Выбрать главу

        тусуй ты адсель на х…, сука старая

спрытна падскочыў да дзвярэй і захлопнуў іх знутры

        бугубудубугуду

яшчэ гугнеў ён там і мацюкаўся, а яна ўжо бегла да веранды, дзе, як ведала, стаяла ў шкапчыку бутэлька з бензінам, адшукала і, не памятаючы сябе, кінулася назад, да хляўка, вырвала зубамі корак і лінула з бутэлькі на дзверы і на сцены, але запалак у кішэні фартука не знайшлося, і яна зноў памкнулася на веранду, а калі вярталася, ўбачыла дваіх — зусім не тых дзяўчыну і хлопца, а іншых падлеткаў, — на яе погляд, з дома, які быў прыбудаваны за фралоўскім: чорнавалосых, у спартыўных касцюмах, адзін трымаў у роце цыгарэту, і ўвогуле падлеткамі іх можна было назваць умоўна, бо яны былі па-мужчынску дужыя і, пэўна, ужо галіліся; і раптоўная здагадка маланкай працяла яе: яны ж чакаюць сваёй чаргі, і стаялі за хляўком з паўночнага боку — там ёсць маленькае акенца, і цікавалі праз яго на тое, што робіцца ўнутры, і рукі ў яе затрэсліся, калі яна выцягвала з карабка запалку, але падлеткі схапілі яе і вырвалі карабок

        ты, бабуля, ішла б дадому

сказаў адзін, а другі толькі засмяяўся

        ты свае адбегала

але раптам дадаў здзіўлена

        ай! яна ж падпаліць хацела!

і піхнуў нагой напалавіну пустую бутэльку на зямлі

        бензін, чуеш?

і яны загергеталі нешта па-свойму, а яна пачала вырывацца і ўрэшце вырвалася з іх учэпістых рук, але тут на фралоўскім падворку бразнула брамка і пачуліся ўсхваляваныя галасы, раптам стала ціха, а потым зноў пачаўся вэрхал, і яна зірнула праз павалены плот і са здзіўленнем убачыла Кліма Фралова, які стаяў у сваім двары і шчэрыў вузкагубы жабін рот, і бровы яго — шырокія і чорныя, зусім як у бацькі-нябожчыка — былі з непаразуменнем узняты, а вакол яго ўжо бегалі, то хапаючы яго за кашулю, то запрашаючы ў дом — разбірацца, і пайшла на веранду, дзе дзіцё даўно чакала яе і адразу пачало свае

        кашыкашыкашы

і яна паставіла на пліту каструлю з вадой, насыпала ў яе рыс, адкруціла вентыль балона і запаліла газ — рукі ў яе дрыжэлі

        зараз, зараз

гаварыла яна хлопчыку, знайшла пачак пячэння

        на вось, пакуль

даўнёнак выхапіў у яе з рук пачак і зашамацеў абгорткай, а яна ліхаманкава думала пра адно — што ёй цяпер рабіць, пакуль не прыехаў Даніла, і што будзе, калі ён прыедзе, — раптам згадалася ёй — што тады будзе: мо яны з’едуць, бо ў фралоўскі дом вярнуўся гаспадар, і нервова хадзіла па верандзе, а хлопчык вымаў з пачка адну пячэніну за другой і смуткаваў

        ПіляПіляПіля

і яна да самага вечара хадзіла каля дома: было горача, даўнёнак упарта не выходзіў, а, пагуляўшы са сваімі цацкамі, скруціўся ў кутку, як шчанё, і заснуў, і ўрэшце сонца пачало закатвацца за цёмную рысу далягляду, і адразу з фралоўскага дома пачулася музыка — уключылі магнітафон з расейскай папсой, загудзелі маторы аўто, якія пад’язджалі і праз нейкі час ад’язджалі

        буруламдамтамдулубам!

        турузамрамшамтубудам!

чула яна, глытаючы таблетку транквілізатара, а потым з фралоўскага дома выйшаў п’яны Клім з цыгарэтай у зубах і, адышоўшы некалькі крокаў да паваленага плота, стаў мачыцца прама на зямлю, але яго зноў павялі, паляпваючы па плячы, у дом, і яна разбудзіла хлопчыка, нагуляла з ім, пакарміла і паклала яго ў ложак, і надышла ўжо ноч, калі яна знайшла свечку, запалкі і рушыла да хляўка, дзе было ціха; яна спынілася ў дзвярах, і зноў пачуццё страху ахапіла яе, але жанчына ступіла ўнутр і пачала ў святле агеньчыка ўзірацца ў цемру, а потым асцярожна пакрочыла наперад, трымаючы свечку ў руцэ крыху збоку, і цемра згусцілася за яе спінай, а затым яна быццам пачула шолах, з-за пляча яе дзьмухнула паветрам, полымя замігацела і пагасла, і адразу цемра агарнула яе.

II. Злачынства

Чалавек па прозвішчы Даніла Прусак выцягнуў з паштовай скрыні канверт, які быў надарваны, бо са скрыняў кралі, пэўна, і гэтым разам праверылі, ці ёсць што каштоўнае, але ліст пакінулі, і мужчына пазнаў почырк сястры Любы, паклаў канверт у кішэню, падняўся да сябе на ліфце, адамкнуў ключом дзверы кватэры, дзе жыў апошнім часам з сынам, бо жонка з’ехала, каб даглядаць сваю хворую маці, і мусіла заставацца з ёю ўжо да канца, як яны і вырашылі перадусім; яна часам тэлефанавала з далёкага, на паўночнай мяжы, горада і, пасля кароткіх пытанняў, звычайна гаварыла з трывогай: