— Ты, вядома, не той чалавек, які мне патрэбны, — сказала яна яму аднойчы. — Ты разумееш, той, каму я аддала б сябе ўсю, павінен быць перш за ўсё вышэйшы за мяне ва ўсіх адносінах. Я павінна была б увесь час адчуваць над сабой яго разумовую і фізічную перавагу. Яго разуменне мастацтва павінна быць беззаганным. Яго душэўныя рухі павялі б мяне за сабой. Гэта павінен быць чалавек, які вылучаецца сярод усіх астатніх. Ты разумееш? А што ты сабой уяўляеш? У цябе ёсць некаторыя здольнасці, але гэта і ўсё. Гэтага мне замала.
Праз некаторы час Андрэй атрымаў вестку пра тое, што ягоны бацька, які жыў у Тулузе, цяжка хворы. Андрэй паказаў Саламеі тэлеграму ад доктара і сказаў, што ён павінен ехаць у Тулузу і прыйшоў з ёю развітацца. Яна зірнула на яго сваімі сярдзітымі вачыма і сказала:
— Няўжо ты думаеш, што ў такія хвіліны я пакіну цябе аднаго? Няўжо ты мог сумнявацца ў тым, што я паеду разам з табой? Ты прадставіш мяне твайму бацьку як сваю нявесту.
Яна сапраўды паехала з Андрэем у Тулузу і правяла там два месяцы, пакуль бацька Андрэя не памёр ад раку печані. Яна праявіла незвычайную самаадданасць, не адыходзіла ад ложка хворага, не спала начамі — калі пасля пахавання, яна вярнулася ў Парыж, Андрэй быў гатовы зрабіць для яе ўсё, што б яна ні захацела. Я падумаў тады, што ён праўду казаў мне аднойчы, што Саламея здольная на ўсё, і ўчынкаў яе нельга прадбачыць.
Ён неяк сказаў ёй, набраўшыся адвагі: — Ты лічыш сябе разумнейшай за ўсіх, каго ты ведаеш? — Не, — сказала яна. — Сябе я не лічу асабліва разумнай. Я толькі лічу дурнымі іншых, ва ўсякім выпадку — многіх.
— Акрамя таго тэарэтычнага чалавека, які табе быў бы патрэбны?
— Акрамя гэтага чалавека, — сказала Саламея.
— Яна заўсёды лічыць, што робіць усё правільна і жыве менавіта так, як трэба, — сказаў мне пасля гэтага Андрэй, — і пераканаць яе ў іншым нельга.
Я ведаў пра яе тое, чаго не ведаў Андрэй. Тое, што адбылося ўчора, ні да чаго не абавязвала яе сёння. Нейкая значная частка душэўнага жыцця ў яе была проста атрафіраванай. У яе не было ўспамінаў. Сённяшні дзень, з надыходам цемры, сыходзіў у нябыт, і тое, што адбылося за гэты дзень, пераставала для яе існаваць. Яна вельмі любіла музыку, хоць была цалкам пазбаўлена музычнага слыху і не магла адрозніць адну мелодыю ад другой. Паслядоўнасць гукаў прыводзіла яе ў стан незвычайнага душэўнага ўзбуджэння. Але запомніць гэтыя гукі яна не магла. Яна забывалася на іх гэтак жа, як забывалася на свае пачуцці і сваё ўласнае жыццё і жыццё тых, хто быў з ёй звязаны і хто сыходзіў у мінулае, аб якім у яе не заставалася ўспамінаў.
***
Саламея і Андрэй пражылі разам некалькі гадоў. Яна шмат разоў з’язджа-ла і сыходзіла ад яго, ён пасылаў ёй тэлеграмы, доўгія, як лісты, затым яна вярталася, і ўсё пачыналася спачатку. Потым прагрымела вайна, Андрэй быў абілізаваны ў войска.
Перад тым, як нямецкая армія заняла Парыж, Саламея знікла. Андрэй быў у палоне ў Германіі. Я чуў ад аднаго з нашых таварышаў, што Саламея апынулася на поўдні, прыняла актыўны ўдзел у партызанскім руху, выйшла быццам бы ў час вайны замуж за яўрэйскага банкіра, адмовілася выехаць з ім з Францыі — і была забітая падчас сутычкі партызанскага атрада з фран-цузскай міліцыяй. Яе пахавалі ў брацкай магіле, недзе недалёка ад Манпелье.
Андрэй даведаўся пра гэта, вярнуўшыся з палону.
Я не бачыў яго каля дзесяці гадоў. Калі я выпадкова сустрэў яго ў Пары-жы, не адразу пазнаў: ён пастарэў, злысеў, змяніўся. Але ён пазнаў мяне. Мы ўвайшлі з ім у кафэ, гэта было на Вялікіх бульварах. Ён адразу загаварыў пра Саламею, сказаў, што ездзіў шукаць яе магілу і не знайшоў.
— Нават гэтага суцяшэння ў мяне няма, — сказаў ён. — Як яна загінула, пра што думала ў апошнія хвіліны, чыё імя ўспамінала?
— Ты быў на вайне, — сказаў я. — Як можаш ставіць такія пытанні? Ты ведаеш, што ў гэтых абставінах людзі часцей за ўсё не паспяваюць ні пра што падумаць і не згадваюць ніякіх імёнаў.
— І мяне не было побач з ёй!
— Гэта не твая віна.
— Навошта я цяпер існую, я не вельмі ведаю.
Каб перамяніць размову, я задаў пытанне, што ён робіць. На яго твары з’явіўся выраз агіды.
— Што такое? — спытаў я.
— Я шчыра шкадую, што не загінуў там, як загінула яна, — сказаў ён. — Я вяду ганебнае жыццё.