а час ішоў, і закладнік зрэдку пачынаў крычаць у склепе, ды з вуліцы яго пачуць не маглі, а чуў даўнёнак сваім вострым слыхам і нерваваўся і прасіў
хачудамоўхачудамоў
а потым пачало сутоньвацца, і стары сказаў
ну, цяпер зноў мой выхад і патлумачыў
трэба схадзіць і на свае вочы паглядзець, што там робіцца
запэўніў мужчыну
я там не засвечаны, ніхто на мяне ўвагі не зверне
раптам спыніўшыся, сказаў
я ўсё думаю над вашымі словамі, і ў мяне ўражанне, што мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць тут плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць, бо аднойчы прачнёмся і пабачым, што гэтая набрыдзь паўсюдна, а з другога боку насуперак ёй хіба што вартая жалю кучка дэбілаў, апушчэнцаў, наркаманаў ды самаедаў, якія сваіх жа дачок ім прададуць і апраўданне таму знойдуць
Даніла Прусак паціснуў плячыма і змрочна заўважыў
потым будзем разважаць, а сёння ноччу мы павінны іх адолець
на што стары сказаў
а я вось што яшчэ мяркую: каб не той Чарнобыль, то нам ужо даўно б гамон быў; панаехалі б з усіх бакоў прыхадні, чужынцы ўсякія, і лепшыя землі адабралі б ды захапілі б — дзе хітрасцю, дзе падманам, а дзе і сілай, а так — каму з іх асабліва ахвота ў радыяцыю лезці, а хто лезе — тыя зусім ужо набрыдзь, смецце
гахнуў рукой і пайшоў, а Даніла Прусак сказаў наўздагон
будзьце пільныя, вас могуць вылічыць
але стары ўжо сыходзіў, брамка рыпнула за ім, і прыцемкі засмакталі яго непрыкметную постаць; ён яшчэ бурчэў нешта незадаволена і злосна, а потым глыбей насунуў на лоб кепку і саступіў у цень, што стварылі ад святла ліхтароў дрэвы, і пайшоў далей амаль не хаваючыся, без асаблівай засцярогі, адзначаючы цупкімі вачыма былога лагерніка іншамаркі з чужынцамі, што раз-пораз праносіліся па вуліцах, асвятляючы прахожых і міліцэйскую машыну, якая, пэўна, таксама падключылася да пошукаў, дайшоў да месца, да былой фралоўскай сядзібы, і адразу вызначыў, што манеўр з закладнікам яны разлічылі правільна, укол быў нанесены ў самае безабароннае месца, бо ў самой сядзібе і вакол ішоў «з’ём», — стары не мог памыліцца: вокны і дзверы дома і прыбудовак былі расчынены, адтуль выносілі і выкідвалі рэчы, у паветры стаялі гоман, лаянка, віск дзяцей і жанчын, а на падворку і вуліцы сноўдалі постаці чужынцаў, якія аддавалі загады некалькім нанятым мужчынам і жанчынам з мясцовых, што пераносілі рэчы ў машыны; там-сям на вуліцы стаялі ў цемры купкі людзей і назіралі за ўсім гэтым, а на лаўцы і вакол яе то ўскоквалі і некуды бегалі, то садзіліся зноў і палілі цыгарэты дзяўчаты, і стары пасунуўся бліжэй да іх, правільна разлічыўшы, што ля моладзі пачуеш больш — і больш шчыра, і стаў глядзець і слухаць і чуў, як дзяўчаты перакідваліся ўражаннямі і нерваваліся і выкрыквалі
ай, бля, зірні, яны і праўда едуць!
а потым паказвалі пальцамі і гаварылі
ім загадалі, так
і казалі зноў
а Карым прапаў, не знойдуць
і ківалі ўбок, дзе пад дрэвам стаяла дзяўчына гадоў шаснаццаці ў кароткай белай сукенцы, што не хавала яе цяжарнасці, і, прыціскаючы далоні да твару, плакала то ціха, то больш гучна, і дадавалі
яна ж на пятым месяцы
і адпівалі проста з рыльца бутэлькі і давалі глынуць цяжарнай сяброўцы, суцяшаючы
ну і народзіш, многія раджаюць
а тая адразу істэрычна крычала
не, я не магу без яго!
і ёй соўгалі ў руку бутэльку
выпі, лягчэй стане
а цяжарная выгіналася ўсім целам і са стогнам смактала з рыльца і зноў енчыла
я яго кахаю, так, кахаю
і ёй гаварылі
бедненькая, ну давай цябе ўколем, і ты адразу ўсё забудзеш
і пыталіся
у каго «машына», дзевачкі?
і ўжо даставалі шпрыц, а на старога побач не звярталі ўвагі, быццам ён не існаваў для іх усптрымання, і гэта, апошняе, больш за ўсё ўразіла Антона Кнігу, ён быў нават здзіўлены і спытаў
што тут за разборка, дзяўчаты, можа, патлумачыце?
і яму адказалі нядбайна і на «ты»
усё па жыцці, дзед, хіба не бачыш
і зноў быццам выключылі яго з успрыняцця, нібы жывёлу, і выгульна, а можа, хто і шчыра, ускрыквалі і заламвалі рукі і бедавалі
ай, я таксама не перажыву, дайце глынуць
і пыталіся
у каго бутэлька, дзевачкі?
а стары стаяў і назіраў і ў думках папрасіў, каб усё адбылося так, як яны запланавалі, і каб разысціся з гэтымі людзьмі ціха і без крыві, бо ў яго ў склепе ўсё яшчэ сядзеў закладнік, а ў хаце, як сцятая спружына, ледзь стрымліваў сябе мужчына са зброяй у руках, і стары слухаў увесь гэты дзіўны і несумненны вэрхал адыходу: крыкі, плач, мацюкі, і нібы чакаў яшчэ нейкага знаку, які б засведчыў абсалютную рэальнасць таго, што адбывалася перад яго вачыма, і раптам сапраўды гэты знак быў ім пачуты: прыглушанае чалавечае выццё данеслася да ягонага слыху