тактак
нешта з паважным выглядам крэсліў у сябе ў блакноце асадкай, пукаціў чорныя, ухілістыя вочы і зноў казаў
тактак
і яна ў думках ужо зняважліва звала яго Тактакам і разумела, што спадзявацца на яго ці на які закон дарэмна, бо Тактак збольшага растлумачыў ёй, што тыя першыя бежанцы ўжо прапісаліся праз гарвыканкам і набылі нават грамадзянства, і каб даказаць, што яны гандлююць наркатой (а яна ўсё часцей заўважала, як да чужынцаў звярталіся маладыя дзяўчаты і хлопцы, а апошнім часам і падлеткі, і некаторыя з іх так спяшаліся, што карысталіся шпрыцамі прама на вуліцы, за плотам), трэба сур’ёзныя доказы
тактактак
тлумачыў ёй участковы і адводзіў вочы, у яго ўжо з’явілася іншамарка, ён увесь час некуды спяшаўся, і яна канчаткова дапяла, што ніхто не паварушыць і пальцам у яе абарону, бо суседзі, што жылі далей па вуліцы, займаліся кожны сваім і рабілі выгляд, быццам навакол нічога не адбываецца, і заставалася адно — прасіць парады і, магчыма, дапамогі ў брата Данілы, які калісьці жыў тут, разам з ёй, і тады быў невялікі правінцыйны горад Янаўск (такі ён, дарэчы, і застаўся) і была сям’я, а цяпер яна засталася ў гэтым Янаўску адна: хіба даўнёнка можна лічыць за памочніка, меркавала яна і з жахам чакала кожнай ночы, бо начамі, як ні дзіўна, актыўнасць прышэльцаў узрастала: рыкалі маторы аўто, нехта прыязджаў ці, наадварот, ад’язджаў, даносіліся ўвесь час чыесьці галасы, крыкі, а то па садзе нехта хадзіў, яна была ўпэўнена, што часам і заглядвалі ў вокны, але чамусьці асабліва страшылася яна па начах хляўка ў глыбіні саду, ля самага паваленага плота, свайго хляўка, адкуль ужо неаднойчы знікалі то рыдлёўка, то граблі, то што з інструмента мужа-нябожчыка, а пільнаваць усё гэта яна не магла, і ніякія замкі тут не дапамаглі б, яна была ўпэўнена, пасля таго, як купіла адзін такі ў гаспадарчай краме і навесіла, але ён знік разам з клямкай на другую ж, здаецца, ноч, і яна зразумела, што захаваць тут нічога немагчыма, але, тым не менш, трэба было, бо насоўваліся восень і зіма, а з надыходам халадоў ёй неабходна было апальваць дом, хіба дзеля даўнёнка, дзеля таго, каб неяк жыць далей, бо яна ведала, што адказвае за гэта безабароннае жыццё, анягож, і ў думках хацела толькі аднаго — каб аднойчы яна прачнулася і ўбачыла, як згінулі, праваліліся скрозь зямлю нахабныя чужынцы, гэтая набрыдзь, але пакуль усё заставалася па-ранейшаму, бо ў тым хляўку не толькі выкруцілі лямпачку і адарвалі провад, а і ўвогуле звечара станавілася вусцішна, нават дзіка, бо аднойчы, калі яна пайшла туды са свечкай, каб адшукаць сокавыціскалку, і запаліла тую свечку сярнічкай, то раптам агеньчык патух, быццам з-за пляча яе нехта яго задзьмуў, і жанчына спачатку анямела ад незразумелага ёй жаху, а потым кінулася да дзвярэй і апамяталася толькі ў хаце, і шкадавала, што няма тэлефона (яшчэ не падышла яе чарга, хаця, як настаўніца, яна мела нейкія нязначныя прывілеі), гладзіла па галаве даўнёнка, які, хоць і было позна, чамусьці не спаў, і гаварыла
у доме павінен жыць мужчына, інакш гэта не дом
а даўнёнак, які церабіў старую цацку і пазіраў убок, сумна ўсміхаўся і паўтараў у прастору перад сабой
ПіляПіляПіля
і тут яна канчаткова вырашыла паведаміць брату, але не званіць яму, не прасіць прыехаць неадкладна, а проста напісаць ліст, у якім хіба што збольшага прыгадаць пра ўсё тое, што адбывалася тут з ёй, і папрасіць парады, што ёй рабіць далей, і на другі дзень выбрала час, знайшла канверт, аркуш паперы і пачала выводзіць словы
«Дабрыдзень, Даня…»
і надоўга задумалася, але потым рашуча працягвала пісаць, пакуль не напісала ліст і не заклеіла яго ў канверт, а даўнёнак сядзеў побач і казаў
ДаняДаняДаня
бо акрамя пчол, восаў, якія, дарэчы, ніколі не кусалі яго, розных раслін, мошак, жаб і птушак ён любіў яшчэ яе і свайго дзядзьку Данілу якога зваў, як і яна, памяншальна — Даня, і голас яго радасна зазвінеў
ДаняДаняДаня
казаў ён, а яна ківала хлопчыку галавой і думала пра тое, як ёй пакінуць яго аднаго, пакуль яна ходзіць у краму, бо цяпер, хаця і лета і ў яе адпачынак, а значыць, што дзіцё пры ёй, але яна апошнім часам стала ўсяго баяцца, а гэта ўжо зусім не жыццё, калі ўвесь час у галаве, нібы цвік, адна і тая ж думка