Выбрать главу

— Не вучыце мяне, — вызверыўся Панкратаў. — Ён у мяне сам папросіцца...

Але Іван не папрасіўся, абмяк, страціў прытомнасць.

— Давай наступнага, — цяжка дыхаючы, сотнік стукаў па халяве бота бізуном.

Усе зразумелі, што другому мужыку давядзецца яшчэ горш, таму што сотніку хочацца, чаго б гэта ні каштавала, пачуць словы мальбы і прыніжэння.

Антон стаяў як аглушаны. Свіст бізуна, кроў, што тонкімі струменьчыкамі цякла па Іванавай спіне, спацелы, бледны, як у мерцвяка, твар сотніка, яго незразумелая жорсткасць — усё здавалася страшным сном. «За што ён так б'е? За дубка?» — халадзеючы ўсім целам, думаў Антон.

— Мы заплоцім за дубок...У мяне дзед памёр... — паўтараў ён адны і тыя ж словы, калі яго пачалі прывязваць да бярозы. Усе маўчалі. Сотнік нецярпліва круціў у руках нагайку.

Кожная клетачка Антонавага цела ўздрыгвала і крычала: не трэба!

Раптам ён падкаціў вочы, галава хіснулася, адкінулася ўбок.

— Цьфу! — Сотнік аж тупнуў нагой, — Казлоў, цягні вядро вады. Трэба асвяжыць гэтага малайца...

Рыжабароды Казлоў пабег па ваду, і ў гэты час на двор маёнтка ўехалі простыя сялянскія калёсы, у якія быў запрэжаны вялізны конь нязвыклай масці, рабы, увесь у чорных і белых плямах. З калёсаў жвава скокнуў малады чалавек, танклявы, з попельна-русай бародкай. Твар чысты, смуглы, з сонечным пылам загару, што захаваўся ад летніх дзён. Шыя абкручана тоўстым пярэстым шалікам, на плячах — салдацкі шынель, на нагах — жоўтыя амерыканскія чаравікі. Ён абабіў з шыняля саламяную пацяруху, ускудлаціў далонню русявы чуб на галаве, падбег да Гайкевіча і цмокнуў яго ў шчаку. Спытаўся, здзіўлена агледзеўшыся наўкола: * Іі

— Што тут адбываецца?

— Хто гэта? — шапнуў Дамажыраў на вуха Зінаідзе.

— Гэта мой брат Аркадзь.

Твар яе засвяціўся, яна падбегла да брата, абвіла яму шыю рукамі. Ён пагладзіў яе чорныя валасы. Зноў спытаўся ў бацькі:

— Што тут робяць усе гэтыя людзі?

Глянуў на Антона, прывязанага да бярозы, на Івана, што стагнаў, лежачы на зямлі, усё зразумеў, падышоў да сотніка, вырваў з ягоных рук бізун.

— Не смейце іх біць! Як вам не сорамна!

Панкратаў кальнуў яго вострымі вачыма, у якіх яшчэ гарэла злосць.

— Вось як? А хто ці што забароніць мне здзерці шкуру з гэтых рабаўнікоў?

— Хаця б тое, што ў Петраградзе — пераварот. Уладу ўзялі бальшавікі.

Гэтая навіна ўразіла ўсіх, нават Панкратава, які забыўся пра свой бізун. Быццам рассунуліся далягляды, расступіліся змрочныя хмары, і ўсе трывогі і турботы неабдымнай стомленай краіны ўварваліся на гэты брудны цёмны двор нечаканым промнем сонца, што апякаў сэрцы: каму страхам, каму надзеяй.

— Не можа быць, — хвалюючыся, загаварыў Дамажыраў. — Вы нешта наблыталі. А як жа Аляксандр Фёдаравіч і князь Львоў? Не можа быць... — Ён раптам засмяяўся дробненькім дрыготкім смехам.

— Я не жартую, — спакойна сказаў Аркадзь Гайкевіч. — Я толькі што з Бабруйска. Учора там атрымалі радыё з Петраграда. Керанскі ўцёк. Міністры арыштаваны і сядзяць у Петрапаўлаўцы. Урад узначаліў Ленін... — Ён павярнуўся да бацькі: — Мне трэба з табой неадкладна пагаварыць. А гэтых хлопцаў, якім пан сотнік так старанна размалёўваў спіны, зараз жа трэба адпусціць. Аднаго я ведаю...

Аркадзь падышоў да Антона, пачаў развязваць вяроўку. Антон павольна расплюшчваў вочы. Са страхам чакаў, што зноў убачыць перад сабой перакошаны гневам твар сотніка. Але добрыя вочы са спачуваннем глядзелі на яго. Хто ж гэта? Нешта дужа знаёмае было ў гэтым твары і ў гэтым голасе. «Аркадзь Гайкевіч, — успомніў Антон. — Сын аканома...» Гады два назад яны пазнаёміліся, калі Антон летам хадзіў у маёнтак касіць сена. Потым Аркадзь даваў яму чытаць кніжкі.

— Дужа баліць? — пытаўся Аркадзь, спрытна распутваючы вяроўку.

— Мяне яшчэ не білі. — Антону пасля ўсіх хваляванняў захацелася раптам заплакаць, уткнуўшыся галавой у плячо гэтаму хлопцу, якога быццам неба паслала ў такую страшную часіну.

— Што ж ты такое зрабіў?

— Хацеў дубка спілаваць каля Чорнага ляда. Дзед наш памёр, і няма яго ў чым хаваць...

— Гэта мы ўладзім. Бяры свайго каня і едзь дамоў. А пад вечар зноў прыедзеш сюды ў маёнтак. Знойдзем дошак... У бацькі ёсць добрыя дошкі. — Аркадзь глянуў на Івана, што ляжаў пластом на зямлі. — А гэта хто? Твой сябар?

— Гэта Іван Міхейчыкаў. Падсабляў мне ў лесе. Яго вось гэты, — Антон кіўнуў галавой у бок Панкратава, што, стоячы непадалёку ў коле казакоў, нешта з імпэтам даказваў, — збіў да паўсмерці...

Аркадзь падышоў да Івана:

— Жывога месца на спіне не знойдзеш... Трэба яго тут пакінуць. Раны няхай трошкі загояцца.