Выбрать главу

— А ўсе ж гавораць, што трэба чакаць Устаноўчага сходу, што толькі ён, значыцца, гаспадар зямлі. А калі той сход, бог ведае.

— Не ўсе так гавораць, Сямён, а эсэры, сацыялісты-рэвалюцыянеры. Іхні Несцераў у Савеце сялянскіх дэпутатаў у Мінску за начальніка. Але я думаю, нядоўга яму цяпер сядзець там засталося.

Калёсы падскоквалі на каранях, вузкая блакітная палоска неба ззяла ўгары, вецер шумеў у верхавінах дрэў, матлялася на ветры сівая грыва каня, а яны ўсё ехалі, і з кожнай хвілінай набліжаўся маёнтак. Яны не ведалі, што іх чакае там. Але яны ведалі — надышоў іхні дзень, на іхнюю вуліцу, забытую людзьмі і богам, прыйшло свята.

Прыехалі на двор маёнтка, выскачылі з калёсаў, агледзеліся. Усё наўкола быццам вымерла. Вокны на ніжнім паверсе панскага дома былі глуха зачынены аканіцамі. З верхняга паверха, з крайняга акна, палахліва выглядваў нечы твар — белы, маленькі кружочак прыляпіўся да шкла. Мішка пагразіў кулаком — той адразу знік — тузануў Бацюту за рукаў:

— Пойдзем да парабкоў у флігель. Там Іван ляжыць. Здорава яму са спіны крывянку пусцілі...

Пад'ехаў Людвік Перуноўскі. З ягоных калёсаў вываліўся стары Міхейчык, слёзна глянуў чорнымі вачыма:

— Дзе мой сын?

Яму ніхто не адказаў. Усе моўчкі ішлі да флігеля, міжволі азіраючыся, бо з-за кожнага вугла ў спіну маглі ўляпіць кулю. Міхейчык борздзенька бег збоку, як худы малы хлапчук, у якога чамусьці маршчыністы лоб і снежныя ад сівізны валасы.

Мішка бухнуў нагою ў нізенькія чорныя дзверы, усе гуртам увайшлі ў флігель, і на імгненне халадок пабег між лапатак — на лаве каля прасторнай няўклюднай печы, у якой віднеліся закураныя чыгуны і вёдры, сядзелі казакі, чатыры ці пяць чалавек.

«Ну і ўліплі», — падумалася Мішку, але ён нічым не выдаў сваёй разгубленасці, бо заўважыў, што твары ў Казакаў дужа дабрадушныя, мірныя, нават вінаватыя.

Усяго нейкую хвіліну працягвалася маўчанне. Потым самы пажылы з Казакаў, плячысты, са смуглым тварам, на якім сінеў доўгі рубец, узняўся з лавы, чамусьці зняў шапку, падышоў да Бацюты, відаць, здагадаўся, што сярод усіх гэтых людзей ён самы галоўны.

— Грамадзянін начальнік, — сказаў казак, і голас у яго быў мяккі, — адваяваліся мы. Той, каму пралітай крыві мала, падаўся ў бок Бабруйска. Сотнік Панкратаў іх павёў. А мы вось, — ён паказаў рукой на сваіх таварышаў, — рашылі шаблі ў зямлю ўваткнуць. Да сваіх станіц, да жонак і дзетак будзем дабірацца.

— Ну і правільна, — адразу ажыў, павесялеў Мішка, — няма ўжо з кім ваяваць, станіца. Супроць народнай рэвалюцыі не папрэш.

Усе загаманілі, заўсміхаліся, замахалі рукамі, быццам некалькі хвілін да гэтага былі сонным мёртвым лесам, ды падзьмуў вецер, наляцеў віхор і разбудзіў лес.

— Дзе мой сын? — як не закрычаў раптам Міхейчык і, адзіны з усіх, з нянавісцю глянуў на Казакаў.

Пажылы казак увабраў галаву ў плечы, паказаў рукой на яшчэ адны дзверы, што былі прарэзаны каля самай печы:

— Там, за сцяной на саломе, нейкі хлопец ляжыць. Панкратаў з рыжым Казловым яго білі.

Міхейчык, як маленькі злы певень, рынуўся ў гушчу Казакаў, распіхаў іх, плечуком ударыў у дзверы.

Проста на падлозе, уткнуўшы галаву ў салому, ляжаў Іван, голы па пояс. Над ім завіхалася маладзенькая кухарка з маёнтка Матруна Сазанавец, светлавалосая, невысокая, смяшлівая. Яна прыкладвала да чырвонай Іванавай спіны нейкія кампрэсы ці прымочкі. Ёй памагаў казак, таксама малады, з чорным кучаравым чубам.

— Іванька, — укленчыў каля сына Міхейчык, і ягоныя плечы затрэсліся, — чаго ты тут ляжыш, сынок? Што ж яны з табою зрабілі?

Іван рыўком узняў галаву, убачыў аднавяскоўцаў, і пацямнелыя ад болю вочы ажылі. Ён нават спрабаваў устаць, але Матруна не дала.

— Ляжы ты ўжо, герой...

Але Іван усё-такі прыўзняўся, скрывіўся ад болю, аслабела стаў на калені, сказаў, звяртаючыся да ўсіх і ў першую чаргу да Бацюты:

— Новая скура вырасце... Чорт з ёй... Косці, здаецца, цэлыя... Ну і білі, гады.

Ён быў у гэтыя хвіліны такі прыгожы: бледны, асветлены радасцю твар, узнятая ўверх галава з чорнай шапкай кароткіх валасоў, голыя, смуглыя, пакрытыя чорным пушком грудзі.

— Ты, Іван, як Сценька Разін, — глянуўшы на сябра, успомніў нядаўна пачутую песню Мішка Сырамалот.

Яму захацелася зараз — хай сабе баліць! — таксама стаяць на каленях на гэтай калючай жоўтай саломе, і каб плечы ў пісягах былі голыя, і каб усе бачылі: і Бацюта, і Перуноўскі, і, вядома, Матруна.

— Лячыся, Іван, — сказаў Бацюта, — болей цябе ніхто пальцам не кране. Улада цяпер наша.

— Праўду кажаш? — усім сваім знявечаным целам хіснуўся да яго Іван.

— Праўду, — важна сказаў Мішка. — Шуганулі ў Петраградзе міністраў. Разам з крэсламі і партфелямі... — Ён сказаў гэта так, быццам сам асабіста зрабіў такую справу.