Выбрать главу

А калі пазнаў у іх сваё аблічча

I сваіх канонікаў і подпіс

Прачытаў на камні: «Люцыян Таполя»,—

Быццам гром ударыў у Сямашку.

Слугі вывелі яго пад рукі,

Ледзь жывога у палац завезлі.

Дзесяць дзён хварэў Сямашка-біскуп

I крычаў, каб прывялі Таполю.

На дзесяты дзень памёр світаннем.

А Таполі след згубіўся недзе.

Колькі год яго шукалі ўсюды

Стражнікі,

Манахі,

Езуіты.

Толькі дзе прачуюць, што з'явіўся

Надзвычайны ўзор яго майстэрства:

Скрыпка, новы вытканы узор,

Вобраз дзіўны,

Песня ці батлейка,

Цацкі з дрэва, з гліны ці паліва

(Бо на ўсё Таполя майстрам быў),—

Налятуць пякельнай чорнай зграяй.

Ды ніяк злавіць ім не ўдалося майстра.

Жыў Таполя

I вучыў людзей майстэрству,

Можа, сто, а можа, болей год.

Бо ў народзе,

Як ў прадвечным лесе,

Дзе ты знойдзеш дрэва, ад якога

Шум вясны пачаўся?

Дзе ты знойдзеш!