Выбрать главу

Здаралася, што падчас гэтага самотнага занятку ў старым крамніку абуджалася дзіця. Тады ён даставаў і расстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які караскаўся на слуп, быў певень, які кукарэкаў, і спрытная мыш; цягнік рухаўся па рэйках, цыркавы блазан скакаў на кані, падымаючы над сабою другога блазна, і некалькі пар кружылася ў вальсе пад гукі невыразнае музыкі. Пан Ігнацы накручваў усе гэтыя фігуркі і адначасова пускаў іх рухацца. А калі певень пачынаў спяваць, лапочучы жалезнымі крыламі, нежывыя пары – кружыцца, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавяныя пасажыры цягніка, што ехаў без мэты, пачыналі здзіўлена пазіраць на яго, і ўвесь гэты лялечны свет у дрыготкім газавым асвятленні фантастычна ажываў, стары крамнік, успёршыся на локці, ціха пасмейваўся і мармытаў:

– Хе-хе-хе! Куды гэта вы едзеце, вандроўнікі?.. Нашто ты вярэдзіш сабе карак, акрабаце?.. Чаго вам абдымацца, танцоры?.. Скончыцца завод і пойдзеце вы ўсе назад у шафу. Бязглуздзіца, адна бязглуздзіца!.. А вам, каб вы ўмелі думаць, гэта здавалася б нечым важным!..

Пасля такога ці падобнага маналогу ён спехам збіраў цацкі і пачынаў неспакойна хадзіць па пустой краме, а за ім – ягоны брудны сабака.

“Бязглуздзіца гандаль… бязглуздзіца палітыка… бязглуздзіца выправа ў Турцыю… бязглуздзіца ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… Дзе ж праўда?..”

А з-за таго, што падобныя меркаванні ён выказваў часам уголас і на людзях, яго лічылі дзіваком, а шаноўныя пані, якія мелі дачок на выданні, не аднойчы казалі:

– Вось што робіцца з мужчынам, калі ён застаецца старым кавалерам!

З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга ды звычайна абмяжоўваўся тымі вуліцамі, на якіх жылі ягоныя калегі або работнікі крамы. Тады ягоная цёмна-зялёная альгерка[22] або табачнага колеру сурдут, шэрыя нагавіцы з чорнымі лампасамі і выцвілы цыліндр, а перадусім ягоная нясмеласць прыцягвалі агульную ўвагу. Пан Ігнацы гэта ведаў і на шпацыры выходзіў з вялікаю неахвотаю. Ён лічыў за лепшае запаліць свечку, пакласціся на ложак і цэлымі гадзінамі глядзець у сваё закратаванае акно, за якім відаць была шэрая сцяна суседняга дома, упрыгожаная адзіным, таксама закратаваным, акенцам, а на ім, бывала, стаяў гарнушак з маслам або вісела заечая тушка.

Але чым менш ён выходзіў з дому, тым часцей марыў пра нейкае далёкае падарожжа – у вёску альбо за мяжу. Усё часцей ён сніў зялёныя палі і цёмныя лясы, па якіх блукаў, бы прыгадваючы маладосць. Паволі абудзілася ў ім глухая туга па тых краявідах, і ён пастанавіў: адразу пасля вяртання Вакульскага з’ехаць некуды на цэлае лета.

– Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў, – казаў ён калегам, якія невядома чаго ўсміхаліся з гэтых праектаў.

Па ўласнай волі адасобіўшыся ад людзей і ад прыроды, занураны ў імклівы, але вузкі вір гандлёвых інтарэсаў, ён адчуваў моцную патрэбу пагутарыць з кімсьці. А з-за таго, што адным ён не давяраў, іншыя самі не хацелі яго слухаць, а Вакульскага не было, дык размаўляў ён сам з сабою і – у найвялікшым сакрэце – пісаў дзённік.

III. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

…Са смуткам назіраю я ў апошнія гады, што на свеце менш і менш робіцца добрых крамнікаў ды разважных палітыкаў, бо ўсе стараюцца адпавядаць модзе. Сціплы крамнік кожны квартал апранае порткі новага фасону, капялюш у яго ўсё больш дзівачны, а каўнерык штораз выкладзены іначай. Гэтак і цяперашнія палітыкі: кожны квартал мяняюць яны свае перакананні: некалі верылі ў Бісмарка, учора – у Гамбэту, а сёння – у Бікансфільда[23], які нядаўна яшчэ быў жыдком.

Ужо, відаць, забыліся, што ў краме трэба не прыбірацца ў модныя каўнерыкі, а прадаваць іх, бо іначай пакупнікам будзе не ставаць тавару, а краме – пакупнікоў. У палітыцы ж не варта разлічваць на шчасліўцаў, а толькі на вялікія дынастыі. Метэрніх[24] быў гэтакі ж славуты, як і Бісмарк, а Пальмерстон[25] яшчэ больш слаўны за Бікансфільда, і хто сёння пра іх памятае? Тым часам род Банапартаў трос Еўропу пры Напалеоне І, потым пры Напалеоне ІІІ, і сёння, хоць некаторыя называюць яго банкрутам, род гэты ўплывае на лёс Францыі праз сваіх верных слуг Мак-Магона і Дзюкро.

Пабачыце яшчэ, што зробіць Напалеонак ІV[26], які паціху вучыцца вайсковаму майстэрству ў англічан! Але ж годзе! Бо ў сваёй пісаніне не пра Банапарта, а пра сябе я хачу расказаць, каб ведалі, як гадаваліся добрыя крамнікі ды, хоць і невучоныя, але разумныя палітыкі. Для гэтага не трэба акадэмій, дастаткова прыкладу – дома і ў краме.