Выбрать главу

— Дзякуй табе за гэта жыццё... Можа, там сустрэнемся.

Ганна ўткнулася яму тварам у плячо, заплакала:

— Ой не сустрэнемся, Лаўрэнка. Закапаюць у зямлю, чэрві з'ядуць — і ўсё...

Ён справіў добрыя хаўтуры па жонцы і па дзецях, наняў у Бабруйску яўрэяў-каменячосаў, якія з дзікіх палявых валуноў высеклі прыгожыя помнікі. Пяць помнікаў паставіў ён. Дзеля ўсіх гэтых выдаткаў прадаў сваю палосу — дзве дзесяціны зямлі — Кандрату Гаранку. І засталася ў яго хатка, сабачка Мурзік і тры курыцы, што сядзелі пад печчу і кожную ноч лопалі там крыламі, сонна варушыліся ў пяску.

Лаўрэн устаў з палацяў, падышоў да лавы, пачаў вадзіць па ёй рукой — шукаць конаўку, каб напіцца вады. Траціць запалкі не хацелася, і ўсё гэта ён рабіў у поцемку. Рука наткнулася на нешта мяккае, цёплае — ён аж уздрыгнуў. Потым успомніў: Цьфу! Гэта ж Мішка Сырамалот, кватарант, прыйшоў учора позна з вяселля ў маёнтку, быў выпіўшы і заваліўся спаць на лаву. Мішка гэты быў далёкі Ганнін родзіч з Арэхаўкі, служыў конюхам у маёнтку. І ягоныя бацькі ўпрасілі Лаўрэна, каб хлопец кватараваў у яго. Лаўрэн згадзіўся, жывая душа ў хаце, дый трохі бульбы і сала плоціць за начлег.

— Мішка, — прасіпеў Лаўрэн, — чаго ты тут разлёгся, чортаў хлопец? Хіба няма ложка? Застудзішся ж. Куды ты вядро з вадой дзеў?

Але Мішка толькі нешта мармытаў і перавярнуўся на другі бок. Лаўрэн не стаў будзіць хлопца, сам знайшоў вядро, напіўся вады. П'ючы, успомніў, што Мішка ўчора слаба стаяў на нагах, быў дужа вясёлы і крычаў: усім царам і падцаркам наступіў канец, у Петраградзе за галоўнага цяпер Ленін і ён усіх парабкоў і яго, Мішку, не дасць у крыўду.

Лаўрэн вельмі ўзрадаваўся, што ўспомніў гэтыя Мішкавы словы.

Многія ў вёсцы чакаюць не дачакаюцца перамены ў жыцці: чакаюць канца вайны, голаду, галечы. Сам Лаўрэн даўно гэтага чакае, хоць ён і няўдаліца, прапашчы чалавек, хоць яму часам жыць не хочацца, як успомніць пра дзяцей і Ганну, што ляжаць у зямлі.

«Каму першаму сказаць пра гэта? — падумаў Лаўрэн. — Ну, вядома ж, Бацюту, кавалю. Ён усё гаворыць, што толькі Ленін дасць сялянам зямлю і волю.

Ну і ўзрадуецца ж Бацюта!»

Ледзь развіднела, Лаўрэн абуў буркі са старымі галёшамі, прывязаў галёшы дротам, каб не звальваліся, накінуў на плечы кажух і хуценька выйшаў на вуліцу, не разбудзіўшы Мішку.

Зямля, як соллю, была абсыпана шэранем. З некаторых комінаў віўся ў неба дым. Але Чмялі яшчэ спалі, бо работы ў полі і на лузе ўжо не было, а снег, каб паехаць у дровы, яшчэ не лёг. Над хатамі, у бледным світальным небе, калыхаліся чорныя ліпы. Яшчэ відны былі слабыя зоркі, але іх ужо змывала з неба, як памялом змятала, халоднае вішнёвае світанне. Недзе ўдалечы маўклівых палёў нараджалася сонечнае ззянне, і ад гэтага на душы было спакойна і прасветлена, быццам ранішняй чыстай расой нехта дужы і вясёлы абпырскаў душу.

Лаўрэн прайшоў па ціхай вуліцы, звярнуў у выгараджаны жэрдкамі завулак, спусціўся ў лагчыну, што зарасла альхоўнікам. Тут, над неглыбокім балоцістым ручаём, які ў вёсцы называлі Гразёўкай, стаяла кузня. Належала яна кульгаваму яўрэю Хаіму Шэрману, але ён хварэў на галаву, жыў у Бабруйску і толькі раз у два ці тры месяцы прыязджаў у Чмялі, каб забраць грошы за арэнду ў Андрэя Бацюты, што працаваў у кузні. Казалі, Хаім раней жыў недзе ў Кішынёве, і там яму ў час пагрому перабілі нагу, спалілі ягоны дом. Калі пры ім нехта раптам крычаў: «Агонь!» — ён бялеў, закрываў твар рукамі і адразу адыходзіўся ад людзей убок.

Кузня была невялікая, з пачарнелай ад часу і дыму гонтай на даху, з вузкім акенцам. Да яе быў прыбудаваны станок — каваць коней.

Яшчэ з завулка Лаўрэн убачыў — свеціцца ў акне кузні чырвоны агеньчык, быццам вока нейкага звера бліскае з цемры. Значыць, Бацюта ўжо там.

Ён адчыніў дзверы кузні, і адразу ў твар яму ўдарыла гарачым паветрам, дымам, пахам гарэлага драўнянага вугалю, звонам жалеза. Белыя воблакі пары плавалі ўсюды.

— Здароў, Андрэй! — весела гукнуў Лаўрэн, асцярожна ступаючы, каб за што не зачапіцца. Толькі праз колькі хвілін ён зразумеў, што не самая ранняя птушка сёння: у кузні акрамя Бацюты і яго памагатага, сына Шэрмана Лёўкі, ужо былі Яўхім Сцепанюга і Людвік Перуноўскі. «Чаго яны так рана прывалакліся? — з нейкай рэўнасцю падумаў Лаўрэн. — Можа, Мішка, п'яная галава, паспеў ужо і ім пахваліцца навіной?»

Але ў кузні, відаць, яшчэ нічога не ведалі, бо твары ва ўсіх былі звычайныя, будзённыя. Гэта падбадзёрыла Лаўрэна.

— Здароў, Лаўрэн, — моцна сціснуў яму руку сваёй мядзведзевай лапай Бацюта.