сын Ігнат перабіў
якраз нічога не разумею, што ў вас там, ва ўсіх дах паехаў?
Даніла Прусак сказаў таропка, бо следчы Кузін ужо выказваў прыкметы нецярплівасці
гэта ж твой брат, кроў у вас адна, паўтары: «гэта мой брат…»
сын Ігнат зноў пачаў незадаволена гугніць — то была яго звычка, набытая, магчыма, з генамі цесця-палітрука
брат, брат, ды што ты там усё цямніш, што здарылася ўрэшце, растлумачыць не можаш?
і тут далонь следчага з вузлаватымі пальцамі, якія заканчваліся шырокімі, плоскімі пазногцямі, націснула на рычажкі, і ў слухаўцы шчоўкнула і стала ціха, а следчы Кузін сказаў незадаволена, нават раздражнёна
ну, цяпер бярыце крэсла, сядайце бліжэй да стала, і будзем, так бы мовіць, працаваць на вашу і маю карысць
і мужчына пасунуўся з крэслам, выцер мокры ад поту лоб бруднай насоўкай, якую выцягнуў з кішэні, і нечакана спытаў у следчага Кузіна, быццам дапытвалі таго
а як, дарэчы, ваша імя і па бацьку?
а той паморшчыўся, але адказаў
Іван Адамавіч
і хацеў яшчэ нешта дадаць, але Даніла Прусак працягваў — ён нібы скінуў нябачны ўнутраны цяжар, дазваніўшыся да сына
найперш чым разам працаваць, як вы зараз выказаліся, мне б хацелася высветліць некаторыя моманты, у прыватнасці, як вы, вы асабіста адносіцеся да тых прышэльцаў, што запаланілі ледзь не ўвесь горад, вы ж таксама грамадзянін, супляменнік, як і я, прамы ці ўскосны, а кожнае племя павінна абараняць сябе і кожную сваю асобу ад ўварвання чужынцаў, хаця б па прынцыпу тэрыторыі, хіба не так?
гаварыў ён механічна, як самнамбула, інстынктыўна адчуваючы, што намацаў нейкі патаемны канал, нейкую нябачную кропку, але следчы Кузін перапыніў яго, сказаўшы з крывой сваёй усмешкай
у нас усе людзі роўныя, гэта па-першае, а па-другое, пытацца тут буду я, мы адхіляемся ад вашай справы
але Даніла Прусак не пагадзіўся
людзі, можа, і роўныя, ды паводзяць сябе яны па-рознаму, але калі на ваш стол я вось зараз ногі пакладу, то што вы на гэта скажаце, — што людзі роўныя?
гаварыў ён таропка, бо следчы Кузін са сваёй неакрэсленай усмешкай ужо рыхтаваўся перабіць яго, і таму мужчына спяшаўся і працягваў
вы ж, пэўна, ведаеце, хаця б ад вашых інфарматараў, што гэтыя з намі роўныя, як вы кажаце, людзі крадуць і забіваюць, гандлююць наркатой, разбэшчваюць малалетніх дзяўчат, выкідваюць з могілак косці нашых продкаў, дзе хаваюць пасля сваіх нябожчыкаў, дураць і падманваюць вяскоўцаў, распаўсюджваюць хамства і распусту, дабіваюцца прывілеяў праз хабар
але следчы Кузін раптам грукнуў далонню па стале і спыніў
чытайце, што я тут прапаную, і падпісвайце, як абяцалі
але мужчына адкінуўся ў крэсле далей і сказаў
дык вы што, хочаце, каб я свой прысуд пад вашымі фантазіямі сам сабе падпісваў?
тут нібы нябачная заслона абрынулася перад ім, бо ён раптам асэнсаваў тое, што ўвесь час стрэмкай хавалася ў падсвядомасці, і ён закрычаў, не стрымаўшыся — напруга апошніх гадзін выплюхнулася з яго насуперак волі жадання
хіба я не здагадваюся, хто вам хабар дае за тое, што я тут?! за тое, што Клім Фралоў засіліўся? за тое, што забойца сястры маёй, Любы, не знойдзены? за тое, што «дурам» ды «шмалем» як гандлявалі, так і далей гандлююць і будуць гандляваць?
і, пэўна, трапіў у нешта такое, пра што павінен быў маўчаць, бо следчы Кузін аж перамяніўся ў твары, ускочыў свайго месца, адчыніў дзверы і сказаў міліцыянту, што там пільнаваў
зашлюндраўку тую сюды
і праз некалькі секунд з калідора пачуўся жаночы голас, жанчына нешта выкрыквала, а Даніла Прусак чакаў, што будзе далей, калі ўвядуць няйнакш прыхаваную зброю следчага, яго казырную карту — згвалтаваную дачку Манюкі, каго яшчэ, — але яна павінна адразу сказаць ім, што ў яго, Данілы Прусака, і тых, хто яе гвалціў, няма нічога агульнага, тут суцэльнае трызненне, не інакш, і дзверы адчыніліся, і ў пакой упіхнулі гарадскую клікушу Алесю, і следчы Кузін з робленай шчырасцю падсунуў ёй свабоднае крэсла, а тая ўбачыла Данілу Прусака і сказала, закрываючы рукамі азызлы твар з сіняком пад вокам
я ж цябе папярэджвала, Данііл, хутчэй з’язджай адсюль, а ты не паслухаўся
але следчы Кузін не даў ёй дакончыць
а скажыце зараз, грамадзянка Наравішына
пачаў ён, а Даніла ўспомніў, што прозвішча Алесі-Вольгі Наравішына
што адбылося два дні таму на гарадскім пляжы; як вы сустрэліся там з вашым былым аднакласнікам, грамадзянінам Прусаком, і што там далей здарылася