Віталь Вольскі
Лёс Дункана
Мастак У. Гладкевіч.
Хто такі Дункан?
Загадзя мушу папярэдзіць, што Дункан — леапард.
На зямлі жыве акрамя нас і побач з намі даволі вялікая колькасць розных істот, у першую чаргу — звяроў і птушак, якія знаходзяцца з намі ў рознабаковых, часам складаных і супярэчлівых узаемаадносінах. Мы мала іх ведаем, а некаторыя зусім не ведаюць. Маюць аб іх вельмі цьмянае, a то і няправільнае ўяўленне.
Чалавек, жадае ён ці не жадае, ведае ці не ведае, арганічна і непарыўна звязаны з прыродай — з лясамі, палямі, гарамі, стэпамі і пустынямі, з морамі, рэкамі і балотамі, звярамі, птушкамі і рыбамі. Ён не можа без іх існаваць, як не можа існаваць без паветра, вады і ежы, без святла і цяпла. Чалавек — усяго толькі частка прыроды, частка навакольнага асяроддзя. I як ён уплывае сваёю дзейнасцю, самім фактам свайго існавання на прыроду, так і прырода ўплывае на яго. Жыццё, здароўе, самаадчуванне і настрой чалавека залежаць і ад змен надвор’я, атмасфернага ціску, ад тэмпературы паветра і вады, ад ураджаю ці недароду тых ці іншых раслін, ад наяўнасці ці адсутнасці некаторых звяроў і птушак, ад вялікага мноства розных, часам не вядомых і не зразумелых прычын, звязаных са з’явамі прыроды. Чым больш мы будзем цікавіцца імі, тым лепш для нас. I ў першую чаргу гэта датычыцца нашых узаемаадносін з усё яшчэ таямнічым светам звяроў і птушак, які нас акружае з маленства.
Вось у мяне і з’явілася жаданне напісаць пра жыццё леапарда Дункана, які існаваў у сапраўднасці і якога не забылі яшчэ і да гэтых дзён.
Спадзяюся, што чытач даруе мне невялікі ўступ, і я пачну цяпер расказваць усё па парадку. У той паслядоўнасці, у якой падзеі, што мяне зацікавілі, адбываліся на працягу двух з лішнім гадоў.
Сіротка
Даўней, гадоў пятнаццаць — дваццаць назад лічылася, што леапарды ў няволі не нараджаюцца. Цяпер паведамленне аб тым, што самка леапарда нарадзіла ў клетцы малых, нікога не здзівіць. Асноўная задача — каб нованароджаныя засталіся жывыя, каб іх выгадаваць, бо самка леапарда ў няволі не хоча карміць сваіх дзяцей, не хоча іх даглядаць. Напэўна, няма ў яе для гэтага адпаведных умоў. Нечага ёй, відаць, не хапае. Стварэнне такіх умоў — справа будучага.
У снежні 1957 года самка леапарда ў заапарку горада Гродна нарадзіла трох малых. Гэта ўсхвалявала і ўзрадавала ўсіх работнікаў заапарка. Толькі сама парадзіха аднеслася да падзеі з дзіўнай абыякавасцю. Спачатку яна ляжала з малымі, сагравала іх цеплынёю свайго цела і карміла малаком, але неўзабаве раптам паднялася і адышла ў другі бок клеткі. Адбылося гэта ўначы. Калі работнікі заапарка з’явіліся раніцай на работу і падышлі да клеткі, то ўбачылі, што двое малых ужо загінулі. Трэцяе, крыху буйнейшае за іншых, было яшчэ жывое.
Сляпое і бездапаможнае леапардзяня калацілася ўсім целам ад холаду і тоненька, ледзь чутна папісквала, як хворае кацяня, тыцкаючыся носікам у падлогу, але маці не звяртала на яго ніякай увагі. Яна не хацела нават і глядзець на сваё дзіця. Матчын інстынкт, як гэта часта бывае ў дзікага звера ў няволі, пакінуў яе. Зрэдку, праўда, падыходзіла яна, паглядала на сына з яўнай непрыхільнасцю, а потым падштурхвала носам, як нейкую непатрэбную рэч, адсоўвала ўбок, пазяхала і адыходзіла з абыякавым выглядам.
Што рабіць? Як ратаваць малога?
Яму пагражала пагібель. Леапардзяня амаль зусім скалела і нерухома ляжала на падлозе.
I тут яго ўзяла на рукі экскурсаводка заапарка і занесла да сябе на кватэру.
Вельмі гэта была складаная справа гадаваць на гарадской кватэры леапарда! Дункана, так назвалі леапардзяня, кармілі спачатку каровіным малаком, разбаўленым гатаванай вадой, цукрам і вітамінамі. Потым зменшылі колькасць вады і пачалі дадаваць у малако сырое яйка і цёртую сырую пячонку.
Праз тыдзень у Дункана прарэзаліся вочы, спачатку адно, а потым і другое. Ён пачаў глядзець на белы свет, але погляд яго быў яшчэ пазбаўлены сэнсу. Дункан недарэчна ўглядаўся ў прадметы. Хадзіў па падлозе слаба, няўпэўнена. Часта хістаўся, траціў раўнавагу і падаў.
Праз месяц пасля нараджэння леапардзяня зрабілася «зубастым»: у яго прарэзаліся ўсе зубы і іклы, верхнія і ніжнія.
Дзень пры дні сіротка рос і папраўляўся. На соску ён накідваўся з такой прагнасцю, што разрываў яе на шматкі. Давялося перад кармленнем спавіваць яго, як дзіця, каб мог смактаць малако ціха і спакойна. Усё больш значнае месца пачало займаць у яго харчаванні мяса.
Выхавальніца, мы назавём яе тут Аленай Аляксандраўнай, не шкадавала для свайго гадаванца ні часу, ні працы. Дункан выжыў, вырас і з малой бездапаможнай істоты ператварыўся ў маладога, прыгожага і спрытнага звера.