- Амiля? - неспадзеўкi сказаў ён першы раз за гэты дзень яе iмя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе з'яўлення.
- Я iду дадому на сёння, даўно не была, заўтра на свiтаннi прыйду. Тут усё ў парадку.
- Iдзi, - адказаў ён адразу.
Яна заспяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволi пайшоў назад. Так ён сярод цiшынi спаткаў першы вечар у роднай сялiбе.
"Ёй не хочацца быць тут са мною, - думаў Бушмар уночы, - пайшла, уцякла. Баiцца".
Ён усмiхнуўся жорстка i цiха, як бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.
- Гэта вы самi, мамуня, падгаварылi яе застацца да нас? - падышоў ён, устаючы на свiтаннi, да старой.
- Каго? - не зразумела адразу мацi.
- Амiлю?
Стогнучы i вохкаючы, мацi гаварыла:
- Яна толькi як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прыйшла прасiцца. Дзе ж яна тут ноймецца iначай, няма тут лiшне дзе i да каго, а так ёй жыць - хто яго ведае як i з чаго. У хаце - галота.
- Шпарка ж яна аўдавела, - панура сказаў Бушмар.
III
За колькi год перад гэтым на тым самым месцы, дзе стаяў на змроку Бушмар, калi напаткала там яго Амiля, адбылося адно не зусiм звычайнае здарэнне, польскiя салдаты стаялi тады густа па ўсiх суседнiх вёсках. Бушмар жыў у сваiм звычайным жывым спакоi. Раз у два тыднi выязджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як i заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамi ж ён падыходзiў праз свой лес да вёскi. Там ужо чакала яго Амiля. Часта яна выходзiла яму на спатканне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзiлiся блiзка адно пры адным на паваленай ялiне. Лес цiха гуў, страсаючы з сябе сухiя iголкi i снег. Снег быў i пад нагамi ў iх - абледзянелы, гладкi i ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае каленi, яна згiналася ў яго руках, рабiлася маленькаю перад iм, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносiў яе праз усю паляну да дарогi, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнiкаваю сцяною i пiльнаваў яе ўзрокам сваiм. Замарожаная цiшыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цiшыню. Яна знiкала з вачэй яго недзе ў цёмным мiргаценнi сцен i стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася наводшыбе за колькi крокаў ад лесу. Ён пасля паволi падаваўся ў свой бок, нiколi не познячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзiў нi доўга нi коратка - iшоў, як iшоў у рабоце, а вечарам Бушмар зноў iшоў праз лес.
У той памятны для некаторых вечар Амiля была такая, як i кожны раз маленькая, блiзкая. Яна нават больш, як заўсёды, праседзела ў яго на каленях, але ўжо, калi ён памкнуўся давесцi яе да самага дому, яна сказала скрозь прынадны смех:
- Я адна перабягу, а ты iдзi.
Звярыная трывога ўкалола яго. Ён, як з помстаю, да болi сцiснуў яе пальцы; яна аж закрычала цiха. Ён сцiснуў руку ёй яшчэ мацней.
- Бяжы, - як бура, дыхнуў ён.
I сам пайшоў, але злосная трывога не пакiдала яго. Як на тое ўсё роўна iшлося. З паўдарогi ён вярнуўся ў вулiцу i прыпынiўся каля знаёмай хаты. Праз акно ён убачыў, як Амiля стаяла ля стала i моцна смяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара i ўбачыў з другога боку стала паляка з афiцэрскiмi нашыўкамi на зялёным салдацкiм сурдуце. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурылiся, губы сцiснулiся.
Па вулiцы хадзiла колькi жаўнераў. З сваiмi польскiмi няспрытнымi жартамi яны зазiралi ў вокны, дзе былi дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменне i сеў на бярвеннях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалi дзверы, i дзве постацi пайшлi паволi на вулiцу. Бушмар краўся следам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскiмi жартамi, а Амiля, як шамкамi, звiнела вясёлым смехам i пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:
- Цепер позна...
- Панна мувi "цепер" - хо-хо!
Паляк сам рагатаў i ўсё трымаў за руку Амiлю. Бушмар следам за iмi выйшаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу i краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкi. Тут яму зноў прыйшлося прыпынiцца i стаць пад дрэвам, паляк доўга трымаў Амiлю, пасля павёў назад у вулiцу. Яна ўсё смяялася, весела i гуллiва. Бушмар iрваўся падбегчы да iх. Нарэшце яна зноў пайшла з iм з вулiцы. Так Бушмар прастаяў доўга. I што больш за ўсё страсянула яго, гэта Амiлiн смех, такi бесклапотны, шчыры, вясёлы. I гэтакi ж знаёмы яму.
Бушмар цярпеў i дачакаўся канца. Было з палавiна ночы, калi ён убачыў паляка аднаго. Той iшоў дарогаю, мiнаючы ўбаку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам i пайшоў насустрач.
- Хто? - гукнуў паручнiк.
- Чалавек! - гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукi i стаў так на дарозе.
Паручнiк падышоў, трымаючыся за рэвальвер.
- Сконт?!
Бушмар як стаяў, кiнуўся наперад i грунуў кулакамi паручнiку ў грудзi. Той адно звiўся Бушмару пад ногi i духу не ўказаў.
Можа б, i не лiшне ўзялi б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знiк з дому. Назаўтра пасля забойства паручнiка знайшлi пасярод дарогi, i следства пачало трэсцi кожную хату. Былi i ў Бушмара, але нiчога не даводзiла яго вiнаватасцi, хiба толькi што сляды на снезе зварочвалi з дарогi на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i цi мала куды i чаго ходзяць людзi напрамiк, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калi на трэцi дзень з'явiлiся, каб забраць яго, у хаце знайшлi адну мацi. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, "таксама на арэндзе ў найяснейшага князя". Яе перацягнулi колькi раз нагайкаю i дапыталiся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Амiля расказала ўсё, як гадзiн за тры да развiтання з польскiм афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля "бавiлася ў хаце i на вулiцы з панам паручнiкам". Праз месяцаў два яе выпусцiлi, а Бушмара i ў брата не знайшлi - счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.
Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякi хутар яго паскублi, дый так мацi пачала рашаць гаспадарку, бо не было сiлы ўпраўляцца адной.
Нiкому Бушмар нi ў чым не прызнаўся, нават самой Амiлi, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольнiцкi зiрк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.
- Не я забiў, - адказаў ён i мацеры.
I мацi з таго была ўпэўнена, што сын яе не вiнаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькi калi-нiкалi ўспамiналi людзi. На Бушмара ж, можна сказаць, нiхто i не думаў цяпер.