ты толькі не запі там
быццам ён запіваў — такога ні разу не здаралася, — і калі ён запэўніваў, што не збіраецца, крыху супакойвалася і дадавала
ужо патрываем, Даня, даруй
і вось цяпер мужчына сеў у крэсла і пачаў чытаць ліст — цішыня агортвала яго, і сястра спачатку паведамляла звычайнае, а потым пра хлопчыка, і тут мужчына па прозвішчы Даніла Прусак пацмокаў вуснамі і сказаў уголас
лепш бы яму не бачыць гэты свет, бо тут часам здаровыя ў сіло лезуць
і пахітаў галавой, бо неяк асабліва шкадаваў і любіў даўнёнка, як свайго крэўнага, за незвычайную дабрыню, рахманасць і даверлівасць, нібы ў свойскай жывёлы, і чытаў далей ліст, у якім сястра быццам збілася на другаснае, але тут пачыналася незразумелае, думкі яе нібы ахапіла ліхаманкай, хаця яна стрымлівала сябе, і ён перачытаў абзац усярэдзіне, які выклікаў у яго неспакой і дзе гаварылася, што
«…засяліліся побач чужынцы, ніхто іх раней не бачыў, — набрыдзь, панаехалі да іх яшчэ ўсякія, паводзяць сябе непрыстойна, ужо не ведаю, што і рабіць, бо не маю сіл абараніць сябе і хлопчыка, ты б параіў што, Даня, ты ў сталіцы, ведаеш больш, а я простая настаўніца, тут у нас стала зусім дзіка, мне страшна…»
потым склад пісьма стаў больш роўны, але быццам хвароба ўжо выявіла сябе, ён адчуў гэта і, ведаючы стрыманы характар сястры, зразумеў, што ёй сапраўды блага ад нечага незразумелага яму, і вырашыў узяць адпачынак (яму былі вінны тыдзень яшчэ за мінулы год) і неадкладна паехаць, а пакуль паведаміць пра гэта сыну, які якраз адчыніў дзверы і буркнуў нешта замест прывітання і кпіў нязлосна
а, ты дома, хм, так, нешта рана, светла ж яшчэ, ці гэта такая будучыня надышла светлая, а мо цябе скарацілі?
быццам незадаволена гаварыў яго васемнаццацігадовы сын Ігнат, скідаючы красоўкі і куртку, і Даніла Прусак, як неаднойчы апошнім часам, уважліва зірнуў таму ў твар і зноў убачыў яго недахопы: вузкія плечы, слабы падбародак, тонкую шыю і, што з часам усё больш насцярожвала — шырокі, бясформенны рот цесця, былога палітрука, камісара: знешняе падабенства станавілася ўсё больш яўным і злавесным, у глыбіні душы ён ведаў гэта і адганяў брыдкія думкі, хаця ўсё было, ён прадчуваў, так, а можа, будзе і горш, а сын прапанаваў
ты б паесці зрабіў, ці як, а то растучаму арганізму трэба шмат калорыяў
і Даніла Прусак не стаў спрачацца, каму гатаваць ежу, а сказаў
Люба, цётка твая, ліст даслала, пэўна, у яе там праблемы ўзніклі, трэба з’ездзіць, недалёка ж, дзве гадзіны на электрычцы, ты ж памятаеш, ездзіў…
быццам апраўдваўся, а сын чамусьці ажывіўся, вочы яго бліснулі ледзь не радасцю, і згадзіўся: пэўна, прыкінуў свае інтарэсы
едзь, я ўжо тут сам
і, як заўсёды, невядома было, пра што ён сапраўды думае, а мужчына сказаў напаўжартоўна
адзін жа застанешся, а гора аднаму, калі ўпадзе і другога няма, каб падняць яго маючы на ўвазе радкі з Эклезіяста, якія раптам успомніў, але сын Ігнат зразумеў па-свойму і, зачапіўшыся за словы, сказаў у адказ
падняцца зараз — умець трэба, але нейкая купіна пад нагамі павінна быць, інакш не ўзляціш і працягваў з намёкам
са мной у групе сын калгаснага брыгадзіра вучыцца — невялікая быццам купіна: брыгадзір, а штурхае добра, бо і ежы ў яго нашчадка хапае і прыкінуты, як трэба, і ў кішэні зашамацець ёсць
але Даніла Прусак абарваў
ты думай пра вучобу, радуйся, што здаровы, малады, што ногі лёгкія, не інвалід, што дзеўкі ўвагай не абмінуць, дый хіба ў тым сэнс, каб шамацець?
раптам сумна ўсміхнуўся ён, а Ігнат бурчэў
сэнс, сэнс, усе пра адно і тое ж, а які сэнс, калі няма за што рукі зачапіць?
і ўключыў тэлевізар, утаропіўшыся ў экран, на якім мільгацелі адзін за адным рэкламныя кліпы, і вузкагубы яго рот крывіўся
шмат з вашага сэнсу карысці
пасля чаго Даніла Прусак зрабіў вячэру і адразу стаў збірацца на заўтра, а потым пачало сутонець, а затым надышла ноч, і ён усё абдумваў: у чым раніцай паедзе, у якой вопратцы, як, на якім транспарце да вакзала, а там ужо на электрычцы, а потым думкі перакінуліся на сям’ю — на жонку, да якой апошнім часам быў амаль раўнадушны, і сына, які нават постаццю і паходкай усё больш нагадваў таго цесця-камісара, жонка часам гаварыла яму насуперак, што вось тата быў неблагі і яго кахалі жанчыны, і ён заўсёды здзіўляўся, як такога сухога і дурнаватага функцыянера маглі кахаць, хіба за бліскучую вайсковую форму — розныя там пагончыкі, гузікі, пятлічкі, ці за што-небудзь іншае — гіпертрафіраваныя геніталіі, напрыклад, і ледзь не плюнуў у ложку, бо не любіў і не паважаў таго, і стаў думаць пра гарадок, куды заўтра паедзе, дзе нарадзіўся і часам бываў, і гарадок той таксама быў яму не даспадобы, хіба што вабіла рака, якая цякла паблізу, але і яе за апошнія тры дзесяткі гадоў загадзілі, засмецілі безгустоўнымі будынкамі на берагах, адкідамі з заводаў, і ён доўга ляжаў у цемры са сваімі думкамі, слухаючы, як нарастаў шум рухавікоў за вакном