Выбрать главу

— Ігар Аляксеевіч, вы даўно былі ў Мінску? — спыталася Зінаіда, спадылба бліснуўшы сваімі чорнымі вачыма, калі па крутым пясчаным схіле яны пачалі спускацца ад дома да ракі.

— Чатыры, не, пяць дзён, як адтуль. Па справах, — Дамажыраў шматзначна кашлянуў, — быў у артылерыйскіх майстэрнях.

— Як там наша гімназія? — Зінаіда ўздыхнула. — Здаецца, вечнасць там не была. Хаджу каля гэтай ракі, слухаю песні п'яных мужыкоў, гляджу, як гуляюць у карты казакі, а сама ў думках там. У нас класная дама, Маргарыта Францаўна, золата, а не жанчына. Мы яе аднойчы ноччу напалохалі — абкруціліся прасцінамі і выйшлі на калідор. Што было! Адлівалі вадой бедную Маргарыту.

Яна засмяялася, паслізнулася на крутым схіле, і Дамажыраў падхапіў яе пад руку.

— А то, бывала, збярэмся ў спальні, зачынімся, запалім свечкі і ўсю ноч молімся за нашых воінаў, каб даў ім бог перамогу над германцамі. Цішыня, аж у вушах звініць. Саб'ёмся ў кучу, сядзім, молімся, плачам, і, здаецца, бог нас чуе — вось-вось святлом незямным усё азорыцца і спусціцца ён да нас з нябёсаў. А нядаўна ў нас афіцэрык паранены быў. Такі прыгожанькі, чорненькі. Вусікі чорненькія, мяккія, аж рукой пакратаць хочацца...

— Я таксама заўтра еду на фронт. — Дамажыраву не хацелася, каб прыгожая гімназістка так доўга і з такім запалам гаварыла пра нейкага чорненькага афіцэрых.

— Ой, Ігар Аляксеевіч, вас жа таксама могуць там параніць. — Зінаіда шырока расплюшчыла вочы, заміргала доўгімі вейкамі.

— Мяне могуць там забіць. — Ён горда ўзняў галаву, расправіў плечы і на імгненне нават паверыў, што яму ў сэрца ўжо ўпіўся кавалак гарачага свінца. Яму падумалася: «Я ляжаў бы на спіне, раскінуўшы рукі, над зямлёй бы поўз парахавы дым, а гэтыя тонкія рукі, гэтыя далікатныя пальцы гладзілі б мой лоб...»

— Не трэба так жартаваць... Я вас прашу. — Зінаіда спынілася і глядзела яму проста ў вочы.

— А я не жартую, Зінаідачка... Абавязак мужчын, калі яны сапраўдныя мужчыны, з мячом у руцэ бараніць родныя мірныя хаты. Толькі б чакаў хто-небудзь мужчын з бітвы... — Ён галантна пакланіўся і далікатна пацалаваў тонкія пальцы гімназісткі. Яна зачырванелася, але па ўсім было відно, што ёй прыемна. «Яблычак падае ў руку», — самазадаволена падумаў Дамажыраў.

Яны стаялі над самай ракой. Каля ног усхліпвала вада, па-восеньску цёмная і цяжкая. Быў у гэтай вады нейкі сталёвы і алюмініевы водсвет, як прыкмета часу, што вёрстаў за сто адсюль па захад грукатаў гарматамі і бомбамі, палымнеў крывавай лініяй фронту. Да ракі спускаўся казак, расхрыстаны, без шапкі. Вёў паіць каня. Вецер гуляў чорнай барадою і русым чубам. З-пад ног казака і каня сыпаліся дробныя каменьчыкі, плёхаліся ў ваду. Казак паглядзеў на Дамажырава з Зінаідай, шматзначна хмыкнуў. Дамажыраў пабляднеў, сказаў як плюнуў:

— П'янае рыла! Усіх трэба гнаць на фронт. Пад кулі! Зажэрліся ў тыле...

Але казак не чуў ягоных слоў, спакойна паіў каня, расчэсваў далонню рыжую конскую грыву.

— Як яны песні спяваюць! — сказала Зінаіда, гледзячы ў бок казака. — Самі грубыя, валасатыя, мядзведзі на конях, а галасы такія звонкія, чыстыя, як анёльскія. Слухаеш, і плакаць хочацца. Так, здаецца б, у неба і паляцела б разам з песняй...

Дамажыраў паблажліва ўсміхнуўся:

— Так-то яно так, Зінаіда Андрэеўна, але ж песнямі, прабачце, вайну не выйграеш. Закуём сэрцы ў жалеза. Хай нашымі песнямі будуць толькі малітвы аб перамозе над ворагам.

Ён адчуў, што словамі супроць казака трошкі збянтэжыў чуллівую гімназістку і з усіх сіл стараўся жартамі і напускной бадзёрасцю выправіцца. Зрабіць гэта яму ўдалося даволі лёгка.

У дзве гадзіны абедалі на другім паверсе дома, на верандзе, якая ўжо была зашклёная на зіму. Акрамя Дамажырава, Гайкевіча і Зінаіды за сталом сядзеў казацкі сотнік Панкратаў, стомлены лысаваты чалавек, з сінім шрамам цераз усю шчаку, з трохі сіплаватым гучным басам, які так не стасаваўся да яго дробненькай фігуры. Сотнік выпіў, расчырванеўся, махаў, як шабляй, відэльцам, палохаючы гэтым Зінаіду. Відаць было, што ён вельмі ганарыцца сваім басам.

— Мы данцы, — у такт словам узмахваў відэльцам Панкратаў. — Данцы — малайцы... Кубанцы і церскія — гэта не казакі... Зброд... Хахлы... Ім бы спаць на сене і сала з салам есці... Я з трох гадкоў у сядле. Як сябе помню, ужо шабляй лазу сек. Вось так — г-г-гы-ых!— Ён рэзка махнуў відэльцам і, страціўшы раўнавагу, паваліўся грудзьмі на стол. Зазвінелі, захісталіся чаркі.

— Брава, есаул, — хаваючы насмешку, запляскаў у далоні Дамажыраў. — Вашаму майстэрству апладзіруюць нават чаркі.

— Дык напоўнім іх яшчэ раз, панове. — Гайкевіч узяў пузаты, з сіняга шкла графінчык, спрытна наліў усім, акрамя Зінаіды.