Выбрать главу

Дункан схіліў круглую галаву і падставіў шыю, каб яго пагладзілі. Потым пацягнуўся, выгнуў спіну і пазяхнуў, паказаўшы на імгненне бліскучыя белыя зубы і ружовы язык. Нарэшце лёг каля дзяўчынкі, паклаўшы галаву на пярэднія лапы.

— Кіся, кіся, — узрадавана прашаптала малая, абхапіла рукою Дункана за шыю і прытулілася да яго цёплай поўсці. I магутны леапард замуркаў і завуркатаў, нібы хатняе кацяня. Ён заплюшчыў вочы і неўзабаве задрамаў. Заснула і дзяўчынка. Небяспечны драпежнік мірна драмаў побач з малым дзіцем. Яснае летняе сонца лагодна ззяла над імі.

Раптам леапард прыўзняўся, павярнуў галаву ў бок дома і насцярожана прыслухаўся. Вушы дзікіх звяроў успрымаюць больш гукаў, чым вушы людзей. Слых у звяроў тонкі і дасканалы, а ў леапарда ён асабліва востры. У наступную хвіліну Дункан бясшумна ўсхапіўся і лёгкім, грацыёзным скачком пераляцеў, зрабіўшы доўгую дугу, цераз плот. Яшчэ праз хвіліну ён знік у лесе.

Калі дзяўчынка прачнулася, вялікай «кісі» побач з ёю не было.

З дому ішла маці.

— Мама, мама!.. — крыкнула дзяўчынка і памкнулася ёй насустрач. Яна хацела расказаць пра прыгожую «кісю», але ёй не хапіла слоў. Дзяўчынка толькі паўтарала з захапленнем: — Кіся, кіся… Мама, тут была кіся!.. — I паказвала на зямлю каля посцілкі.

— Кіся? — здзівілася маці. — Адкуль? Якая кіся, Дануська? У нас жа кошкі няма. А, — здагадалася яна раптам, — ты ж нядаўна кніжку з малюнкамі разглядала. Там, сапраўды, была кіся намалявана. Вось яна табе, відаць, і прыснілася. Гэта быў сон, дачушка! Ну і добра, мы паспалі, а цяпер пойдзем, Дануся, малачко піць!

Каб маці была больш уважлівая, то напэўна ўбачыла б, што трава на тым месцы, на якое паказвала дзяўчынка, была прымята, а на пяску сцежкі, крыху далей, захаваўся след звера, адбітак вялікай круглай лапы, падобны на павялічаны разоў у дзесяць след звычайнай кошкі. Але жанчына нічога не заўважыла. Яна пацалавала сваю маленькую дачку і павяла яе за руку ў дом.

А Дункан тым часам даўно ўжо блукаў па лесе, выглядаючы сабе новае месца для адпачынку. Спаў ён цяпер звычайна на дрэвах, як і ўсе леапарды на волі.

У лясах Латвіі

Мінулі вясна, лета і восень. Зноў надышла зіма.

За гэты час Дункан апынуўся далёка за межамі Беларусі. Ён прайшоў цераз усю Літву з поўначы на поўдзень і праз большую частку Латвіі ў паўночна-заходнім напрамку. Пачатак вясны 1960 года напаткаў яго ў Лімбажскім раёне, непадалёку ад марскога ўзбярэжжа.

Чаму ён прыйшоў менавіта сюды? Чаму ў сваім падарожжы з Гродна ўвесь час пасоўваўся ў бок Балтыйскага мора?

Ці гэта было выпадкова?

Ніхто не ведае. Ніхто не зможа адказаць на гэта дакладна. Можна толькі выказваць розныя здагадкі і меркаванні.

Пакаленні продкаў Дункана жылі ў клімаце з вільготным паветрам, у якім моцна адчуваецца подых Ціхага акіяна. Магчыма, інстынкт падказаў, куды трэба ісці, каб трапіць бліжэй да мора. Можа, пра гэта сказаў яму вільготны заходні вецер, які дзьмуў з таго боку, і Дункан ішоў заўсёды насустрач гэтаму ветру і знаходзіў правільны кірунак?

Не ведаем мы і таго, як пераправіўся Дункан цераз шырокую Заходнюю Дзвіну, якую ў Латвіі называюць Даўгавай. Мы ведаем толькі, што Дункан любіў купацца, любіў ваду, якая заўсёды вабіла яго. Можна ўявіць, як у цёплую летнюю ноч вылез Дункан з кустоў лазы, падышоў да шырокай і шматводнай ракі. Вось ён павольна ўвайшоў у ваду і паплыў, накіроўваючыся да супрацьлеглага берага. Жоўтыя вочы яго неадрыўна глядзяць наперад, ён перабірае ў вадзе шырокімі лапамі, стараецца плыць па прамой лініі, а шпаркая плынь адносіць яго ўсё ніжэй і ніжэй. I ніхто ў гэтую цёмную ноч не бачыць, як пераплывае латвійскую раку невядомы госць, экзатычны звер з Далёкага Усходу.

Вось ён дабраўся нарэшце да пясчанага мелкаводдзя, выйшаў з ракі на лясісты паўночны бераг і знік у цемры за дрэвамі.

А можа, усё было зусім не так і Дункан перайшоў раку зімовай ноччу, па лёдзе?

Як бы там ні было, але, вандруючы з лесу ў лес, з пералеску ў пералесак, Дункан апынуўся пад канец свайго падарожжа ў Латвіі, у Лімбажскім раёне, і затрымаўся тут да канца зімы.

Песні вясны

Апоўдні сонца пачало прыграваць усё мацней, і днём у шматлікіх лужынах бадзёра купаліся жвавыя вераб’і. Між імі ўсё часцей узнікалі шумныя сваркі, а па вечарах птушкі зашываліся ў голле дрэў, бо невялікі мароз скоўваў лужыны тонкім лядком. На пацямнелым снезе ўсюды з’явіліся праталіны з бурай леташняй травой. Маўклівы лес абуджаўся, ажываў, пачынаў напаўняцца рознымі гукамі.