Выбрать главу

Антон адразу згадзіўся. Так, няхай Іван пабудзе ў маёнтку, тут добры догляд, тут ён акрыяе. Сам жа хуценька пачаў збірацца дадому, далей ад усіх гэтых людзей. Стаялі, чакалі, як ён, Антон, пачне курчыцца і енчыць пад бізуном. І толькі адзін знайшоўся сярод іх, хто ўступіўся, пашкадаваў, зразумеў.

— Ну і даў лататы гэты мужычок, — засмяяўся Дамажыраў, калі сціхла ляскатанне Антонавых калёсаў. — Цяпер дзесятаму закажа ў чужы лес хадзіць...

Яны ішлі ў дом — Зінаіда, Дамажыраў і Аркадзь. Старэйшы Гайкевіч застаўся на двары, гаварыў з казакамі. Адтуль даляталі ўзбуджаныя галасы.

— Прабачце, я вас не пазнаёміла, — спахапілася Зінаіда. — Гэта, я ўжо казала, мой брат Аркадзь, а гэта, — яна лёгка дакранулася да рукі Дамажырава, — Ігар Аляксеевіч Дамажыраў. Гасцюе ў нас перад ад'ездам на фронт.

Аркадзь і Дамарыжаў глянулі адзін аднаму ў вочы і зразумелі, што сябрамі не будуць. Але, як робіцца ў такіх выпадках, усміхнуліся, пакланіліся, моцна паціснулі рукі.

— Дык, кажаце, бальшавікі верхаводзяць у Петраградзе? — Дамажыраў, відаць, усё яшчэ не верыў навіне. — І колькі ж часу яны думаюць пратрымацца на белым кані?

— Гэта трэба ў іх спытацца, — спакойна адказаў Аркадзь. — Ленін за неадкладны мір. Значыць, усе франтавікі і ўсе сяляне будуць за Леніна.

— А вы, прабачце, якой партыі? — Дамажыраў хуценька глянуў на Аркадзя.

— А я, і не пытаючыся, ведаю: вы земец — значыць, кадзет. Так? Праўда, вашаму Львову не пашанцавала. Не вельмі прыемна з Зімняга палаца трапіць проста ў Петрапаўлаўскую крэпасць.

— Вы што ж — радуецеся гэтаму?

Гайкевіч-малодшы не адказаў, не дужа ветліва перарваўшы размову, звярнуўся да сястры:

— Калі думаеш ехаць у Мінск?

Зінаіда, незадаволеная тым тонам, якім брат размаўляе з прыгожым дасціпным госцем, надзьмула губы:

— Я хоць сёння гатова ехаць. Але Мамон не пускае, просіць кожную раніцу, каб яшчэ на дзянёк засталася...

Аркадзь усміхнуўся. Мамон, бог грошай, — так, начытаўшыся кніжак па палітэканоміі, называў ён калісьці свайго бацьку. Бач ты яе, страказу, — запомніла.

Яму захацелася зрабіць для сястры нешта прыемнае. Ну, вядома, трэба, відаць, памірыцца з гэтым земгусарам, бо ён ужо закружыў галаву наіўнай гімназістцы.

— Зінаіда, — сказаў Аркадзь. — Мне трэба пагаварыць з бацькам, а потым мы ўсе пакатаемся на лодцы.

Зінаіда запляскала ў далоні, заскакала ад радасці:, _ — Ой, Аркадзік, ты — проста цуд.

Яна схапіла Дамажырава за руку, пацягнула на бераг ракі, а Аркадзь пайшоў на двор шукаць бацьку. Той усё яшчэ гаварыў з казакамі. Убачыў сына, скончыў гаворку і заспяшаўся насустрач.

«Не хоча, каб я чуў, аб чым ён гаворыць», — здагадаўся Аркадзь.

Ад такой здагадкі зрабілася не па сябе — і тут, як па ўсёй зямлі, людзі нешта хаваюць адзін ад аднаго, нават ад сваіх родных.

Бацька звёў у адну лінію шырокія жоўтыя бровы, узяў сына пад руку:

— Якім ветрам занесла ў нашы Палесціны?

— Ветрам рэвалюцыі, — усміхнуўся Аркадзь.

— Кінь жартачкі. Я сур'ёзна пытаюся. — Бацька пастарэў, пацяжэў, крыху згорбіўся. Нялёгка, відаць, даецца аканомаў хлеб.

Яны павольна пайшлі па двары, гледзячы пад ногі, думаючы кожны пра сваё. Збоку магло здацца, што ідуць зусім чужыя людзі, такія яны былі непадобныя знешне: Аркадзь — высокі, русы; бацька — нізкі, тоўсты, жоўтавалосы.

З флігеля, дзе жылі парабкі, раптам быццам сыпнулі гарохам — адтуль звонка вырвалася вясёлая прыпеўка:

Барыня, барыня, За што мяне ўдарыла? Ці за бульбу, ці за сала, Ці за тое, што плясала?

— Што гэта там? — здзівіўся Аркадзь.

— У парабкаў вяселле. Я дазволіў пагуляць — потым адпрацуюць у свята.

— І добра яны працуюць?

— Голад — самы лепшы паганяты. Дрэнна працуеш — будзеш з пустым жыватом. Прытым, у мяне ёсць выбар: незадаволеных і крыкуноў я заўсёды магу замяніць ціхмянымі.

Аркадзь глянуў на бацьку, падумаў: «А з цябе, Мамон, нядрэнны крывасмок атрымаўся, а калісьці лібералам быў, Глеба Успенскага і Талстога чытаў. Хутка ж ты заплыў тлушчам...» Уголас сказаў:

— Пазыч рублёў сто. Пасля Новага года аддам.

Бацька быццам не пачуў, паскардзіўся:

— Казакі не хочуць болей заставацца. Сёння пакрычалі-пакрычалі і рашылі ў Ігумен ехаць. Скардзяцца — фуражу мала, кармлю іх дрэнна. Але ўсё гэта — глупства. Баяцца, чэрці, вось што...

— Вядома, будуць баяцца, калі так бізунамі спраўна працавалі, — Аркадзь крыва ўсміхнуўся, ледзь не сказаў бацьку: ты і сам баішся...

Але той прапусціў міма вушэй іронію ў сынавых словах, ішоў, бялеў тварам, горбіўся. Потым глыбока ўздыхнуў, нібы чакаў, каб яму паспачувалі, пашкадавалі яго.