- От як вырастае чалавек.
Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат - арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос. Цяпер гэта рабiлася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:
- Увесь век гараваў, гараваў, збiраў па саломiне, i нават котла роднага адцурацца трэба.
Аднак iшлi, бо, шкадуючы чагосьцi невыразнага ў старым, пачыналi ўжо баяцца яго.
Гэтак вось i Амiля спахмурнела была, калi чарга прыйшла i да Андрэевай старой хаты:
- Мне не шкода гэтых катухоў i пакут ранейшых, але так нешта, я i сама не ведаю, што гэта.
Андрэй, можа, i зразумеў яе, але нiчога сказаць не мог iншага, як толькi:
- Гэта так з чалавекам бывае.
Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Амiляю:
- Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калi хочаш, дык рэшткi бушмараўшчыны, якiя спрадвеку ўкаранiлiся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...
- Тут я ўспамiнаю пра ўсё, што было, тут паўмiралi бацькi, тут...
- Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкiнем.
Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзiлася яму i далёка выязджаць адсюль, ён меў цiкавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую iмклiвасць, часта задумваўся i навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Амiляю:
- ...Нам от, можа, i думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, i мы чагосьцi шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калi вось усюды будзе поле вырабленае, калi згладзiм мы з зямлi ўсе дзiкiя зараснiкi, выкарчуем дзiкiя ўзлескi - i жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе iм дзе тады вясцiся, i не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады i чуць гэтага iх лёту ўвосень цi ўвясну. Нам часам i шкада цi то якраз гэтага iхняга лёту, цi то чаго iншага разам з гэтым...
- Бо мы прывыклi да гэтага, - здагадалася ўсмешкай Амiля.
- Прывыклi, з гэтым мы жылi, вырасталi. Гэта было разам у нас з уцехамi i з слязьмi. Амiля думала i маўчала.
- ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьцi новае, што будзе дзецям нашым ды i нам яшчэ такiм, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе i ўсё новае. Толькi што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкiм, як было ўсё дагэтуль.
Ён гаварыў доўга i цешыў Амiлю гэтым сваiм новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапiлася гэтым, пачула ў сябе прылiвы непераможнай радаснай сiлы.
- Нашы дзецi ўжо не будуць гэтакiмi, - зноў здагадалася яна. - Толькi нам трэба, можа, нават дзе i з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. I дзеля сябе i дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабiлi. Я от табе скажу гэта адным словам - забiць i вытруцiць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...
Ён гаварыў як бы не адной толькi Амiлi, пасля змоўк i пра штосьцi думаў. Доўга гэтак стаялi ў старой хаце, што дажывала апошнiя днi свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амiлю. У яе ружавеў ад узбуджанасцi твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвiтаннi Ўладзя моцна сцiснуў яе руку. I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.
III
Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:
- Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.
Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.
Тады, адразу пасля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засцiгнуць дзе ды прыбiць яе. Пасля думка гэтая перайшла на Андрэя i на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калiсьцi варушыўся Вiнцэнты. Толькi той лiслiвенька да кожнага падыходзiў, а гэты сваёй воўчай панурасцi не трацiў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: "Дарэмна я тады чуць не абязвечыў Вiнцэнтага i адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснiкам мог бы быць, каб паслухаў тады яго". Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамi нават перасiльваць пачаў сваю ваўкаватасць i даходжваць да тых хутароў, што засталiся яшчэ наводдалек. Але ўсё ж там людзi не мелi з iм адных iнтарэсаў - там яны з калектывам змагалiся, але са "сваiм", iншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблiзу, - меншы Вiнцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену i асесцi на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакiх, што не пайшлi разам з усiмi, а ахоўвалi ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой "сам сабе панам". Гэта - з таго краю вёскi, некаторыя нават перанеслi на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты i аселi дробнымi асэсарамi. Чакалi ўсё "змены ўлады", а найбольш, "што палякi прыйдуць". Там Бушмар i бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вiнцэнтавым сынам зрабiлi былi выгляд, што нiчога прыкрага мiж iмi не было, а пасля гэта, вельмi хутка, стала абыкласцю, i ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё ж часамi ўзбягала на думку тое, як Вiнцэнты ляжаў прыбiты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры снег. Раз нават ён, як бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вiнцэнтага. Ён пазаiкаўся крыху, выразна не могучы выказаць тое, што хацеў, а гаварыць трэба было асцярожна. Вiнцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, i сам штосьцi заблытаў словамi. Так яны абодва змоўклi i па той раз маўчалi пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, нi то што гэта вельмi хацеў бачыць гэтых людзей цi гаварыць з iмi, але ён чуў, як у iм рабiлася нейкая работа i пасля як мае быць (чаго раней з iм нiколi не было!) меў у галаве сваёй нават план нейкi сваёй дзейнасцi. Нейкая рыса з'явiлася ў iм новая, як бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вiнцэнтага. Гэта было штосьцi падобнае да хiтрасцi, хоць i не хiтрасць. Ён усё блiжэй трымацца пачаў Вiнцэнтавага сына, а той таксама штосьцi трымаў у галаве сваёй, часамi даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелi новыя калгасаўскiя будынкi. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга калгасаўца, ён гаварыў i пра нейкае парабкоўства ў кагосьцi калгасаўцаў, i пра нейкую паншчыну, якая нейкiм робiцца. Старэйшы брат усмiхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё: