Выбрать главу

– Не веру, – прамармытаў пан Рачак.

– А як знойдзецца, тады што? – спытаў бацька.

– Не дачакаемся мы гэтага.

– Я дачакаюся, – адказаў бацька. – А Ігнась дык пэўна што дачакаецца.

Ужо тады бацькавы словы глыбока запалі мне ў душу, а пазнейшыя падзеі надалі ім цудоўны, амаль прарочы сэнс.

Блізка 1840 году бацька занядужаў. Здаралася, што па некалькі дзён не хадзіў ён на працу і нарэшце зусім злёг.

Пан Рачак адведваў яго кожны дзень і аднаго разу, пазіраючы на ягоныя ссохлыя рукі і пажоўклы твар, ціха прамовіў:

– Гэй, стары, ужо не дачакаемся мы, хіба, Напалеона.

На што бацька спакойна адказаў:

– Я не памру, пакуль пра яго не пачую.

Пан Рачак пахітаў галавою, а цётка заплакала, мяркуючы, што бацька трызніць. Як тут было думаць што іншае, калі смерць ужо стукалася ў дзверы, а бацька яшчэ выглядаў Напалеона.

Было яму ўжо зусім блага, нават прыняў ён апошні сакрамэнт, калі праз пару дзён пан Рачак прыбег да нас нязвыкла ўзбуджаны і закрычаў на ўсю хату:

– А ведаеш, стары, знайшоўся Напалеон?![30]

– Дзе? – выгукнула цётка.

– Ды ў Францыі ж.

Бацька падхапіўся быў, але зноў апаў на падушкі. Адно толькі працягнуў ён да мяне руку і з позіркам, якога мне век не забыць, прашаптаў:

– Помні!.. Усё помні…

І памёр.

Пазней у сваім жыцці я пераканаўся, якімі прарочымі былі бацькавы словы. Усе мы бачылі ўзыход другой напалеонаўскай зоркі, якая абудзіла Італію і Венгрыю[31], і хоць закацілася яна пад Седанам[32], я не веру, што згасла назаўсёды. Што мне той Бісмарк, Гамбэта ці Бікансфільд! Несправядлівасць да тае пары будзе ўладарыць на свеце, пакуль не выгадуецца новы Напалеон.

Праз пару месяцаў пасля смерці бацькі пан Рачак і пан Даманьскі разам з цёткаю Зузанаю сабраліся на нараду, што рабіць са мною. Пан Даманьскі хацеў забраць мяне ў сваю кантору і паволі вывесці ў чыноўнікі, цётка раіла рамяство, а пан Рачак – гандаль гароднінаю. Калі ж яны запыталіся ў мяне, куды б мне хацелася, дык я адказаў: “У краму”.

– Хто ведае, ці не будзе гэта лепш за ўсё, – заўважыў пан Рачак. – А да якога купца ты б хацеў?

– Да таго на Падвалю[33], у якога ў дзвярах– палаш, а ў акне – казак.

– Ведаю, – здагадалася цётка. – Ён хоча да Мінцля[34].

– Можна паспрабаваць, – згадзіўся пан Даманьскі. – Мінцля, прынамсі, усе мы ведаем.

А пан Рачак на знак згоды цыркнуў слінаю аж да печы.

– Божа міласэрны, – заенчыла цётка, – цяпер гэты драб на мяне ўжо, хіба, пачне пляваць, як брата не стала… Вой, горкая я сірата!..

– Тае бяды! – сказаў пан Рачак. – Выходзь, вашамосць, замуж, дык і не будзеш сіратою.

– Дзе ж я знайду гэтакага дурня, каб мяне ўзяў?

– Гэ! Можа, я і сам ажаніўся б з еймосцю, бо няма каму бакі мне шмараваць, – прамармытаў пан Рачак, цяжка нахіляючыся да самае падлогі, каб выбіць попел з люлькі.

Цётка заплакала, і тады азваўся пан Даманьскі:

– Нашто тут доўгія цырымоніі. Еймосць засталася без апекі, у яго няма гаспадыні… Пабярыцеся і прыгарніце Ігнася, будзе ў вас нават дзіця. Ды і таннае дзіця, бо жыць і харчавацца будзе ў Мінцля, а з вас – толькі апратка.

– Га?.. – запытаў пан Рачак, пазіраючы на цётку.

– Ну... аддайце спачатку хлопца ў навуку, а тады… можа, і наважуся, – адказала цётка. – Я заўсёды адчувала, што марна скончу...

– Дык да Мінцля! – гукнуў пан Рачак, падымаючыся з зэдліка. – Але глядзі, вашамосць, каб не падманула мяне! – дадаў ён і паказаў цётцы кулак.

Яны з панам Даманьскім пайшлі і дзесьці гадзіны праз паўтары вярнуліся, абодва моцна зачырванелыя. Пан Рачак засопся, а пан Даманьскі ледзь трымаўся на нагах, відаць таму, што сходы ў нас былі вельмі стромкія.

– Ну што?.. – запыталася цётка.

– Новага Напалеона пасадзілі ў Прахоўню[35], – адказаў пан Даманьскі.

– Не ў прахоўню, а ў крэпасць. А-у... А-у... – удакладніў пан Рачак і шпурнуў шапку на стол.

– Але ж з хлопцам як?

– Заўтра хай ідзе да Мінцля з адзеннем і бялізнаю, – адказаў пан Даманьскі. – Не ў тую крэпасць А-у... А-у... а ў… Гам-Гам… ці Хам… я нават не ведаю…

– Звар’яцелі, п’янюгі! – крыкнула цётка, хапаючы пана Рачка за плячо.

– Толькі без фамільярнасці! – абурыўся пан Рачэк. – Пасля шлюбу будзе і фамільярнасць, а цяпер… Мусіць заўтра прыйсці да Мінцля з вопраткай і бялізнаю… Няшчасны Напалеон!..

Цётка выпхнула за дзверы пана Рачка, потым – пана Даманьскага і выкінула следам шапку.

– Прэч пайшлі, п’яніцы!

– Віват, Напалеон! – загарлаў пан Рачак, а пан Даманьскі зацягнуў: