Выбрать главу

Ён павольна выйшаў з хаты, пастаяў на двары. Ён думаў: «Якую добрую навіну прынёс я сёння Бацюту і ўсім. Як усе ажылі, узрадаваліся. І ўсе паехалі ў маёнтак, хоць у казакоў вострыя шаблі. А я застаўся. Я застаўся, хоць у мяне гора большае за іхняе і яго ніхто нічым не змерыць...» Такія думкі нарадзілі ў душы нейкае шчымлівае шкадаванне да самога сябе, слабога, безабароннага, здавалася, хвіліна-другая — і ён заплача. Але ён не заплакаў, бо слёз пасля Ганнінай смерці ўжо не было. Ён ціха выйшаў з двара, пайшоў па вуліцы. З цёмнага неба ляцелі рэдкія белыя сняжынкі. Быццам недзе патухла вогнішча, і вецер раздзімаў сівы попел. За ім з двара выбег Мурзік, весела гаўкнуў.

— Мурзік, ідзі дамоў, — тупнуў нагою Лаўрэн.

Але сабачка стаў на заднія лапы, віляў хвастом.

— От я табе дам, — Лаўрэн сагнуўся, падняў з зямлі трэску, кінуў ёй у Мурзіка.

Той трохі адбегся, сеў, глядзеў на гаспадара, і вочы ягоныя былі, як чалавечыя.

Лаўрэн пайшоў далей па вуліцы, потым аглянуўся — Мурзік бег следам. І ад гэтай сабачай вернасці і любві пацяплела раптам сэрца, сціснулася ў мяккі камяк, заныла даўно страчанай пяшчотай.

— Ідзі сюды, — пазваў ён Мурзіка, — ідзі, мой беленькі, харошанькі...

І калі сабака падбег, Лаўрэн узяў яго на рукі, пачаў гладзіць.

Так ён ішоў па вуліцы і праз колькі хат убачыў, як на двары стаіць Антон Радзімовіч, сякерай няўмела вычэсвае крыж.

«Гэта ж Ігнат памёр, — успомніў Лаўрэн. — Быў чалавек і патух, як свечка...»

Ён зайшоў на Радзімовічаў двор, убачыў, што рукі ў хлопца дрыжаць.

— Дай памагу, — сказаў Лаўрэн.

Ён узяў сякеру, тапарышча было цёплае ад Антонавых рук, лёгенька цюкнуў па крыжы. Белая трэска ўпала на зямлю. Падбег Мурзік, панюхаў.

«І чалавек, як гэтая трэска, — думалася Лаўрэну. — Крычым: хлеба, зямлі. А прыйдзе дзень — самі ў гэту зямлю ляжам...»

— Ты ж, здаецца, учора ў маёнтку быў, — падняў ён вочы на Антона.

— Ат, і не пытайцеся, дзядзька, — Антон уздрыгнуў, згорбіўся і адышоўся ўбок.

Між тым калёсы, якімі кіраваў Яўхім Сцепанюга, весела грукацелі ўжо на ўскраіне Чмялёў. Трохі ззаду ехаў Перуноўскі. Каля самай крайняй хаткі, нізенькай, небагатай, Бацюта сказаў Сцепанюгу: «Пачакай трошкі, Яўхім», —і саскочыў з калёсаў. Тут ён жыў, быў, як казалі вяскоўцы, у прымах у Тэклі Гарбунковай, адзінокай салдаткі. Гэта яе твар бялеў у акне, гэта яна сядзела ля акна, глядзела на вуліцу і, ён ведаў, чакала яго. Нялёгка заваяваў ён горкае і салодкае шчасце кахаць гэту жанчыну. Чалавек у гадах, суровы, нават грубаваты, ён у глыбіні душы з нейкай трапяткой юначай сарамлівасцю марыў сустрэць на сваім нялёгкім шляху тую, якая змагла б падзяліць з ім радасць і гора, болей гора, бо мала пакуль што радасці выдзеліў яму лёс. Муж яе загінуў у першыя месяцы вайны. Бацюта ведаў: яна кахала свайго мужа, вочы па ім выплакала, як прызнавалася сама. Прыйшла неяк у кузню, ціхая, сумная, папрасіла вілкі паправіць — паламаліся, і нечым чыгуны ў печ ставіць.

«Колькі ж у цябе, Тэкля, Чыгуноў?» —пацікавіўся Бацюта.

Ціха адказала, глянуўшы яму ў вочы:

«Адзін чыгунок...»

«А што, калі я свой чыгунок прынясу... Два будзе», — ён і цяпер, і, відаць, усё жыццё будзе помніць, як сказаў тады гэтыя словы, як, халадзеючы сэрцам, чакаў, што яна адкажа.

Бацюта ўвайшоў у хату, і Тэкля адразу ўстала яму насустрач:

— Можа, паясі?..

— Не, Тэкля, паем пазней. — Ён паклаў руку ёй на плячо. — У маёнтак зараз еду...

— Чаго? — спачатку не зразумела яна. Потым, па Бацютавых вачах, яшчэ па нечым, што было відно толькі ёй, здагадалася, папрасіла:

— Андрэечка, ты ж глядзі — беражы сябе...

— Добра, Тэкля, — адказаў Бацюта.

Ён увайшоў у камору, у куце разгроб старое рыззё, рознае ламачча. Дакапаўшыся да самага ніжняга бервяна каля падлогі, знайшоў белую дошчачку, павярнуў яе ўбок. З выдзеўбленай у сцяне схованкі дастаў загорнуты ў палатно рэвальвер, жменьку патронаў. Патроны высыпаў у кішэню, рэвальвер працёр ад змазкі, схаваў за пазуху.

— Ты ж прыходзь вячэраць, Андрэй, — сказала Тэкля.

Ён нічога не адказаў, толькі кіўнуў галавой, выйшаў на вуліцу.

Калі яны ўехалі ў лес, Сямён-артылерыст спытаўся:

— Скажы, Андрэй, а што з зямлёю бальшавікі зробяць?

— Як што? Зямлю аддадзім тым, хто на ёй працуе, сялянам. Без выкупу.

Бацюта глядзеў уперад, і яго валасы струменіліся пад ветрам.