Выбрать главу

        ррррррррррррррррррр

а потым гук паступова заціхаў, толькі праз паўзы ажываў стары халадзільнік на кухні

        ўжыўжыўжыўжы

і звыклая туга і сум авалодалі ім, але тут ён заснуў ізноў; ужо ў сне, пабачыў раптам тую раку, быццам ён плыў па ёй на хісткім чоўне, голы і, вяслуючы, усё трывожыўся пра тое, як ён голы выйдзе на бераг, пэўна, яму ж сустрэнуцца людзі, але раптам прачнуўся і ляжаў у ложку, а потым задрамаў зноў, ва ўсю раўлі ўжо маторы на вуліцы, але сон быў павярхоўны, неглыбокі, і — калі ён прачнуўся другі раз — трэба было збірацца, ён памыўся, апрануўся, ускінуў на плячо сумку і сказаў сыну, які якраз выйшаў са свайго пакойчыка,

        ну, нашчадак, я на дзень, два знікаю, пазваню, калі што, ты ўжо тут сам воз вязі, грошы я пакідаю, прадукты ёсць, жыві.

Сын кіўнуў — ён быў яўна задаволены, пэўна, намеціў ужо прывесці дзеўку нанач, а пры бацьку саромеўся, падумаў Даніла Прусак і выйшаў у раніцу, а потым нейкі час ехаў у перапоўненым тралейбусе па маршруту да вакзала, урэшце вылез і апынуўся, нягледзячы на ранні час, у моры чалавечых цел, пакуль стаяў у чарзе па білет, і потым таксама, калі сеў у засмечаны вагон, дзе, нягледзячы на цеплыню, нямытыя вокны былі шчыльна зачынены, і так ехаў, сціснуўшы вусны і заплюшчыўшы вочы, не зважаючы на праходзячых убогіх і жабракоў, толькі адзіны, быццам нязначны выпадак выклікаў у яго пахмурную цікавасць — калі гандлярка газетамі, кабета гадоў трыццаці пяці — сарака, пэўна, з жонак якога былога ці яўнага вайскоўца, скуластая русачка з чорнымі фарбаванымі валасамі і ў спартыўным абцягваючым трыко, раптам пасунулася да купкі крыклівых і брудных цемнатварых жанчын, пэўна, аднекуль здалёк, выхапіла з рук адной з іх дзіцёнка, яшчэ больш бруднага, смаркатага і, пэўна, вашывага, і з радасцю, ледзь не з захапленнем на твары, прабегла з ім у канец вагона і потым назад, пры гэтым жанчыны змоўклі і назіралі за ёй, а тая закружыла дзіцё на руках у праходзе, прамаўляючы з робленай ці, можа, шчырай пяшчотай па-расейску

        уй, какіе мы холосенькіе, правда, правда мы холосенькіе

а потым аддала яго жанчынам — яны ўжо быццам усміхаліся, і Даніла Прусак зноў заплюшчыў вочы, доўга раздумваючы пра тое, што бачыў, і так даехаў да патрэбнай яму станцыі, дзе пакінуў свае месца, яшчэ праз вакно выхапіўшы вачыма шыльду над будынкам вакзала

        ЯНАЎСК

што азначала назву гэтага сярэдніх памераў раённага цэнтра, такіх гарадоў ён пабачыў за свае жыццё нямала, але гэты ведаў больш за ўсіх, бо нарадзіўся і жыў тут даволі доўга, і, як заўсёды, на некалькіх прыпынках стаялі паныла купкі людзей, швэндаліся бамжы, а ўбаку, ля крамак, дзяжурылі дзве маладыя прастытуткі, і адна з іх беспамылкова пазнала ў ім прыезджага і заўсміхалася, выставіўшы наперад далоні з растапыранымі пальцамі, што азначала, пэўна, лічбу — дзесяць даляраў, і ён не стаў чакаць аўтобус, пайшоў пешшу, бо вакзалы заўсёды наганялі на яго трывогу, а да дома, дзе жыла сястра Люба, было з паўгадзіны хады, прахожыя ішлі яму насустрач, а то і абганялі, гучна прамаўляючы паміж сабой, значна гучней, чым у сталіцы, а то часам брыдкасловілі, пускаючы ў паветра дымкі цыгарэт і адкідваючы прама пад ногі ці ў бакі недакуркі

        так яго і разгэтак

чуў ён і паволі ішоў далей, удыхаючы паветра, і паветра тут было нават горшае, чым у сталіцы, думаў ён, разглядаючы рэдкія вітрыны і прыцэньваючыся — варта купіць што-небудзь для даўнёнка, — але раптам заўважыў на тратуары аднакласніцу Алесю, якая раней была звычайная школьніца з пышнымі прыгожымі валасамі колеру спелага жыта, гэтыя валасы, падумаў Даніла Прусак, і саслужылі ёй дрэнную службу, бо ў горадзе неяк пабудавалі новы завод, вядома, ваеннага прызначэння, але ў адным з цэхаў дзеля камуфляжу пачалі распрацоўваць бытавыя прыборы, у тым ліку і фен для валасоў, і на вокладку ўпаковачнай каробкі спатрэбіўся рэкламны здымак маладой дзяўчыны — вось яна і трапіла на вока фатографу, і выява яе галавы з распушчанымі валасамі з’явілася на каробках з фенамі, а потым гэтыя здымкі пачалі наклейваць маладыя вадзіцелі на свае грузавікі

        АЛЕСЯ

чыталі гараджане на скрынях з фенамі і на кабінах машын, якія вадзілі чырванашыія ўчарашнія армейцы, а потым у правінцыйны гарадок завітаў сталічны кінарэжысёр, які здымаў тут царкву і мост, і паабяцаў зняць у фільме Волечку: яе сапраўднае імя было Вольга, і яна хадзіла да рэжысёра ў гасцініцу, а потым, калі той з’язджаў назад у сталіцу, спрабавала засіліцца — звычайны «тэатральны суіцыд», і вось цяпер яна ўбачыла Данілу і адразу пазнала яго (заўсёды пазнавала), памяць яна мела надзвычай учэпістую, пераходзіць на другі бок вуліцы было позна, і Даніла Прусак сказаў