Калі там не было дзяцей, з якімі можна пагуляць, Дункан хаваўся ў пад’ездзе і падпільноўваў прахожых. Ідзе хто-небудзь міма, а Дункан кідаецца раптам на яго з засады, хапае чалавека за плечы і ўсім цяжарам свайго цела валіць на зямлю, запрашаючы пагуляць.
Не кожнаму, зразумела, падабаліся такія нечаканыя, хаця і жартоўныя напады.
Суседзі баяліся Дункана, не давяралі яму. Між тым ён нікому не хацеў зла, нікога не хацеў пакрыўдзіць. Кідаючыся на людзей, Дункан не выпускаў кіпцюроў. Было яму тады месяцаў сем, быў Дункан дужы і цяжкі.
У восем месяцаў ён стаў ростам з вялікага сабаку. Толькі лапы заставаліся караткаватыя ў параўнанні з велічынёю і даўжынёю цела, але шырокія і магутныя. Трымаць яго на руках было ўжо немагчыма. Сам Дункан гэтага не разумеў і лез да сваёй гаспадыні на калені, прасіўся на рукі, цёрся галавой і бокам, нібы кошка. Калі ж незнарок удараў хвастом, то здавалася, што гэта быў удар моцнага каната. На месцы ўдару заставаўся часам сіняк.
Яшчэ трохмесячным Алена Аляксандраўна пачала браць Дункана з сабой на работу. Ён заўсёды ахвотна і паслухмяна хадзіў з ёю па вуліцы, спачатку на скураным павадку, а потым, калі падрос, на ланцугу. Толькі заставацца адзін на прывязі не хацеў, ірваўся з усёй сілы. Кожную раніцу ішоў ён са сваёй выхавальніцай у заапарк, а пад вечар вяртаўся адтуль дамоў. Калі траплялася ісці паўз раку, імкнуўся ў ваду, бо вельмі любіў купацца.
Трымаць яго далей у кватэры стала немагчыма, і Дункана перасялілі ў заапарк. Тут жыў ён цяпер адзін у вялікай і даволі прасторнай клетцы. Спачатку сумаваў, а потым прывык.
Алена Аляксандраўна кожны дзень наведвала свайго выхаванца. Яна сама карміла Дункана і гуляла з ім, каб ён не адчуваў сябе пакінутым.
Жыццё ў клетцы
Час ляцеў хутка і непрыкметна.
З выгляду Дункан ужо амаль нічым не адрозніваўся ад дарослага леапарда.
Перад яго клеткай заўсёды тоўпіліся людзі. З цікавасцю глядзелі яны на прыгожага звера, любаваліся яго лёгкімі і пластычнымі рухамі, у якіх выразна адчувалася вялікая, але схаваная, стрыманая сіла. Здавалася, што ў гэтым мяккім і гнуткім целе зусім няма касцей — адны толькі мускулы ледзь прыкметна варушацца пад скурай.
Шпарка, бясшумна і лёгка хадзіў Дункан па клетцы. Часам ён імкліва і нястрымна кідаўся па дыяганалі з аднаго кута ў другі, быццам залацістая маланка з чорнымі плямамі. Рухі ў яго былі такія лёгкія і шпаркія, павароты такія нечаканыя, што чалавечае вока ледзь паспявала іх ухапіць. Здавалася, быццам леапард лётае ў паветры, не дакранаючыся лапамі ні да сцен, ні да падлогі.
Аднойчы Дункан кінуўся на краты ўсім сваім гнуткім і паваротлівым, але даволі ўжо цяжкім целам. Тоўстыя жалезныя перакладзіны загулі, але не паддаліся. Леапард адштурхнуўся ад іх, адкінуўся назад і ў тую ж хвіліну скочыў у паветра. Ён праляцеў над падлогай метры са два і гэтак жа лёгка і плаўна апусціўся на мяккія, дужыя лапы.
Такія практыкаванні Дункан пачаў рабіць кожны дзень, каб захаваць сілу і эластычнасць мускулаў. I кожны раз ён выклікаў сваёй акрабатыкай бурнае захапленне наведвальнікаў заапарка.
Хоць клетка і была даволі прасторная, але разгарнуцца як след Дункан усё ж такі не мог. На волі дарослы леапард робіць вялікія скачкі на тры метры ў вышыню і на тры метры ў даўжыню. Прытым пачынае іх адразу з месца, з зямлі, без разгону.
Вымушаная бяздзейнасць вельмі надакучвала зверу. Ён не ведаў, на што, дзе і як прымяніць сваю сілу і спрыт. Патрэба ў руху павялічвалася з кожным месяцам усё больш і больш. Цяпер гэта быў надзвычай прыгожы звер, вельмі зграбны і гнуткі, у ім адчувалася і магутная сіла, і грацыёзнасць. Выгляд у яго быў высакародны, самавіты і велічны.
Выхаваны ў кватэры чалавека, Дункан адносіўся да людзей прыхільна, не праяўляў варожых намераў, а Алене Аляксандраўне быў па-ранейшаму адданы і заўсёды радаваўся, калі яна прыходзіла да яго. Характар у Дункана быў спакойны і роўны, хаця ўвогуле гэтым вялікім кошкам больш уласцівы неўраўнаважанасць і частая змена настрою.
Дункан па-ранейшаму любіў дзяцей. Калі тыя набліжаліся да яго, звер заўсёды радаваўся, хваляваўся, падыходзіў да кратаў, муркаў і глядзеў добрым, ласкавым позіркам.
У заапарку падумвалі аб тым, каб аддаць Дункана ў навучанне. Няхай утаймавальнік дзікіх звяроў навучыць яго розным фокусам цыркавога майстэрства, да якога Дункан праяўляў відавочныя здольнасці.