Выбрать главу

Правы нямецкі бераг ручая быў высокі, пагоркавы; снег злізала ветрам. Вужакамі спляталіся там траншэі першай лініі абароны. Кузьма бачыў густую непраходную сцяну калючага дроту, не дужа замаскіраваныя воўчыя ямы, бетонныя каўпакі кулямётных гнёздаў. Немцы ўчапіліся ў пагорак надзейна, мёртвай хваткай, як воўк у мяса, і таму адчувалі сябе там па-гаспадарску. Упэўнена плылі ў шэрае зімовае неба тонкія дымкі іхніх паходных кухняў.

Кузьма паварушыўся на сваім карчы, памахаў рукамі, каб разагрэцца. Лепш, вядома, было б прабегчы па траншэі трушком туды-сюды, паскакаць, але траншэя была неглыбокая, а немцы стралялі трапна. І таму ён, адчуваючы, як пруцянее ад холаду, баліць спіна, увабраў галаву ў каляны каўнер, на імгненне заплюшчыў вочы. І адразу ж, здрыгануўшыся, зноў спалохана і паспешліва іх расплюшчыў, бо недзе зусім блізка, як не над самым вухам, грымнула кулямётная чарга. Снег праменным белым струменьчыкам пацёк з бруствера ў траншэю. Кузьма, каб лепей бачыць, трохі прыўзняўся са свайго сховішча.

Кулямёт біў з нямецкага боку. Кулі ўспорвалі снежны цалік, і снег узвіваўся ўгору малюсенькімі мяккімі воблачкамі, якраз так, як бывае, калі ў лузе наступіш нагою на грыб-пухаўку.

З трэцяй роты да іх, у другую роту, проста па полі подбегам ішоў салдат. Быў ён без вінтоўкі — абедзве рукі былі заняты бачкамі з кашай. Як горб, тырчала на спіне зялёная торба, у якой звычайна носяць хлеб. Утуліўшы галаву ў плечы, глядзеў салдат толькі ў адну кропку — сабе пад ногі, быццам у гэтым быў яго паратунак, быццам — узнімі ён галаву, паглядзі наўкол, і адразу наскрозь прашыюць нямецкія кулі.

«Дурань нейкі», — адчуваючы, як страх і разам з тым востры салодкі адчай запаўняюць сэрца, падумаў Кузьма. Уся другая рота, затаіўшы дыханне, глядзела на салдата са сваёй траншэі. А ён раптам спатыкнуўся і, выставіўшы ўперад локці — бачкі не выпусціў з рук, — цяжка паваліўся потырч носам у снег.

— Гатоў, — сам сабе сказаў Кузьма, але салдат трошкі паляжаў, відаць, аддыхаўся і зноў узняўся на ногі. Было відно, што ён хістаецца ад стомы і страшнага нечалавечага напружання. З галавы ў яго звалілася шапка, і жоўта-белыя, як смятана, валасы шкуматнуў вецер.

— Дык гэта ж Сцяпан Шчэннікаў, наш кашавар, — загаманіла другая рота. — Чаму ж ён, сабачы сын, з трэцяй роты нам полудзень нясе?

Усе з яшчэ большай цікаўнасцю — свой жа чалавек ішоў пад кулямі! — пачалі глядзець, што будзе далей. Немцы ці то разгубіліся, ці, хутчэй за ўсё, пашкадавалі героя-вар'ята, толькі іхнія кулі не кранулі Шчэннікава, і неўзабаве ён, як рыба, шырока хапаючы паветра сінягубым ротам, уваліўся ў пярэднюю траншэю. Усе кінуліся да яго. Але фельдфебель Мыльнікаў наліўся гнеўнай цяжкой чырванню, тузануў свісток, што на скураным шнурку заўсёды боўтаўся ў яго на грудзях, крыкнуў:

— Назад!

І першы падышоў да Шчэннікава. Той, прагна, захліпіста сапучы, ірвануў да сваёй непакрытай, белавалосай галавы шырокую сінюю ад холада далонь, адрапартаваў:

— Гаспадзін фельдфебель! Абед у размяшчэнне роты дастаўлены!

На лбе, шчоках і нават на вушах у яго густа ззяў халодны пот.

— Малайчына, Шчэннікаў! Герой! — паляпаў кашавара па плячы фельдфебель. — Будзеш мець георгіеўскі крыж 4-й ступені.

— Рад старацца! — аж узвіўся Шчэннікаў. Мыльнікаў грозна агледзеў сваіх салдат, што стоўпіліся ў вузкім праходзе траншэі, гучна хмыкнуў, сказаў:

— Вось як трэба ваяваць, краты акопныя. Зямлю цалуеце, пузам яе вылушчваеце, а Шчэннікаў пад кулямі ў поўны рост ходзіць.

І, выцершы чорныя вусы насоўкай, свіснуў у свісток:

— На малітву — станавісь!

Прагаварылі-праспявалі «Спасі, госпадзі, людзі твая». Потым хуценька дасталі з-за халяваў ботаў лыжкі, пачалі сёрбаць кашу з салам. Селі, хто дзе мог. Хто на парожнюю зарадную скрынку, хто проста на снег; Кузьма, як уюн, круціўся на сваім карчы. Стараслужачы Сава Лапшын, лепшы сябра фельдфебеля Мыльнікава, паважна дастаў са свайго белага палатнянага ранца — дзе толькі знайшоў такую? — прыгожую пярэстую коўдру, прылёг на яе, смачна крактануў:

— Эх, каб гэта коўдра ды бабай была...

Ніхто не засмяяўся. Лапшыну гэта не спадабалася. Ён лічыў сябе самым дасціпным, самым смелым чалавекам у роце, разам з Мыльнікавым пачынаў службу ў дзесятым годзе, і таму, на яго думку, гэтыя зялёныя навабранцы павінны былі лічыць за шчасце, што ён есць разам з імі, глядзіць на іхнія брудныя фізіяноміі. Лапшын пакруціўся на сваёй коўдры і, каб зноў нешта сказаць, павярнуўся да Шчэннікава, які са шчасліва-блазнаватым выразам на твары сядзеў побач.

— Чаму так мала кашы прынёс?