Некалькі разоў спрабаваў леапард прабрацца ў заапарк, але нарэшце страціў надзею. Баючыся шуму і руху на вуліцах, ён трымаўся яшчэ некаторы час у ярах, але ноччу пайшоў у лес, які блізка падступаў да горада.
Мінулі суткі, другія, трэція.
Па-ранейшаму ніхто і нідзе яго не бачыў. Ніхто пра яго нічога не чуў. Вядома толькі, што ў ваколіцах горада знікла некалькі сабак. Усхваляваныя і спалоханыя спачатку жыхары паступова супакоіліся. Дункана пачалі забываць.
Жыццё ў лесе
Прайшло яшчэ некалькі сутак, пасля таго як Дункан пачаў жыць самастойна. Ён прызвычаіўся да лесу, да свайго новага спосабу жыцця. Зіма ў тым годзе была мяккая, з частымі адлігамі, вільготнымі заходнімі вятрамі і невялікімі маразамі.
…Дункан ішоў па снезе, але не адчуваў холаду. Бацькі яго былі родам не з Афрыкі і не з Індыі, а з Прыморскага краю. Яны не баяліся ні снегу, ні холаду, бо ў іх на радзіме, на Далёкім Усходзе, клімат суровы і зменлівы. Там, ва Усурыйскай тайзе, у вялізным Сіхотэ-Алінскім запаведніку, прырода Поўначы дзівосна спалучаецца з прыродай цёплых і вільготных субтропікаў. Там растуць побач яліна, сасна, бяроза, кедр і маньчжурскі арэх, піхта і бархатнае дрэва, ліяна і вінаград. Разам з ваўкамі і мядзведзямі вядуцца тыгры і леапарды, собалі і дзікія свінні, глушцы і фазаны. Там часта бывае то холадна, то горача, суха і спякотна, то ліюць цэлымі суткамі зацяжныя дажджы, дзьмуць безупынна моцныя вятры з Ціхага акіяна, то валіць густы мокры снег ці пануе люты мароз.
Не баяўся ўсяго гэтага і Дункан. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькоў здольнасць лёгка і хутка прыстасоўвацца да рэзкіх і нечаканых змен у надвор’і. Сам таго не ведаючы, малады леапард вярнуўся да прывычнага спосабу жыцця сваіх родзічаў. Інстынкт замяняў яму веды, якія ён мог бы атрымаць ад бацькоў ва ўмовах звычайнай жыццёвай практыкі.
Тут, у лесе, ніхто не збіраўся яго карміць, і Дункану давялося самому дбаць аб тым, дзе і як знаходзіць ежу. Пасля здарэння з сабакам на гарадской ускраіне ён здолеў удала развіць і ўдасканаліць гэты свой першы вопыт. Некалькі дзён галоднага і паўгалоднага жыцця навучылі Дункана самастойна здабываць сабе корм.
Леапарды маюць выключна востры зрок і слых. Яны добра бачаць і чуюць, але ў іх амаль адсутнічае нюх. Яны не могуць паляваць пры дапамозе нюху. Каб знайсці здабычу, каб на яе напасці, леапард павінен яе пачуць і ўбачыць.
Звяры гэтыя любяць свежае мяса, але калі даводзіцца галадаць, то яны гатовы жэрці ўсялякую падліну. Дункан гэтак і рабіў. З голаду еў усё, што магло папасці на зуб. На дарозе ён падабраў здохлую курыцу, якая незадоўга перад тым трапіла пад машыну. Не прапускаў і сабаку, калі падбіраўся да чалавечага жылля, але такія выпадкі здараліся не так ужо часта.
У натуральных умовах звычайнай здабычай леапарда з’яўляюцца чацвераногія жывёлы. Асабліва ахвотна палююць леапарды Усурыйскай тайгі на дзікоў, а іх далёкія родзічы ў спякотнай Афрыцы і Індыі — яшчэ і на малпаў. Але дзе ты знойдзеш малпу ў беларускім лесе? Дзікі тут, праўда, вядуцца, але далёка не ўсюды.
Калі не было нічога лепшага, Дункан не адмаўляўся нават і ад зайцоў, вавёрак, мышэй і птушак.
Як і ўсе яго родзічы ў тайзе і джунглях, ён любіў хавацца ў лясной глухмені і адпачываў там увесь дзень, а на паляванне выходзіў пры вячэрнім змроку. З месца на месца перасоўваўся таксама пераважна ўначы.
Спачатку трохі пагаладаўшы, Дункан навучыўся неўзабаве знаходзіць сабе здабычу ўсюды і праяўляў пры гэтым і спрыт, і нязменную цярплівасць, і знаходлівасць.
Паляўнічыя хітрыкі
Свае першыя паляўнічыя практыкаванні Дункан пачаў, мы ўжо ведаем, на сабаках. Неўзабаве, пасля таго як ён выбраўся з горада ў лес, давялося яму блізка падысці да хаты на ўскраіне прыгараднай вёскі. Ён усё яшчэ любіў трымацца недалёка ад чалавечага жылля і часта блукаў, асабліва на світанні, каля вясковых хат. Здаралася часам і так, што праяўляліся навыкі, набытыя ў няволі, сярод людзей, і тады ён блукаў і днём.
Каля хаты наводшыбе Дункан убачыў белага сабаку з чорнымі плямамі. Сабака быў ад яго на даволі вялікай адлегласці. Падабрацца да яго бліжэй — цяжка і небяспечна. Дункан ляжаў у кустах і доўга назіраў за сабакам.
Гэта было хоць і вялікае, але зусім яшчэ маладое, нявопытнае і не вельмі разумнае стварэнне. Сабака шукаў і не знаходзіў сабе цікавага, вартага занятку. Ён гойсаў без пэўнай мэты і сэнсу па заснежанай палянцы, якая аддзяляла сад каля хаты ад лесу, разграбаў неглыбокі снег і дакопваўся да зямлі, чхаў і нешта вынюхваў, марна ганяўся за варонамі і вераб’ямі, качаўся на спіне.