выпраўлены за дзверы. Пакупнік пастаяў з хвіліну на вуліцы, няўцямна пазіраючы ў шыбу, з-за якое Мрачэўскі адорваў яго салодкімі ўсмешкамі ды гарачымі позіркамі. Нарэшце махнуў рукою і пайшоў далей, разважаючы, відаць, што ў іншай краме за галёшы без літарак заплаціў бы дзесяць злотых[16].
Пан Ігнацы павярнуўся да Лісецкага і пахітаў галавою, паказваючы сваё здзіўленне і захапленне. Мрачэўскі, які краем вока заўважыў гэта, падбег да Лісецкага і гучна зашаптаў таму:
– Няхай пан зірне толькі, ці ж стары наш не падобны ў профіль да Напалеона ІІІ?[17] Нос... вус... гішпанка…
– Да Напалеона, калі той пакутаваў ад каменя ў нырках, – адказаў Лісецкі.
На гэты досціп пан Ігнацы закапыліў губу. Мрачэўскі ўвечары быў адпушчаны раней за сёмую, а назаўтра ў прыватным дзённіку Жэцкага з’явілася прысвечаная яму нататка: “Быў на «Гугенотах»[18] у восьмым радзе партэра з нейкаю Матыльдаю…???”
На суцяшэнне сабе той мог бы сказаць, што ў гэтым самым дзённіку маюць пра сябе нататкі і двое ягоных калегаў, апроч таго, інкасатар, пасыльныя і нават слуга Павел. Адкуль Жэцкі ведаў такія падрабязнасці жыцця сваіх працаўнікоў? Гэта была таямніца, якую ён нікому не адкрываў.
Апоўдні, а першай, здаўшы касу Лісецкаму, якому, нягледзячы на бясконцыя спрэчкі, ён найбольш давяраў, пан Ігнацы хаваўся ў сваім пакойчыку, каб з’есці абед, прынесены з рэстарацыі. У той самы час сыходзіў і Клейн, а вяртаўся ў краму а другой. Потым яны разам з Жэцкім заставаліся ў краме, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй ізноў усе былі на месцы.
А восьмай увечары краму зачынялі, крамнікі разыходзіліся і Жэцкі заставаўся адзін. Ён падбіваў рахункі за дзень, спраўджваў касу, занатоўваў, што трэба зрабіць заўтра, і прыгадваў: ці ўсё было зроблена з запланаванага на сёння. За кожную занядбаную справу ён плаціў доўгім бяссоннем і тужлівымі развагамі: пра банкруцтва крамы, пра канчатковы заняпад дынастыі Напалеонаў і пра тое, што ўсе надзеі, якія ён меў у жыцці, нічога не былі вартыя.
“Усё прапала! Гінем без ратунку,” – уздыхаў ён і круціўся на цвёрдым ложку.
Калі дзень быў удалы, пан Ігнацы быў задаволены. Тады перад сном ён чытаў гісторыю консульства і імперыі[19], газетныя выразкі з апісаннем італьянскае вайны 1859 года[20] або, што здаралася радзей, выцягваў з-пад ложка гітару ды граў на ёй “Марш Ракачы”[21], падпяваючы сумнеўным тэнарам.
Потым сніў ён шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска ў хмарах дыму… Назаўтра бываў ён змрочны і скардзіўся, што баліць галава.
Прыемным днём была для яго нядзеля, калі ён вырашаў, як будуць выглядаць на наступным тыдні вітрыны, і займаўся іх аздабленнем.
На ягоную думку, вокны служылі не толькі каб дэманстраваць тое, чым гандлюе крама, але яны мусілі яшчэ і прыцягваць увагу мінакоў: або моднымі рэчамі, або прыгожай іх выкладкай, або нейкімі фіглямі. Правая вітрына вабіла раскошаю; тут ставілася звычайна нейкая бронзавая статуэтка, парцалянавая ваза, будуарны столік з усёю сервіроўкаю, навакол – альбомы, падсвечнікі, партманеты, вееры разам з кійкамі, парасонамі і безліччу іншае элегантнае драбязы. А сярэдзіну левае вітрыны, дзе былі гальштукі, пальчаткі, галёшы ды парфума, займалі цацкі, часцей за ўсё – рухомыя.
15
16
17
18
19
20
21