Выбрать главу

і Вольга-Алеся ўзняла апухлыя, у чырвоных прожылках ад таннага алкаголю і недасыпання вочы і сказала

        навошта ты такое зрабіў, Данііл? хіба я цябе не перасцерагала, што тут усё мёртвае?

не зважаючы на тое, што следчы незадаволена замахаў рукамі і выціснуў, пагрозліва і ўжо зневажальна звяртаючыся на «ты»

        гавары тое, пра што пытаюць, прашмандоўка, маць тваю

і жанчына загаварыла, палахліва пазіраючы на следчага Кузіна, як яна прыйшла на гарадскі пляж, як сядзела ля ракі, куды потым прыйшоў яе знаёмы Даніла Прусак з малым хлопчыкам, пляменнікам, а потым прыехала машына з тымі людзьмі, яна іх не ведала, і як яны там выпівалі

        і твой знаёмы піў?

спытаў следчы Кузін, кіўнуўшы на Данілу, і твар у яго зрабіўся нібы ў дробнай драпежнай жывёлы, якая рыхтуецца скокнуць на сваю ахвяру, але жанчына не падтрымала яго

        не

сказала яна

        п’яным я яго ніколі не бачыла, а ведаю даўно, у школе, памятаю, вучыліся

але следчы Кузін абарваў яе

        гавары па сутнасці, а не пра школу, раскажы — біў ён на пляжы чалавека ці не, і як?

і Вольга Наравішына таропка пацвердзіла, залашчваючыся перад следчым; пульхныя і нямытыя і таксама ў сіняках і драпінах рукі яе нервова мацалі пашарпаны край стала, а былая прыгажосць — валасы — пасівелымі пасмамі звісалі з вострага цемені, а яна гаварыла

        так, біў, палку з сабой узяў, здаецца, я ж прасіла — не хадзі

тут Даніла Прусак заўважыў, звяртаючыся да следчага Кузіна

        мне было б дзіўна, каб вы разбіраліся сапраўды па сутнасці, а так…

пачаў ён і ўсміхнуўся іранічна, — ён увогуле паспакайнеў, бо дазваніўся да сына і цяпер імкнуўся не даваць волю эмоцыям, а следчы Кузін адразу скарыстаў яго словы і спытаў

        дык вы прызнаяце, урэшце, што мелі сутычку з чалавекам на пляжы?

Даніла Прусак адказаў, знешне спакойна, але ўклаўшы ў свой адказ усю пагарду, якая скапілася ў ім за апошні час

        вядома, не

Пасля чаго следчы Кузін сціснуў вузкі рот і некалькі секунд абдумваў вынік, а потым, пэўна, прыняў рашэнне, бо адчыніў дзверы і загадаў вывесці прэч грамадзянку Наравішыну, а калі ў калідоры заціхлі яе крыкі і енк, сеў за стол і палічыў абавязкам растлумачыць

        той удалец, з якім вы на пляжы пазнаёміліся, цяпер у рэанімацыйным аддзяленні гарадской бальніцы, і хаця горшага вы, магчыма, і пазбегнеце, усё роўна наматваецца вам не слаба, так што не буду хаваць — шмат чаго і ад нашых з вамі адносін залежыць, а я абяцаю так усё павярнуць, што вы намнога меншым тэрмінам абмяжуецеся

гаварыў следчы Кузін, гледзячы ўбок, на закратаванае акно, дзе пад слабым ветрам гайдалася пыльная галінка клёна, але Даніла Прусак меркаваў, што ўжо разгадаў гэтага чалавека і не даваў веры ягоным словам, ніводнаму

        вы мяне на спалох не бярыце

адказаў ён спакойна

        у вас і доказаў няма, не, жанчына гэта ўбогая, а дачка таго Манюкі, калі ачуняе пасля сваіх секспрыгод — дык хіба яна не назаве гвалтаўнікоў? хіба не там трэба шукаць?

але следчы абарваў яго і загаварыў гугнява

        ну, няхай, але хіба ў гвалце справа, — маем жа мы паказанні вашай аднакласніцы Наравішынай, а яны аформлены як належыць — вось вам і гамон, трэба ж нам рэагаваць на тое, што пакалечаны вамі чалавек знаходзіцца ў рэанімацыі

а Даніла Прусак сумна ўсміхнуўся і адказаў спакойна: чым больш ён угрунтоўваўся ў сваіх здагадках, тым больш спакайнеў і ўнутрана канцэнтраваўся

        паказанні непаўнавартай суд можа і не прыняць пад увагу, нават наш суд, — вам як юрысту хіба гэта невядома?

трапіў ён у неабароненае месца, бо следчы Кузін засяроджана падціснуў вусны, і ў вачах яго мільганулі іскры непрыхаванай нянавісці, пасля чаго ўсталявалася паўза, і ў гэтай паўзе Даніла Прусак жахнуўся ў думках — па краі якой бездані ён ідзе і як мала добрага чакае яго наперадзе, а калі, крый божа, той мацак-эксгібіцыяніст, які напаў на яго на пляжы, памрэ, — тады след прывядзе толькі да яго, Данілы Прусака, тут ужо яны поўнасцю раскруцяць Вольгу-Алесю, трэба ж было ёй менавіта ў той дзень прывалачыся на пляж, і ў іх цяпер цэлы месяц, каб зламаць яго, а ён у СІЗО навічок, Кузін мае рацыю, хаця Кліма Фралова і сацыяльная прыналежнасць да блатароў не выратавала, — значыць, меркаваў ён, у яго вельмі абмежаваны час на тое, каб выслізнуць адсюль, інакш сапраўды яму гамон, калі ўжо справа пайшла на інтарэс, а інтарэс, пэўна, не малы, бо вакол усяго гэтага вузла круцяцца вялікія грошы, а там, дзе грошы, — там заўсёды здрада і кроў, і дадаў